Бурштынавае сэрца Летувы. З нагоды заўчаснай смерці пісьменніцы Нэрынгі Дангвідзе

Літва 21 сакавіка 2020 года згубіла сваё бурштынавае сэрца. У Вільні сканала літоўская пісьменніца, казачніца, ілюстратарка кніг, паэтка, літаратурная крытыкіня і перакладніца Нэрынга Дангвідзе.

y0zn5hf.jpg

У красавіку пісьменніцы споўнілася б 45 гадоў. Памерла ад раку, з якім змагалася апошнія гады. Праз які мне так і не ўдалося сустрэцца ўжывую з пісьменніцай — нас звязала электроннае ліставанне. І ў тых пасланнях яна жвава цікавілася Беларуссю, беларускай літаратурай і з радасцю пагадзілася на пераклад сваіх казак на беларускую мову. На жаль, пераклады дасюль не завершаныя. На жаль, праз хваробу пісьменніца не змагла далучыцца і выступіць на семінары па фемінісцкай літаратуры, арганізаваным Цэнтрам гендарных даследаванняў ЕГУ. І хоць жывога кантакту не адбылося, сваю памяць пра пісьменніцу не хацелася б проста пахаваць у бяздонным архіве інтэрнэту.
У 2014 годзе пісьменніца выклікала пярэпалах і скандал з сваёй дэбютнай кнігай казак «Бурштынавае сэрца» (Gintarinė širdis). Ужо перад самым выхадам у свет у выдавецтве Эдукалагічнага ўніверсітэту ў Вільні ліст з Сейму ад часткі дэпутатаў і Форуму літоўскіх бацькоў спыніў выхад кнігі, якую абвінавацілі ў «прапагандзе гомасексуальнасці». Кнігу прыбралі з паліцаў кнігарняў, але затое ў віртуальных кнігарнях яна, наадварот, набыла папулярнасць і была імгненна раскупленая. У спрэчнай кнізе казак для дзяцей аўтарка прапанавала розныя дзівосныя гісторыі, героямі і гераінямі якіх станавіліся інваліды, лесбіянкі, геі, цыганы, мігранты, мурыны. З аднаго боку, магічныя казкі былі пабудаваныя нібыта на традыцыйны лад, у якіх спазнаваўся след Андэрсана і братоў Грым, але з другога боку, казачніца сумысля ўводзіла ў гісторыі сучасныя матывы і тэмы. Такім чынам, казкі планаваліся як магічныя, так і сацыяльныя. Так, напрыклад, у дзвюх казках з шасці паўстала тэма гей- і лесбі-шлюбу: у адной казцы каралева бралася шлюбам са сваёй сяброўкай дзяцінства, хоць сваты ёй і прапаноўвалі розных мужчынаў-кандыдатаў.

censure_livre_lituanie.jpg

Проста і даступна размаўляе пісьменніца з дзецьмі ў сваіх тэкстах, распавядаючы ім пра нібыта дарослыя тэмы міграцыі, цкаванне цыганоў, штучнае апладненне ці прымусовы шлюб. Аднак літаратурная цэнзура спыніла выхад кнігі і прапанавала аўтарцы пазначыць на вокладцы ўзроставае абмежаванне (14+), з чым пісьменніца не пагадзілася і падала скаргу ў Еўрапейскі суд па правах чалавека. Рашэння Еўрапейскага суду казачніца так і не дачакалася…
Так скандальна пачалася літаратурная кар’ера пісьменніцы. Паралельна яна пісала вершы, паэмы і рыхтавала паэтычны зборнік. У 2016 годзе аўтарка ўвайшла ў тройку найлепшых пісьменніц і пісьменнікаў, якія пішуць для дзяцей — за сваю другую кнігу «Хлопчык з зоркай на лбе» (Vaikas su žvaigžde kaktoje). У 2018 годзе аўтарка кнігі атрымала прэмію Вітаўтаса Тамулайціса «за важную дзейнасць на ніве літоўскай культуры, за развіццё літоўскай мовы, мастацкай літаратуры для дзяцей, арыгінальны стыль і раскрыццё духоўных каштоўнасцяў».
Насуперак крытыкам сваёй першай кнігі, яна не стала аўтаркай адной кнігі. У другой кнізе аўтарка сфакусавалася на пытанні дзіцячага сяброўства, адзіноты дзяцей і насмешак грамадства з гэтак званых «няпоўных» сем’яў. Зноў мастацкае знітавала казачніца з сацыяльным. Няўжо ў ХХІ стагоддзі поўная ці няпоўная сям’я мае значэнне? Праз такі падзел дарослыя самі маргіналізуюць дзяцей з сем'яў з адным татам ці адной маці, бо гэты падзел нечакана ўсплывае ў школках і садках, дзе дзеці з няпоўных сем'яў высмейваюцца дзецьмі з поўных.
Да ўсяго ў кнізе «Хлопчык з зоркай на лбе» хлопчык застаўся не з маці, а з татам. З татам, які любіць сына і спраўляецца з усім лепей за многіх мацярок. Цікава пры гэтым, што чытачу прапануецца самому дадумаць, дзе ж маці: ці яна памерла, ці сышла, ці яе змясцілі ў вар’ятню, ці, можа, проста яна стамілася ад мацярынства і паехала ў вандроўку вакол свету.
Ва ўсіх тэкстах і дзейнасці пісьменніцы навідавоку фемінісцкае пасланне. Нэрынга не хавала свайго фемінісцкага выбару: напрыклад, ідэалагічна крытыкавала былую прэзідэнтку краіны Далю Грыбаўскайце, але падкрэслівала сімвалічную і педагагічную важнасць таго, што цягам двух тэрмінаў на чале краіны — жанчына. Да ўсяго Нэрынга жыла смела і адкрыта, ніколі не хавала таго, што кахала жанчынаў — у вершах чытаецца гэтае жаданне, але і ўніверсальная складанасць быць разам (Гэта ты? Навошта прыходзіш, калі вымавіць немагчыма — «мы разам»?).
Але перадусім яна любіла пісаць для дзяцей, бо, як пазначала сама, гэта дазваляла ёй сядаць у машыну часу і вяртацца ў той час, калі яна была дзіцёнкам. З дзяцінства ведала, што стане альбо пісьменніцай, альбо лётчыцай. Выбар пісьменніцтва не засмуціў яе, бо ўсе дзіцячыя пісьменнікі, як лічыла Нэрынга, лётаюць і ў прасторы, і ў часе, тады як не ўсе лётчыкі пішуць казкі. Наўмысна пісала сацыяльна-магічныя казкі, бо верыла, што грамадства можна палешыць шляхам простай чытанкі казак дзецям. Але адыходзіла як ад класічных аўтарскіх казак, так і казак фальклорных, бо ў іх заўсёды хаваецца шмат крыўды, і прапаноўвала новыя казкі з новымі героямі, традыцыямі, без лішняга маралізавання і добрымі канцоўкамі для ўсіх.
Няма сумневу, выбар сімвалічна важнага ў балцкай культуры выкапня — бурштыну — для назвы першай і смелай кнігі абумоўлены таксама тым, што ён мае сонечны, цёплы колер, які супакойвае, улагоджвае і сагравае. Насамрэч, бурштынавае сэрца мела сама пісьменніца, якая паспрабавала праўдзіва і адкрыта пагаварыць з дзецьмі, якія ўсё разумеюць і чакаюць ад дарослых праўды. Пісьменніца, якая надзяліла ўсіх сваіх гераіняў і герояў дзівоснымі смалістымі сардэчкамі, у якіх на святле можна заўважыць здаўна патанулых старажытных вусякоў ці раслінкі.