«Чым пахне чабор?» Ганна Севярынец зачытала рэп «Беларусіца» (ВІДЭА) (АБНОЎЛЕНА)
Ганна Севярынец, настаўніца і літаратарка, выступіла ў новым амплуа — зачытала рэп. Дэбютам сталі трэк і кліп «Беларусіца», прысвечаныя прафесіі настаўніцы беларускай мовы.
Як гаворыцца ў рэлізе да песні, хіп-хоп-вандроўка ў галактыку беларускай класікі адбываецца разам са школьніцай Уллянай (Atesta) і студэнтам Стэфанам. За аранжыроўку і «мясісты» прадакшн песні адказны Аляксей Паўловіч, за анімаваны кліп — візуальная мастачка @mus4getes.
«Дасведчаныя людзі кажуць, што
адзін з канцэптаў рэпу — «рэспект», — каментуе Ганна Севярынец. — Для мяне наш праект — мой рэспект усім, хто
стварае, выкладае, чытае, слухае і глядзіць беларускае. А яшчэ вельмі важна,
што палова ўдзельнікаў «Беларусіцы» —
школьнікі і студэнты. От ім, а таксама ўсяму беларускаму школьніцтву і
студэнцтву — асобны рэспект».
Па словах аўтара ідэі Алеся Плоткі, праект не мае планаў на
«хіпхапізацыю» ўсіх прафесій у настаўніцкай, але рады натхніць на тое, каб
«рабіць нечаканае і рабіць так, як не робіць ніхто».
На сваёй старонцы ў фэйсбуку Ганна Севярынец адзначыла, што ў кліпе «безліч адсылак да беларускіх кніжак — і адна граматычная памылка:)) Па настаўніцкай звычцы зробім выгляд, што яна там спецыяльна — каб вы заўважылі, выправілі і ніколі так не рабілі:))».
Спіс усіх твораў, якія згадваюцца ў кліпе, Ганна Севярынец абяцае агучыць пазней, а пакуль прапануе гэта зрабіць чытачам і слухачам.
UPD. Ганна Севярынец распавяла, якія творы беларускіх пісьменнікаў згадваюцца ў кліпе «Беларусіца».Яны пералічыла іх у такім парадку: «Марціновіч — «Мова», Мартысевіч — «Сарматыя» (сокал на маім плячы), Бахарэвіч «Белая муха забойца мужчын», Вежнавец — «Па што ідзеш, воўча» (ваўка знайсці цяжэй за ўсё), Купала — «Курган», «А хто там ідзе», «Раскіданае гняздо», «Явар і каліна», лесвіца гатэля «Масква», Колас — «І елка ў пары з хваіною» з «Новай зямлі», «Сымон-музыка», Багдановіч — «Зорка Вянера», «Слуцкія ткачыхі», «Я хацеў бы сустрэцца», «Вянок», Канстанцыя Буйло (вокладка Драздовіча), Скарына (Сонца маладзіковае), Быкаў — «Знак бяды», «Балота», Шамякін — «Сэрца на далоні», Багушэвіч — «Дудка беларуская», Цётка — «Скрыпка беларуская», Гарэцкі — «Дзве душы», Зарэцкі — «Голы звер», Броўка — «Чабор», Дубоўка — «О, Беларусь, мая шыпшына», Караткевіч — «Чорны замак Альшанскі», «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», «Каласы пад сярпом тваім» і «Дзікае паляванне караля Стаха», Баршчэўскі — «Шляхціц Завальня» (свечка), Дудар — «Звініць прасторамі туга» (сіні бор), Крапіва (сам па сабе)».