Цікавыя факты пра Свэна Нурдквіста, а таксама старога Пэтсана і яго коціка Фіндуса
Кнігі пра Пэтсана і Фіндуса прыйшлі на беларускамоўны рынак два гады таму, але ўвага чытачоў да іх толькі павялічваецца. Кампанія Будзьма беларусамі! пазбірала для вас цікавыя факты пра самога пісьменніка і ілюстратара Свэна Нурдквіста, старога і яго коціка, а таксама ўсю серыю кніг агулам.
Напярэдадні Калядаў пабачыў свет зборнік аўдыёкніг па творах Свэна Нурдквіста “Пэтсан і Фіндус” у агучцы акцёраў Купалаўскага тэатра Паўла Харланчука і Ганны Хітрык.
Ганна таксама з’яўляецца аўтаркай музыкі, створанай спецыяльна для аўдыёвыдання. Зборнік складаецца з трох CD, якія ўключаюць усе гісторыі — дзевяць кніг — вядомага шведскага пісьменніка і мастака пра прыгоды старога Пэтсана і яго коціка Фіндуса, што загаварылі па-беларуску дзякуючы перакладчыцы са шведскай мовы Надзі Кандрусевіч. Перакладчыца ініцыявала і каардынавала праект, а таксама прадзюсавала аўдыёвыданне.
Хто такі Свэн Нурдквіст?
Свэн Нурдквіст — шведскі дзіцячы пісьменнік і мастак. Лаўрэат прэміі імя Аўгуста Стрынберга за кнігу “Дзе мая сястра?” (2007).
Нарадзіўся ў 1946 годзе ў шведскім Хельсінборгу. Мастацкую кар’еру распачаў у 1983 годзе, калі перамог з уласным творам “Агатон Эман і алфавіт” у конкурсе на найлепшую праілюстраваную кнігу, арганізаваным выдавецтвам “Opal”. Але сапраўдная вядомасць прыйшла да аўтара пасля “Бліннага торта” — першай кнігі пра Пэтсана і Фіндуса. Ужо 30 гадоў серыя пра старога і яго коціка папулярная ва ўсім свеце. І гэта не дзіўна — спалучэнне арыгінальнага, вясёлага сюжэта і каляровых малюнкаў з вялікай колькасцю дэталек прыцягваюць увагу як дзяцей, так і дарослых. У Беларусі Свэн Нурдквіст таксама вядомы сваімі ілюстрацыямі да серыі кніг шведскай дзіцячай пісьменніцы Юі Вісландэр пра прыгоды Мамы Му.
Жыццё Свэна Нурдквіста напоўненае фарбамі з самага нараджэння. У дзяцінстве ён натхняўся казкамі шведскай пісьменніцы і мастачкі Эльзы Бескаў (Elsa Beskow), у маладосці — своеасаблівымі малюнкамі часопіса MAD. Спачатку будучаму мастаку не асабліва шанцавала — яго спробы паступіць у мастацкія навучальныя ўстановы заканчваліся беспаспяхова. Таму ён спыніўся на Лундскім універсітэце (Швецыя), дзе вучыўся на архітэктара. Пасля заканчэння працаваў год па-спецыяльнасці, пасля — выкладчыкам у Школе архітэктуры, мастаком-рэкламістам, ілюстраваў падручнікі, маляваў плакаты і калядныя паштоўкі.
Акрамя пісьменніцкай і мастацкай дзейнасці Свэн Нурдквіст цікавіцца цяслярствам. Часам ён займаецца мастацкім упрыгожваннем школаў і дзіцячых бальніц.
Пры гэтым, як прызнаецца сам пісьменнік, ён няёмка пачуваецца ў атачэнні дзяцей, таму імкнецца з пазбягаць сустрэчы з імі.
Хто такі Пэтсан?
Калі Пэтсан быў маленькі, ён жыў з мамай, татам і іншымі сваякамі на ферме. Сям’я трымала кароваў, свінняў, козаў, курэй і двух коней. У маладосці ў Пэтсана была нявеста, але яна сустрэла папулярнага дацкага артыста з вусамі і з’ехала з ім у Аўстралію. З таго часу Пэтсан жыве адзін на маленькай ферме. Шэсцьдзесят гадоў яму споўнілася даўным-даўно. Ён любіць быць адзін і не любіць шмат размаўляць. Часам яму было крыху самотна, але пасля таго як з’явіўся Фіндус, усё змянілася: коцік не дае старому магчымасці захандрыць нават глыбокай восенню.
Пэтсан збольшага займаецца гародам, курамі і Фіндусам. Гатуе смачныя бліны (а часам і блінны торт), шакаладныя пудзінгі і імбірнае каляднае печыва.Таксама яму падабаецца бавіць час у майстэрні, корпацца з рознымі цяслярскімі штукамі. Самая складаная канструкцыя, створаная Пэтсанам, — механічны Калядны Гном, які, да ўсяго, можа размаўляць. Стары дасюль не ведае, як ім кіраваць.
Часам Пэтсан і Фіндус ходзяць плаваць у возеры, альбо на рыбалку. Вечарамі Пэтсан звычайна сядзіць на кухні і слухае радыё, п’е каву і разгадвае крыжаванкі, у той час як Фіндус з задавальненнем ляжыць на канапе на кухні.
Хто такі Фіндус?
Фіндус трапіў да Пэтсана шмат гадоў таму: яшчэ кацянём яго прынесла ў кардоннай скрыні суседка старога. Фіндус не памятае ніякіх іншых месцаў, акрамя дома Пэтсана. З Пэтсанам яны найлепшыя сябры. Калі стары хоча пабыць адзін — коцік гуляецца з курамі, але з імі не вельмі цікава: куры ўвесь час забываюцца на правілы гульні.
Фіндус любіць быць у цэнтры ўвагі. Калі з’яўляецца хто-небудзь больш гучны альбо больш заўважны, коцік раўнуе. Аднойчы Пэтсан прыйшоў дадому з пеўнем, які гучна кукарэкаў, і куры пачалі больш цікавіцца пеўнем, чым Фіндусам. Гэта так раззлавала Фіндуса, што ён зрабіў нештачка такое, пасля чаго яму было вельмі сорамна.
Пэтсан — адзіны чалавек, які разумее мову Фіндуса. Але Фіндус, у сваю чаргу, разумее, што кажуць людзі. Ён таксама можа размаўляць з мюкламі — маленькімі, увесь час нечым занятымі істотамі, якія прысутнічаюць на кожным з малюнкаў. Пэтсан не можа размаўляць з мюкламі. Падаецца, стары ўвогуле іх не бачыць.
Фіндус не ведае, колькі яму гадоў, але непадобна, каб ён сталеў. Затое свой дзень народзінаў Фіндус святкуе тры разы на год.
Кніга “Блінны торт”
Усё пачалося з ідэі апавядання пра старую жанчыну, якая ідзе ў краму. Пасля да старой жанчыны дадаўся стары мужчына. Пасля застаўся адзін стары мужчына. Але, вядома, цікавей, калі ёсць некалькі сюжэтных ліній, таму да старога дадаўся кот. І тут пісьменнік вырашыў праілюстраваць тое, што нярэдка здараецца ў жыцці: часам, калі ты хочаш нешта зрабіць, спачатку робіш нешта іншае. Пасля мусіш прайсці назад увесь шлях, каб нарэшце зрабіць тое, што збіраўся зрабіць спачатку. Так з’явілася гісторыя пра коціка Фіндуса, у якога быў дзень народзінаў, і старога Пэтсана, які гатаваў для яго торт — першага твора з серыі кніг пра Пэтсана і Фіндуса “Блінны торт”.
Кніга выйшла ў 1984 годзе, у Свэна Нурдквіста якраз нарадзіўся сын. Але аўтар, мабыць, падсвядома назіраў за паводзінамі маленькіх дзяцей, бо калі яго сын падрос, ён заўважыў: той паводзіцца акурат як Фіндус. Прататыпам вобраза Пэтсана з’яўляецца сам пісьменнік.
Пэтсан і Фіндус — вялікая частка жыцця Свэна Нурдквіста: паводле кніг была створаная своеасаблівая калядная адвент-чытанка (кніга, у якой на кожны дзень адвенту прыходзіцца па адной гісторыі), размалёўкі, серыялы, мультфільмы, камп’ютарная гульня і інш. Кнігі пра старога і яго коціка даўно сталі класікай шведскай дзіцячай літаратуры, таксама вялікай папулярнасцю яны карыстаюцца за межамі Швецыі: серыя перакладзеная на 47 моваў, больш за дзесяць мільёнаў копій прададзена за межамі краіны.
Серыя кніг пра Пэтсана і Фіндуса
Першапачаткова,Свэн Нурдквіст не планаваў пісаць працяг “Бліннага торта” і ствараць серыю кніг пра Пэтсана і Фіндуса — ён не верыў, што кнігі будуць мець поспех. Але прадстаўнікі выдавецтва ўсё ж угаварылі яго паспрабаваць. Так у 1986 годзе пабачыла свет кніга “Паляванне на ліса”. Яна вельмі хутка разышлася сярод чытачоў, і ў Свэна Нурдквіства больш не было выбару — ён узяўся за серыю. Так выйшлі дзевяць гісторый пра прыгоды Пэтсана і Фіндуса, адна аповесць, чатыры кнігі без тэксту для зусім маленькіх, дзве кнігі спеваў, адна энцыклапедыя самаробак і адна кулінарная кніга з рэцэптамі ад старога і яго гарэзлівага коціка.
Перад Раством 1993 года Sweden Public Service Television звязалася са Cвэнам Нурдквістам і папрасіла стварыць адвент-чытанку, якая б базавалася на прыгодах Пэтсана і Фіндуса. Пісьменнік напісаў твор, у якім Фіндус пераймаецца, што не атрымае падарунка на Каляды. Але Пэтсан паабяцаў, што да яго прыйдзе Калядны Гном, і цяпер стары хвалюецца, як зрабіць, каб Фіндус не расчараваўся: коцік не ведае, што Каляднага Гнома не існуе.
Праз год Свэн перарабіў адвент-чытанку ў паўнавартасную аповесць, якая складаецца з некалькіх раздзелаў. Кніга пра Каляднага Гнома — адзіная з серыі гісторый пра Пэтсана і Фіндуса, у якой адносна невялікая колькасць малюнкаў.
Артыкул напісаны паводле серыі кніг Свэна Нурдквіста пра Пэтсана і Фіндуса, Вікіпедыі, каталога выдавецтва “Opal” “Sven Nurdquist“, прысвечанага семядзісяцігоддзю пісьменніка ў 2016 годзе. Таксама вялікі дзякуй перакладчыцы са шведскай Надзі Кандрусевіч, якая заўсёды гатовая прыйсці на дапамогу і растлумачыць значэнне шведскіх словаў.
Нагадаем: 21 снежня ў 17:00 у кавярні “Грай!” (Мінск, вул. Інтэрнацыянальная, 33) адбудзецца прэзентацыя зборніка аўдыёкніг пра Пэтсана і Фіндуса, а таксама перакладу Надзі Кандрусевіч на беларускую мову святочнай казкі Свэна Нурдквіста “Калядная каша”. Уваход вольны.
Аляксандра Дварэцкая, budzma.by