Кадр з фільма "Рэактыўнае парася"
З адным такім чалавекам — мультыплікатарам, рэжысёрам і сцэнарыстам
Аляксандрам Ленкіным — мы і сустрэліся.
— Аляксандр, якая яна, беларуская анімацыя?
— Мы перажылі цяжкія часы, калі ў нас не было грошай, але апошнія гадоў 6-7 у нас усё выдатна з фінансаваннем. Паступова мы сталі пераходзіць на лічбавыя тэхналогіі, але пры гэтым беражліва захоўваем ручныя тэхналогіі, якія запатрабаваныя да гэтага часу. Напрыклад, так званая класічная перакладка. Прыклад класічнай перакладкі — «Вожык у тумане» Юрыя Барысавіча Нарштэйна. Вось гэтую тэхналогію мы захавалі. Вядома, зараз дадаюцца новыя элементы. Напрыклад, фоны здымаюцца асобна, персанажы асобна, а потым гэта ўсё на кампутары злучаецца. Свет не стаіць на месцы, і мы таксама.
— У чым фішка беларускай мультыплікацыі?
— У нас істотна павысілася якасць: пачынаючы ад ідэй, якія кладуцца ў аснову сцэнара, і заканчваючы якасцю рухаў, афармлення, карцінкі, стылёвага рашэння. Таму наша фішка ў вельмі добрай якасці фільмаў. Гэта пацвярджаецца і вялікай колькасцю прызоў, якія мы атрымліваем на міжнародных фестывалях.
Атрыманыя ўзнагароды
— Нашы мультфільмы бяруць фествальныя прызы, але штосьці мы не бачым гэтых лаўрэатаў на беларускіх каналах.
— Гэта няпраўда! Я свае фільмы на трэцім канале гляджу як мінімум два-тры разы на месяц. Але трэба разумець, што мы робім прыкладна 10 мультфільмаў у год. І кожны дзень паўтараць іх не будзеш. Тое, што бацькі не бачаць гэтыя мультфільмы — гэта пытанне не да тэлебачання, а да бацькоў.
Мая маці неяк распавяла гісторыю, якая з ёй адбылася. Кажа, гляджу па тэлевізары мультфільм нейкі і думаю, вось было б класна, каб мой сынок здымаў такія фільмы. А калі пайшлі цітры раптам высветлілася, што Аляксандр Ленкін — аўтар сцэнара і рэжысёр. Гэта былі «Прыгоды рэактыўнага парася». Мы проста не ведаем, што глядзім, і хто гэта зрабіў. Гэта непаразуменне можна было б ліквідаваць, калі б людзі цікавіліся анімацыяй. Але для пераважнай большасці анімацыя — гэта толькі забаўка.
Дарэчы, нядаўна мне патэлефанавалі з адной установы адукацыі і паведамілі, што выйшаў падручнік для пятых класаў, і там ёсць трошкі пра беларускую анімацыю, пра прыгоды рэактыўнага парася. Гэта значыць, інфармацыя дзецям пра тое, што мы робім усё-ткі патроху трапляе.
— Хто зараз фінансуе стварэнне мультфільмаў у Беларусі?
— Дзяржава.
— Якія мульцікі падабаюцца вам, што можаце параіць бацькам?
— Вельмі складанае пытанне. Справа ў тым, што ў свеце ствараецца прыкладна 20–40 тысяч карцін у год. Абсалютна розных. У першую чаргу, я раю ўсю нашу беларускую анімацыю — гэта вельмі файна. Добра было б паглядзець фільмы рэжысёраў Міхаіла Тумелі, Міхаіла Алдашына, Івана Максімава. Японцы робяць выдатнае кіно. Калі казаць пра спіс мультфільмаў, дык ён проста вялізарны. Я хутчэй магу сказаць, што не трэба глядзець — «Маша і мядзведзь».
— Чаму? Дзецям гэты мульцік вельмі падабаецца.
— Канечне, «Маша і мядзведзь» таксама мае права на існаванне. Але гэта толькі забава — і ўсё. А мне хочацца, каб нашыя дзеці не толькі якую-небудзь інфармацыю атрымлівалі, але яшчэ і рабілі пэўныя высновы. Каб яны развіваліся духоўна, каб у іх фарміравалася эстэтычнае ўспрыманне свету.
— Якая эстэтыка, напрыклад, у мультфільме пра рыбку па імені Нельга? Якую думку вы хацелі данесці дзецям?
— Найперш, пра сямейныя каштоўнасці. Гэта вельмі важны момант — якім чынам павінна фарміравацца сям'я і якія павінны быць узаемаадносіны. І не толькі ў сям'і, бо яна не адна ў гэтым возеры жыве. Дарэчы, узаемаадносіны паміж людзьмі — вельмі важны элемент маёй творчасці. Гэтыя стасункі могуць існаваць у экстрэмальнай сітуацыі, ці проста — людзі п'юць гарбату, але пачынаюць высвятляць адносіны, вырашаць нейкія глабальныя задачы.
Кадр з фільма "Рыбка па імені Нельга"
— «Маша і мядзведзь» — гэта таксама характары, сітуацыі і канфлікты, якія ўзнікаюць паміж персанажамі.
— Вось калі б гэта было ў адной ці дзвюх серыях, але будаваць серыял на тым, што Маша дастае гэтага беднага Мішу, а той не ведае, што з гэтай Машай рабіць… Гэта камерцыйная анімацыя. Магчыма, для Расіі гэта нейкі этап і праз некаторы час у іх з'явяцца іншыя серыялы ці поўнаметражныя фільмы, у якіх будуць зусім іншыя задачы, можа, больш духоўныя.
— Ці плануеце вы вяртацца да здымкаў дарослых фільмаў, кшталту «Аповесці мінулых гадоў»?
— Пакуль не ведаю. Гэта выдатны праект, які мне вельмі падабаўся, але ён вельмі складаны ў тэхнічным выкананні. Магчыма, праз нейкі час мы прыйдзем да іншага праекта. Ва ўсялякім выпадку, зараз нашы маладыя рэжысёры працуюць над альманахам, у якім будуць чатыры сюжэты на аснове беларускіх легенд і паданняў, таксама па-беларуску.
Але вынік «Аповесці мінулых гадоў» увесь час з намі прысутнічае, мы заўсёды яго ўзгадваем. Бо гэта быў не проста цікавы праект. Ён стаў паспяховым, таму што ў нейкі момант мы зразумелі: кожны сюжэт павінен рабіць адзін рэжысёр і пры гэтым не глядзець, што робяць іншыя. Там шэсць сюжэтаў і шэсць рэжысёраў. Гэтая разнастайнасць, аб'яднаная адной ідэяй, і стала ў выніку цікавай і для гледачоў, і для журы фестывалю.
— Ці ёсць у беларускіх аніматараў шанец зняць мультфільм, які
глядзелі б ва ўсім свеце, які б прынёс вялікія грошы яго стваральнікам,
кшталту, «Шрэка»?
— Канешне, і мы зараз рыхтуемся запусціць такі праект. Але
што такое зняць фільм? Насамрэч, гэта вельмі складаны і доўгі працэс.
Тут шмат складнікаў. Адзін з іх — драматургічная ідэя і яе ўвасабленне ў
тэкст і дзеянне. А яшчэ гэта і фінансаванне. Бо вытворчасць тых жа
«Шрэкаў» каштуе шалёных грошай. У нас такіх няма. І, пэўна, трэба браць
чымсьці іншым.
Тым не менш мы працуем, рухаемся наперад і штосьці, я думаю,
адбудзецца. Менавіта сёння я напісаў сінопсіс поўнаметражнага
анімацыйнага фільма, якім, магчыма, мы будзем займацца.
Віншуем Аляксандра Ленкіна і яго калег з прафесійным святам — Міжнародным днём анімацыі, зычым поспехаў і чакаем на новыя працы!
А каб пераканацца, што беларуская мультыплікацыя існуе, і яна цікавая, раім вам паглядзець два фільмы Аляксандра Ленкіна: «Дзед» і «Птаха».