Ці паселяцца прывіды Тахелеса ў Мінску?
Сёння ў мінскай арт-прасторы «Верх» можна будзе адчуць атмасферу андэграўнднага Берліна — наведвальнікаў чакае 6-гадзінны фэст канцэптуальных мастацтваў «Прывіды Тахелеса».
Спецыяльны госць — Марцін Райтэр, былы дырэктар культавай берлінскай арт-прасторы «Тахелес», зачыненай 5 год таму. Напярэдадні фэста Марцін падзяліўся з НЧ думкамі пра андэграўнднае мастацтва ў Берліне, Мінску і свеце.
Тахелес быў кунстхаўзам у Берліне, сквотам, калі хочаце, створаным у 1990-м. Тады ў Берліне была спецыфічная сітуацыя, ён быў троху падобны да сённяшняга Мінска, гэта быў «новы старт» для горада, разумееце? Мінск мне вельмі нагадвае той час, я быў тут 3 разы з 2013-га, калі шпацыруеш па горадзе, то адчуваеш гэты дух — шмат пустых будынкаў, шмат моладзі, якая спрабуе ладзіць нейкія імпрэзы (напрыклад, фэст «Прывіды Тахелеса»).
Будынак Тахелеса быў заняты мастакамі, бо ніхто не ведаў, каму ён належыць. Мастакі адразу ж пачалі працаваць. На Захадзе пануе неолібералізм, тэндэнцыя — прыватызаваць усё, таму ўлады Берліна прадалі інвестарам усю сваю ўласнасць, больш за 25 тысяч квадратных метраў па вельмі нізкім кошце, 16 мільёнаў еўра. Інвестары бываюць розныя: той, хто набыў будынак Тахелеса, рабіў розныя праекты, але не ўсе паспяховыя, і банк забраў будынак за пазыкі. Тады ўступілі ў сілу законы рынка, ужо не было істотна, што хочуць людзі, горад, ці грамадства ўвогуле там бачыць. Мы змаглі працягнуць яшчэ нейкі час (агулам Тахелес праіснаваў 22 з паловай гады).
Даведка: Апошнія некалькі гадоў мастакі ў Тахелесе жылі без ацяплення, а апошнія некалькі месяцаў — без вады і электрычнасці. Сімвалічна гэта сітуацыя паўтарылася падчас падрыхтоўкі да мінскага фэста «Прывіды Тахелеса»: за дзень да імпрэзы ў прасторы «Верх» знікла электрычнасць, аднак, пад поўнач галоўны арганізатар Ілля Сін напісаў у суполцы падзеі: «Tomorrow there will be the light! To anyone who understands...» («Заўтра будзе святло! Для ўсіх, хто разумее…»).
Падрыхтоўка да фэсту
Пасля таго, як Тахелес зачынілі, мастакі раз’ехаліся па ўсім свеце і развіваюць гэтыя ідэі. Немцы былі ў кунстхаўзе меншасцю, склад вельмі інтэрнацыянальны, галоўная мова — англійская. Нехта вярнуўся дамоў, нехта стаў вандраваць… Такія прывіды Тахелеса ў розных краінах. У той жа час, калі казаць пра мінскі фэст, то гэта не другасная, а цалкам беларуская з’ява.
Калі паспрабаваць каротка акрэсліць ідэі Тахелеса, то атрымаецца «Артыстам трэба прастора для вольнай творчасці», «Няма межаў між рознымі відамі мастацтва» і «Мастакі, яднайцеся!». У нас былі і 18- і 80-гадовыя творцы, якія займаліся музыкай, малявалі, рабілі перфомансы — бывала, адначасова. Мастакоў Тахелеса адрознівала адкрытасць, звычайна творцам не ўласцівая. Наведвальнікі маглі зазірнуць у закуліссе, пабачыць, як працуюць мастакі.
Пасля Тахелеса я зноў займаюся ўласнай творчасцю, бо апошнія 10 год у кунстхаўзе даводзілася быць мэнэджарам, што я ўспрымаў таксама як від канцэптуальнай творчасці. Падчас «Прывідаў Тахелеса» можна будзе пабачыць маю выставу з працамі апошніх гадоў. Падчас адкрыцця я распавяду трошкі пра гісторыю, а ў суботу пасля абеда буду ў прасторы «Верх», магу размаўляць з ахвочымі гадзінамі. Я хацеў бы наладзіць дыскусію ў форме круглага стала. Размаўляць пра гісторыю варта, але варта думаць і пра будучыню, што туды ўзяць, бо мы рабілі шмат памылак, і самая вялікая ў тым, што будынак Тахелеса не быў нашай уласнасцю.
Беларускія мастакі маюць магчымасць падумаць пра гэта цяпер, каб атрымаць нейкі будынак ці прастору, якія б ім належалі. Мне здаецца, гэта можна зрабіць праз кантакт з міністэрстрам культуры, які ў Беларусі мае нашмат больш магчымасцей за чыноўніка, што выконвае адпаведныя функцыі ў Нямеччыне. На Захадзе пануе рынак і капітал, вольны той, хто мае грошы. Незаможным людзям сапраўды цяжка.
Часы сквотаў у Берліне незваротна прайшлі. Пустых будынкаў шмат, але калі мастакі паспрабуюць заняць адзін з іх, паліцыя прыбярэ іх за пару гадзін. І так не толькі ў Нямеччыне. Калі паглядзець на Хрысціянію ў Капенгагене, то, па-першае, яна моцна паменшылася ў параўнанні з першапачатковым памерам, а па-другое большасць будынкаў прыватызаваныя жыхарамі, гэта больш не сквоты.
Сувязі між беларускімі творцамі і Берлінам захаваліся. Падчас «Прывідаў Тахелеса» можна будзе пабачыць, што мова мастацтва ўніверсальная, зразумелая незалежна ад нацыянальнасці. Людзі з усяго свету дасюль звяртаюцца да мяне, развіваюць ідэі Тахелеса, па нашых прынцыпах працуе адна з галерэй Турына, ладзіцца фестываль пад Берлінам…
Вялікія магчымасці я бачу ў тым, што сёння ў Мінску шмат моладзі. У 1990-х у Берлін таксама з’язджаліся маладыя людзі з усёй краіны, а потым, са зменай эканамічнай сітуацыі, шмат хто з іх вярнуўся дамоў, «не пацягнуўшы» арэнду жытла. Праз спекуляцыі ўладароў будынкаў некаторыя раёны ў цэнтры Берліна проста стаяць пустымі. Так не толькі ў Германіі, у Венецыі тое ж самае: палацы выкарыстоўваюцца толькі падчас Карнавала, а рэшту года пустуюць, інвестары проста ўвасобілі свой капітал у гэтых будынках.
Я вельмі рады, што палотны Алеся Родзіна выстаўленыя ў Беларусі. Гэта самы вялікі мастак, якога я ўвогуле сустракаў. Не ведаю, як ён гэта робіць, па-мойму, трэба сотні гадоў, каб столькі намаляваць. І гэта з’ява менавіта беларускай культуры! Тое ж магу сказаць пра беларускіх перформераў: нават не ведаючы, адкуль артысты, па манеры магу прыкладна вызначыць краіну іх паходжання ці прынамсі рэгіён.
Галоўны арганізатар «Прывідаў Тахелеса» Ілля Сін, адарваўшыся ад арганізатарскіх спраў, пракаментаваў для НЧ канцэпцыю імпрэзы:
Тахелес мае вялікае значэнне для прадстаўнікоў беларускага сучаснага мастацтва, для мяне асабіста. Галоўную выставачную залу там займалі творы беларускага мастака Алеся Родзіна, якія цяпер можна пабачыць на «Версе». Яны з сябрам Змітром Юркевічам ладзілі ў Тахелесе фестывалі «Дах», куды запрашалі вельмі шмат беларускіх творцаў. Людзі жылі ў цэнтры Берліна, у цэнтры вар’яцтва, якім быў Тахелес, напітваліся гэтым вар’яцтвам, што адлюстроўвалася ў іх праектах. Алесь Родзін называў Тахелес плацдармам сучаснага беларускага мастацтва і ў адрозненні ад іншых мастакоў, што з’ехалі за мяжу і дасягнулі там поспеху, ён рабіў усё, каб папулярызаваць беларускае мастацтва ў Берліне.
Гэты прарыў не асэнсаваны ў беларускай культуры, раней для нас мастацтва асацыявалася з музеем, галерэяй, такімі «стэрыльнымі» памяшканнямі. Гэта ў апошні час з’явіліся месцы кшталту «Верха», лофты… А Тахелес наведвала па тысячы чалавек на дзень, гэта больш, чым любы беларускі музей можа сабе ўявіць. У нас існуе цэлы пласт культуры, ніяк не акрэслены даследчыкамі, які адрозніваецца асаблівай бескампраміснасцю ў дачыненні да камерцыйнага поспеху, папулярнасці.
Напрыклад, Алесь Родзін, імя якога стала брэндам, свядома адмовіўся ад гэтага брэнду і цяпер піша сваё прозвішча «Родзім», фактычна страціў сімвалічны капітал. Нават калі набіваеш імя ў Гугле, пашукавік ужо не будзе «пазнаваць» мастака. Я б назваў гэта «новым андэграўндам». Гэты пласт культуры даўно патрабаваў нейкага вялікага фестывалю, бо маленькіх імпрэзаў хапае. Прыспеў час сабрацца разам, стварыць нейкі эфект сінэргіі, супольнага дзеяння.
Лайн-ап «Прывідаў Тахелеса»:
18.00. Doors open. Пачатак продажу квіткоў. Спакойны і мэдытатыўны агляд выставы Алеся Родзіма «Global Warning/ Global Warming»Галоўная зала:18.30 Адкрыцьцё фэсту і выставы Марціна Райтэра «Лічбавы імпэратыў»19.00 Buben - Naruszewicz — Baisan 19.30 Юрась Барысевіч 19.40 Masque Noir feat. Ільля Сін 20.10 Зьміцер Вішнёў vs. Федзя Жывалеўскі (дарэчы, таксама ўпершыню!)20.20 Zartipo 21.00 Экзарцыстычны Gesamtkunstwerk 21.20 Buben & Nasta Labada 22.00 InZhest 22.30 Travm23.00 DJ Pogodina
Тэатральная зала:18.30 Antara 19.30 Арт-суполка «Няхай» 19.45 Вольга Рагавая 20.00 Kritchev vs. Ban 20.30 Noizov Kov4eg 21.00 Aortha & Goron 22. 00 InZhest22.30 ISM 23.10 VesicatoriaІ гэта яшчэ нават ня ўсё…
Лесвічная клетка — гукавая інсталяцыя Яўгена Рагозіна «Прывіды лесьвііцы «Тахелеса» — увесь час!
Клетка перад уваходам — 19.00 -19.40. Пэрфоманс Канстанціна Мужава «рокофобия. ДОБРАбыт»
Пляцоўка перад уваходам 20.00-21.00 Пэрформанс Аляксандра Зайцава «аЯкс» 21.00-00.00 Фота- і відэаўражанні ад «Тахелеса» ад Волі Качура і Андрэя Дзмітранка. І ўрэшце — сюрпрыз ад экс-тэатра EYE!
Фота аўтара