«Бога праслаўляем, Юр'я велічаем, ой венцы-венцы зялёны бярвенцы»
Старажытны абрад, прысвечаны ўрадлівасці, які традыцыйна святкуецца ў дзень Святога Георгія Перамоганосца і мае назву Юр'е, правялі ў вёсцы Пагост Жыткавіцкага раёна.
![_mg_7202_logo.jpg _mg_7202_logo.jpg](/img/v1/images/_mg_7202_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Сюды ў Юр'еў дзень штогод прыязджаюць журналісты і турысты. Гэты абрад з'яўляецца гісторыка-культурнай спадчынай і ахоўваецца дзяржавай, а таксама рыхтуецца ўвайсці ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ААН. Гэты абрад пагостаўцы праводзяць насуперак недабраслаўленню мясцовага святара, які кажа, што «граблі — гэта не наша свята».
![_mg_7054_logo.jpg _mg_7054_logo.jpg](/img/v1/images/_mg_7054_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Абрад "Юр'еўскі карагод" знаходзіцца пад аховай дзяржавы з 2004 года
Мясцовыя старажылы ўзгадваюць, што святкаванне абраду не спынялася ў Пагосце нават за часамі вайны.
— Тады, канешне, усё было зусім інакш. Зараз нават песні маладыя па-свойму спяваюць: перакладаюць на свой лад, змяняюць манеру выканання, — дзеліцца ўражаннямі пагостаўскі гарманіст.
Зараз жа свята жыве дзякуючы мясцовай жыхарцы Кацярыне Іванаўне Панчэні, якая з'яўляецца асноўнай ініцыятаркай Юр'еўскага карагоду.
— Давайце благаславімся, Бога папросім. Начном свой абрад, штоб гэты абрад нам прынёс ураджай добры. Бо вы знаеце, што і бабы нашыя і мацяры па нашай спадчыне кажды год вадзілі карагода, каб урадзіў ураджай. — прамаўляе Кацярына Іванаўна. — Давайце нарадзім карагода.
![_mg_7153_logo.jpg _mg_7153_logo.jpg](/img/v1/images/_mg_7153_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Жанчыны ўпрыгожваюць святочны каравай, які панясуць у поле, каб Бог даў добры ўраджай
Пагостаўскія жанчыны на Юр’е выпякаюць каравай, збіраюцца ў адной хаце і пачынаюць яго ўпрыгожваць каляровымі стужкамі ды печанымі галінкамі-кветачкамі і спяваць абрадныя песні з просьбамі да Бога, каб даў добрага ўраджаю:
«Урадзі, Божа, жыта на новае летаОй, венцы-венцы, зялёны бярвенцы».
![Выхад шэсця ў поле Выхад шэсця ў поле](/img/v1/images/_mg_7184_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Выхад шэсця ў поле
Потым апранаюць фартух зялёнага колеру на граблі і ідуць у поле, несучы таксама і ўпрыгожаны каравай - як сімвал даніны за будучы добры ўраджай, якога так жадаюць вяскоўцы. Да святкавання далучаецца таксама моладзь. Дзяўчаты плятуць і апранаюць вяночкі з кветак, хтосці з маладых абавязкова бярэ ікону, з ёй узначальвае шэсце і вядзе ўсіх на поле, дзе адбываецца наступная абрадавая дзея — карагод.
![Карагод, у цэнтры якога хлопцы і мужчыны - зярняткі Карагод, у цэнтры якога хлопцы і мужчыны - зярняткі](/img/v1/images/_mg_7257_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Карагод, у цэнтры якога хлопцы і мужчыны - зярняткі
— Абрад гэты дужа загадкавы і архаічны. Сэнс свята заключаецца ў тым, каб выйсці у поле, дзе пасеяна жыта або пшаніца і заклікаць Юр'я (у дахрысціянскі час гэта быў Ярыла), які сваімі прамянямі адчыняе зямліцу ды выпускае расіцу. Ну, а міфолагі кажуць, што гэта дзень шлюблення бацькі-неба і маці-зямлі. Такім чынам, хлопцы, што стаяць у цэнтры карагода, сімвалізуюць зярняткі, якія трэба каб паліў дожджык і прарасціла зямля, — тлумачыць Рэгіна Гамзовіч — абрадазнаўца, якая штогод прыязджае на Юр'еўскі карагод. — Гэты карагод з'яўляецца этнічным сімвалам Тураўшчыны, таму яшчэ носіць назву «Тураўскі карагод». У 2004 годзе яму быў нададзены статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці.
![_mg_7266_logo.jpg _mg_7266_logo.jpg](/img/v1/images/_mg_7266_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Юр'еўскі карагод у полі
— Ну што, папрасілі Бога, давайце хадзем у сяло, павесялім людзей, — заклікае Кацярына Панчэня. — Мяняйце фартуха, з зялёнага на чырвоны, абратна так уходзьце як заходзілі.
Шэсце паслухмяна рушыць тым жа шляхам, што і заходзіла ў поле. Але ўжо пад спевы і танцы — знак таго, што ўсё атрымалася і што ўраджай цяпер дакладна абяцае быць выдатным.
Далей пачынаецца валачобніцтва — абыход вясковых двароў. Каля кожнага таксама танцы і спевы — віншаванне гаспадароў і пажаданне «каб жылося і вялося і каб усе здаровыя былі ў етам гаду».
![_mg_7324_logo.jpg _mg_7324_logo.jpg](/img/v1/images/_mg_7324_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Віншаванне жыхара адной з вясковых хат
— У пагосце зараз
ё дужа цікавая тэндэнцыя калі вяртаюцца дзеці і ўнукі тых, хто ўжо даўно з’ехаў
адсюль, або памёр. — заўважае Рэгіна Гамзовіч. — І важна, каб гэтыя нашчадкі працягвалі захоўваць традыцыі Юр’еўскага
карагоду, як тое рабілі іх бацькі і дзяды.Спевы ды танцы працягваюцца аж да абеду. Свята падыходзіць да сканчэння, а пагостаўцы збіраюцца за святочным сталом і запрашаюць усіх жадаючых абавязкова далучыцца. Кажуць, прысутнасць за сталом і частаванне прыгатаванымі стравамі — знак павагі і пашаны да гаспадароў.