У Гродне развіталіся з Сямёнам Домашам

Сямёна Домаша як былога кіраўніка Лідcкага, Гродзенскага гарвыканкама і аблвыканкама, згадваюць цёплымі словамі.

20190211_121001_1024x576.jpg

Менавіта ў часы „перабудовы” на займаемых пасадах Сямён Домаш праявіў свае добрыя якасці. Пры ім беларуская мова заваёўвала дзяржаўны статус на Гродзеншчыне.

Аляксандр Мілінкевіч згадваў:

— І вось як паступае сапраўдны стратэгічны лідар. Можна збіраць планёркі, даваць інструкцыі, кантраляваць колькі працэнтаў. Ён прыходзіць на планёрку і кажа: „Хлопцы, вы ў якіх школах вучыліся?”. „Як у якіх?”. „Па-беларуску вучыліся?”. Большасць кажа: „Канешне”. „Вось давайце, калі мы хочам, каб беларуская мова жыла, пачнём весці планёркі па-беларуску”. „Ты, Валодзя, вучыўся ў Навасібірску, ты можаш пакуль што па-руску, а з часам навучышся”.

Дзякуючы такому падыходу на пачатку 90-х гродзенцы ведалі, што беларусізацыя будзе, бо ўслед за кіраўніком ідуць падначаленыя. З разуменнем ён ставіўся і да інтарэсаў польскай нацыянальнай меншасці на Гродзеншчыне, дапамог „Саюзу палякаў на Беларусі” адкрыць польскую школу ў Гродне.

Прыгадвае першы старшыня СПБ Тадэвуш Гавін:

— Ён вырашаў праблемы не толькі нашага польскага таварыства, але займаўся і беларускімі справамі. Тады ў Гародні ўжо было вырашана, якія школы будуць функцыянаваць з беларускай мовай навучання, якія з расейскай. Калі ён быў старшынёй гарвыканкама, то ў першых класах ужо вучыліся на беларускай мове. Гэта быў светлы беларус, якога цяпер нам будзе не хапаць.

Сотні гродзенцаў прыйшлі ў пахавальны дом па пр. Касманаўтаў, каб развітацца з Сямёнам Домашам. Яго пахавалі ў ганаровай частцы могілак „Сакрэт”. Яму было 69 гадоў.



www.racyja.com