У Мінску выдадуць «Кароткую гісторыю Беларусі» Алеся Краўцэвіча. Наклад абмежаваны замовамі!
Глеб Лабадзенка паведаміў у Facebook пра тое, што распачынаецца падпіска на ўнікальную кнігу доктара гістарычных навук, прафесара Алеся Краўцэвіча «Кароткая гісторыя Беларусі».
«Галоўная мэта кнігі, каб прачытаўшы 120 старонак і праглядзеўшы 156 ілюстрацый, любы беларус змог уцямна і лагічна за 10 хвілін пераказаць нашу вялікую і слаўную гісторыю, не задумваючыся, сказаць, хто мы і адкуль мы», — зазначае Лабадзенка.
Як піша моўны актывіст, многія беларусы ведаюць нашую гісторыю даволі хаатычна: асобна — Касцюшку, асобна — Манюшку, асобна — Усяслава Чарадзея, асобна — Каліноўскага, асобна — Міндоўга, асобна — Рагнеду, асобна —Радзівілаў, асобна — Сапегаў. А звязаць гэта ўсё разам і выбудаваць у адзін ланцуг можа не кожны.
«Новая кніга Алеся Краўцэвіча проста і лагічна раскладае ўсё па палічках. Кніга пачынаецца тым, што першыя людзі з’явіліся на тэрыторыі Беларусі каля 300 тысяч гадоў таму, а сканчаецца атрыманнем незалежнасці Рэспублікай Беларусь. Найноўшая гісторыя ў кнізе адмыслова не закранаецца, бо яна пішацца на нашых вачах», — напісаў Лабадзенка.
«Як атрымаць сабе такую кнігу? Пакуль што спосаб адзін — аформіць папярэднюю падпіску. Для гэтага трэба напісаць электронны ліст на адрас knihahistoryja@gmail.com», — піша ён.
Падрабязнасці выдаўцы дашлюць лістом у адказ. Хутчэй за ўсё, кніг будзе надрукавана прыкладна столькі, колькі сабрана папярэдніх замоваў. Выхад кнігі плануецца на красавік-травень 2022 года. На цяперашні момант ужо сканчаецца вёрстка кнігі.