Чаму рускія лаюцца матам
Рускі мат стаў неад’емнай часткай культуры ўсіх постсавецкіх краінаў. Мат сёння — гэта праблема не толькі Расіі, але і Украіны, Беларусі, Польшчы, Каўказу… Дзе ступала нага рускага салдата, чыноўніка, шабашніка ці злодзея-кантрабандыста — заўжды заставалася і «моцнае слоўца». Але адкуль маты ўзяліся ў саміх рускіх?
Яшчэ Дастаеўскі пісаў, што з дапамогай аднаго мацернага слова рускі чалавек можа выказаць усю гаму пачуццяў. З таго часу пра рускі мат, здаецца, сказана ўжо ўсё. Адны лічаць яго спадчынай татара-мангольскага нашэсця на Русі. Іншыя — ледзьве не сакральнай мовай продкаў-паганцаў, незаслужана дэманізаванай праваслаўнай царквой.
У сучасных рускіх публіцыстаў можна прачытаць, што мат — гэта «мова-дысідэнт», стыхійны пратэст народа, стагоддзямі пазбаўленага свабоды. У выніку мы дажылі фактычна да легалізацыі мата. Песні Шнурава, збудаваныя на адпаведнай тэрміналогіі, можна пачуць з кожнага праса, а рэдактарка аб’яднанага выдавецтва «Губернские Известия» нават заўважыла: «У рускага чалавека ёсць два спосабы выпусціць пару. Першы — гарэлка. Другі — мат. Хай лепш будзе мат…»
«Эбле» — значыць «жаніцца»
Як будзе лепш, хай, канешне, разбіраюцца самі рускія, а мы звернемся да вытокаў. Ці мае падставы міф пра тое, што маты былі навязаныя продкам рускіх за часамі татара-манголаў? У якасці аргумента прыхільнікі тэорыі прыводзяць слова «эбле», што па-цюркску значыць «жаніцца». Калі татарын браў падчас нападаў мясцовую дзяўчыну і закідваў сабе на каня, то мог сказаць «эбле» — «бяру ў жонкі». Для яе сваякоў і суседзяў, зразумела, гэта было сімвалам гвалту — адсюль і генезіс аднаго з найбольш папулярных мацюкоў.
Здаецца, усё проста. Але з міфам не пагаджаюцца найперш археолагі. У знойдзеных наўгародскіх берасцяных граматах, пісаных яшчэ да ўсялякіх татараў, таксама сустракаюцца маты ды вялізная колькасць фінскай лексікі. Найхутчэй, граматы былі пісаныя акурат мясцовымі фіна-уграмі на славяна-фінскай трасянцы, а не кампаньёнамі Рурыка, якія займаліся іх каланізацыяй і акультурваннем.
Фіна-ўгорская спадчына
Яшчэ адзін важны момант. Адзіны еўрапейскі народ, які выкарыстоўвае маты, максімальна падобныя да рускіх, гэта… вугорцы! Зразумела, ніякага татарскага нашэсця ў іх не было, а ў Еўропу яны прыйшлі задоўга да Чынгісхана і Батыя. Такім чынам, навукоўцы схіляюцца да высновы: маты — старадаўні пласт фіна-ўгорскай мовы.
І тут няма нічога дзіўнага. Уся Цэнтральная Расія, Масковія — гэта гістарычныя землі фінскіх народаў, дзе і тапонімы, і гідронімы акурат фінскія: Масква (народ мокша), Разань (народ эрзя), Мурам (народ мурама), Перм (народ перм). Мокша — мардоўскі этнас, які і даў назву рацэ Масква (Moks — мокша, Va — вада), перароблены кіеўскімі каланізатарамі ў больш мілагучнае «Масква». Уся гэтая тэрыторыя і ёсць гістарычным арэалам распаўсюджвання спрадвечнага мата.
І маты, у дадзеным выпадку, — гэта не прывітанне з мінулага сучасным рускім ад этнасу, які сышоў у нябыт. Гэта не толькі моўная, але і генетычная пераемнасць. Расійская Акадэмія Навук яшчэ на пачатку 2000-х гадоў праводзіла грунтоўнае даследаванне генафонду рускай нацыі, якое паказала, што генетычна рускія найбольш блізкія мардве, комі, эстонцам, фінам і вугорцам. То-бок славянская каланізацыя часоў нашчадкаў Рурыка была хутчэй палітычнай, вайсковай, культурнай і філалагічнай. Этнічны ж фіна-ўгорскі фундамент нікуды не знікаў, і доўгатрываласць у мове матаў — чарговы гэтаму доказ.
«Матерны и всякою непотребной лаею не бранилися...»
Зразумела, што лаянка прысутнічае ў кожнай мове, пытанне ў колькасці і дарэчнасці. Цікава, што замежныя госці яшчэ ў XVII стагоддзі адзначалі: у Масковіі лаянкі празмерна шмат. Напрыклад, нямецкі падарожнік Алеарый пісаў у сваіх «Нататках пра Масковію»: «Малыя дзеці, якія не ўмеюць назваць яшчэ ні Бога, ні маці, ні бацьку, ужо маюць на вуснах непатрэбныя словы…»
Што праўда, з матам у Расіі спрадвеку змагаліся на дзяржаўным і царкоўным узроўнях. Князь Васіль ІІІ у 1480 годзе патрабаваў ад сваіх падданых спыніць піць ды мацюкацца. У 1648 годзе цар Аляксей Міхайлавіч выдаў цэлы ўказ, каб маскавіты «песней бесовских не пели, матерны и всякою непотребной лаею не бранилися...» Гістарычным анекдотам стала патрабаванне Кацярыны ІІ забараніць слова «б…дзь» — нядобразычліўцы тлумачылі гэта ў кантэксце змагання царыцы з плёткамі наконт яе сексуальнага жыцця.
Паслядоўна з матам змагалася і праваслаўная царква. Паўстаў нават шэраг цікавых сімвалічных метафараў і параўнанняў. Напрыклад, лічылася, што мацюкі — гэта малітва наадварот, заклік да сілаў цемры. «Калі жанчына лаецца матам, у Хрыста адкрываюцца раны», — казалі і так. Пры гэтым, слова «б…дзь» ажно да XVIII стагоддзя часцяком трапляецца і ў ліставаннях саміх царкоўных дзеячаў, асабліва падчас перамывання костачак сваім апанентам. У гэтым кантэксце «бл…дскі» — сінонім «заблукаўшага», таго, хто адышоў ад веры.
«Сімптом эвалюцыйнай недаразвітасці»
З дакладнасцю можна сцвярджаць, што ўказы зверху так і не перамаглі рускі мат. З матамі рускі чалавек ідзе ў бой («бранные слова» на «поле брани»), б’е жонку, прымае асабісты паразы і перамогі, цешыцца і плача, а часамі наўпрост не зважае на іх, перасыпаючы лаянкай будзённую размову. Але схаваны сэнс словаў — агрэсіўны, абразлівы, жывёльны — працягвае жыць сярод гэтага стракатага моўнага поля.
Напрыклад, праваслаўны публіцыст ігумен Веніямін Новік заўважае: «Мацерная лаянка — гэта найперш сімптом эвалюцыйнай недаразвітасці. Біёлагі ведаюць, што ў жывёльным свеце існуе яскравая сувязь паміж агрэсіяй і сексуальнасцю, а некаторыя асобіны выкарыстоўваюць свае геніталіі для запужвання суперніка. Некаторыя ж прадстаўнікі сямейства гома сапіенс робяць тое самае, але — словамі».
Такім чынам, за мацернай лаянкай не варта шукаць ані старадаўніх паганскіх традыцыяў, ані «сакральнага зместу», ані чарговай таямніцы «загадкавай рускай душы», незразумелай «бездухоўным» замежнікам. Па вялікім рахунку, мат — гэта старажытны моўны рэлікт, замешаны на агрэсіі і сексуальнасці, які хутчэй за ўсё існаваў, але ў працэсе эвалюцыі і развіцця грамадства знік альбо звёўся да мінімуму ў большасці цывілізаваных народаў. Толькі і ўсяго!
«Ведзьма», «гадаўка», «курва»…
Зразумела, што і ў нашых продкаў была свая лаянка: «халера», «курва», «цудаложніца», «ведзьма», «гадаўка», «ідзі ў балота», «каб цябе кадук забраў», «костка несвянцоная» (апошняе — з купалаўскіх «Тутэйшых»)... Паводле архівісткі Вольгі Бабковай, судовыя справы часоў Рэчы Паспалітай — гэта скарбонка аўтэнтычнай лаянкі, то-бок словаў «непрыстойных, бяз стыду ўжытых, неўчцівых, каторымі людзі ўчцівыя брыдзіцца звыклі і Пан Бог абражоны бывае».
Зразумела, што гэта зусім не звыклыя нашаму сённяшняму вуху рускія маты, дый продкі нашы падобныя выпадкі асабліва не талеравалі, калі ўжо справа даходзіла да суду. Асобна існавала і сексуальная лексіка, якая (увага!) не пераходзіла радыкальным чынам, не зрасталася з лаянкай — то-бок не ставала праклёнам. І тым больш, праклён гэты ніколі не рабіўся словам-звязкай у сказе.
Непасрэдна ж рускія маты да нас прыйшлі ўжо як каланіяльная з’ява. Яшчэ на пачатку ХХ стагоддзя нашы сяляне лічылі мацюкі «салдацкай мовай» — нейкім прафесійным жаргонам жаўнераў, якія вярталіся з войска ў вёску альбо станавіліся недзе побач на пастой. Хто ж ведаў, што пройдзе менш як 100 гадоў і рускі мат, з характэрным беларускім дзеканнем і цеканнем, запануе ад Маларыты да Оршы, ад Ашмянаў да Хойнікаў…
Карціны Васіля Шульжэнкі