Buben Naruszewicz Baisan выпусцілі свой апошні альбом HAUNTOLOGЎ


Трыа Buben Naruszewicz Baisan вяло актыўную дзейнасць у 2017-2019 гадах да раптоўнай смерці аднаго з удзельнікаў, вядомага імправізацыйнага гітарыста Леаніда Нарушэвіча. Былі запісаныя некалькі альбомаў музыкі з паэзіяй, у тым ліку два — з вершамі беларускага расстралянага адраджэння.

Фота — Ягор Супастатаў

Фота — Ягор Супастатаў

Альбом быў спрадусаваны Уладам Бубенам ужо пост-мортэм, разам з паэзіяй Плоткі ў ім прысутнічаюць вакалізы Нарушэвіча. Назва альбома адсылае да тэрміна «хаўнталогія» — вучэння пра вяртанне і прысутнасць зданяў у зямным жыцці чалавека.

Слухаць альбом на Spotify, Youtube music, Apple music.

Да выпуску альбому музыкі падрыхтавалі адмысловы вершаваны прэс-рэліз.

Бубен Нарушэвіч і Байсан выпусцілі свой апошні альбом (ВЕРШ-РЭЛІЗ)

Першы абзац прэс-рэліза мае лапідарна перадаць інфармацыю:

што? дзе? калі? І нейкая разынка, якая зачэпіць нацыю.

«Бубен Нарушэвіч і Байсан выпусцілі свой новы, апошні альбом».

Суха, не чапляе, клікаць на такое — ў аблом.

Можа быць, гульня словаў: «выпусцілі свой апошні новы альбом»?

Тыпу — новага альбома ўжо болей ніколі не будзе?

Гэта занадта складана.

Нас чытаюць звычайныя людзі.

«Пасмяротны альбом з Леанідам Нарушэвічам, у якім можна пачуць яго вакалізы».

Гэта ўжо цікава, але задоўга для прэс-рэліза.

Напішы жаўцей: «Голас з таго свету».

(саркастычна) Ага, — Бубен, Нарушэвіч і Байсан болей не будуць спыняць планету.

Запісаны ў 2019 годзе,

альбом імправізацыі і вершаў вось толькі зараз выходзіць.

Ён атрымаў назву «Хаўнталогія» —

вучэнне пра тое, як да нас вяртаюцца здані.

Пра тое, што кожны з нас — пара секундаў, калі цемра і святло сустракаюцца на світанні.

Пра тое, што ўсё, што адбываецца — гэта заўжды вяртанне.

Потым — каментар пра нешта цікавае.

Ок, я раскажу вам, як была справа.

Альбом быў заліты ў лютым,

потым пачалася нейкая трасца з дыстрыбутарам.

Нейкія кіламетры перапіскі з AI-розумам (?).

Хаця, можа, я і какетую — бо з чалавецтвам размаўляць ужо сапраўды запозна.

І вось, калі ўжо мы згубілі ўсялякую надзею, сталі думаць пра рознае іншае і шашлыкі ў маі —

«Ну, шэсць гадоў чакаў той альбом, то яшчэ шэсць гадоў пачакае» —

прыйшла вестка, што ён апублікуецца 19 красавіка.

У ноч Уваскрасення. Вось такі гістарычны факт.

У гэтым месцы — паўза, каб падумаць пра вечнае:

пра смерць аўтара, пра жыццё ў тэксце, пра жыццё ў мелодыі.

Пра дарэчнае і недарэчнае.

Далей, па законах жанру, трэба расказаць пра творчыя планы.

Але іх, па зразумелых прычынах, няма. Няма — і файна.

Магчыма, некалькі альбомаў з бэк-каталога таксама дазальюцца на Spotify і іншае,

і праект працягне існаваць у жанры «пад бокам ва Ўсявышняга».

Дзякуем тым, хто быў побач, прыходзіў на канцэрты,

запісваў, здымаў (Ягор, гэта ж ты аўтар фатаграфій на вокладцы?).

Келіх натхнення сканчаецца — я ўжо бачу донца.

Дзядзька Лёня, яшчэ раз дзякуй за час разам.

Гэта было вельмі добра, але вельмі, бляха, мала.

Ён скончыўся па фармальных крытэрах. Але мы — назаўжды нефармалы.

Таму што часу няма і, ясная справа, смерці кропка net.

Лінк на альбом — у першым каментары.

Vibes. Not. Dead.