Дублінскія нататкі

Чым прываблівае Ірландыя? Морам і маляўнічымі пейзажамі. Ірландскай гасціннасцю, кельцкімі легендамі. Музыкай і танцамі. Ці змагарнай гісторыяй? Гэты брэнд, у адрозненне ад іншых, не прадстаўлены на сувенірах.



na_zadn_m_planie_partrety_p_sjmienn_kau_z_uzhadkaj_shto_boljshascj_anhl_jsk_ch_klas_kau_maje_rliandskaje_pachodzannie_.jpg

На заднiм плане — партрэты пiсьменнiкаў. З узгадкай, што большасць англiйскiх класiкаў мае iрландскае паходжанне

Апраўданыя чаканні

Ірландыя апраўдала чаканні і сагрэла душу. Спачатку адкрыццём, што яна сапраўды зялёная, — калі ў ілюмінатары паказаліся камяністыя абрысы эмеральдавых выспаў. Потым — кавай і гарбатай, якія наліваюць паўсюль, і вялізнымі порцыямі. Размовамі ў пабе, у тым ліку пра нацыянальную гісторыю — мы ж знаходзім тое, чаго шукаем... Развесяліла адкрыццямі кшталту таго, як у Дубліне пераходзяць вуліцу — кіруючыся не правіламі дарожнага руху, а адно здаровым сэнсам. Ці таго, як збіраюць грошы на дабрачыннасць: то скачуць паўголымі ў гарадскую рэчку Ліфэ, то арганізуюць жаночы марафон масавасцю ў 50 тысяч удзельніц, так што ідзеш уздоўж дарогі, а плынь бягучых жанчын у стракатых майках усё не заканчваецца, і пачынаеш верыць у непераможнасць ірландцаў... Парадавала згуртаванасцю вялікіх сем’яў і, з другога боку, незамкнёнасцю ў сямейным коле, адкрытасцю да сяброўскіх і прыяцельскіх стасункаў. Уразіла прыгажосцю мора, узбярэжжа, салёнага балота з багаццем траваў і птушак — хаця часу было нямнога, і я амаль не выязджала з Дубліна. Зачаравала гісторыяй і баявым духам, — але і жахнула, і сталася грозным папярэджаннем аб крывавых пабочных эфектах... Парадавала і элементамі мультыкультуралізму, рознакаляровымі тварамі новых ірландцаў, традыцыйна левай арыентацыяй нацыяналізму і адсутнасцю ў парламенце моцнага антыімігранцкага лобі... І ўнушыла аптымізм плёнам працы патрыётаў, якія вырвалі з забыцця кельцкі эпас і адрадзілі мову.

zhanochi_dabrachinni_marafon_perad_startam_copie.jpg

Жаночы дабрачынны марафон, перад стартам 

Традыцыйная страва — бульба

Камяністая глеба не вельмі прыдатная для земляробства. Можа, таму ірландцы такія ўпартыя змагары, што ім даводзілася стагоддзямі дзяўбці рыдлёўкамі цвярдэчу зялёнай выспы?..

У сярэдзіне XIX сагоддзя хвароба знішчыла ўраджай бульбы, і здарыўся голад, які забраў жыцці, па розных падліках, ад 500 тысяч да 1,5 мільёна чалавек. Яшчэ 1,5 мільёна ірландцаў з’ехалі з краіны, каб зарабіць сабе на хлеб за мяжой. Многія адправілася ў Амерыку, дзе стварылася найвялікшая ў свеце ірландская дыяспара; дзе некаторыя працадаўцы проста пісалі ў аб’явах, што ірландцаў не чакаюць; дзе, тым не менш, безліч ірландцаў не толькі жылі і працавалі, але і развівалі свой нацыянальны рух; і дзе зараз штогод праходзіць найвялікшы ў свеце парад у дзень святога Патрыка, прысвечаны памяці людзей, якія загінулі падчас Вялікага Голаду.

Сёння, дзякаваць Богу, у Ірландыі ёсць што есці. Бульба, вараная і падсмажаная розным чынам, мяса з натуральнымі соўсамі, дзівосны гарнір з хлебных крошак, яешня са шкваркамі з падсмажанымі грыбамі і каўбаскамі, якую традыцыйна ядуць на суботні сняданак… Ірландская кухня — смаката на самы што ні ёсць беларускі густ. І разнастайнасць гаркаватага піва.

Ірландскі шанец

The luck of the Irish — устойлівы выраз. Ёсць павер’е, што ірландцам шанцуе. Ірацыянальнасць, хаатычнасць і здольнасць дзейнічаць у сітуацыі хаоса робіць з ірландцаў, паводле стэрэатыпу, добрых ваяроў. Плюс за рысу нацыянальнага характару лічыцца здольнасць не перажываць з-за праблем і небяспекаў. Калі хто здольны арганічна дзейнічаць у сітуацыі хаосу, якім часта падаецца непрадказальнае жыццё, — то напэўна ж яму пашанцуе. З вялікай верагоднасцю… якой, тым не меней, не хапіла многім годным людзям. Напрыклад, ірландцам, якія ў вялікай колькасці плылі ў Амерыку за лепшай доляй на лайнеры «Тытанік»… Ці Роберту Эмету (1778–1803), які сваёй храбрасцю заслужыў словы аб тым, што «ягоная спроба паўстання сталася трагікамічнай, і толькі тая годнасць, з якой ён прыняў смерць, забяспечыла яму месца ў шэрагу народных герояў» («Кароткая гісторыя Ірландыі»).

Гісторыя Ірландыі

Для таго, каб расказаць гісторыю Ірландыі, спатрэбіцца не адна кніга. Таму застаецца абмовіцца, што зараз мы складзем адвольны букецік міфаў.

Цывілізацыя кельтаў — таямнічы падмурак гэтай незвычайнай краіны.

Гісторыя IX–X стагоддзяў звязаная з вікінгамі, якія аселі на востраве. Мясцовая бяда праз тоўшчу гісторыі сталася мясцовым брэндам. Ад вікінгаў, лічыцца, ідзе руды колер валасоў многіх ірландцаў.

Святы Патрык нарадзіўся на тэрыторыі сучаснай Францыі, падлеткам трапіў у палон і апынуўся ў Ірландыі. Потым яму пашчасціла атрымаць вызваленне. Але натхненне прывяло яго да рашэння вярнуцца на востраў у якасці місіянера. Лісток канюшыны, які стаўся сімвалам Ірландыі, св. Патрык выкарыстаў, каб наглядна растлумачыць догму аб Святой Тройцы.

...У XII стагоддзі частка краіны была падпарадкаваная англійскай кароне. Але сапраўдны праект ператварэння каталіцкай Ірландыі ў частку пратэстанцкай Англіі распачаўся пры дынастыі Цюдораў — і стаўся гэты праект адной з гістарычных ілюстрацый таго, як чалавечыя амбіцыі імкнуцца перакроіць навакольную рэчаіснасць паводле свайго густу, але на выхадзе атрымліваецца зусім іншае…

На шчасце, чалавек — істота свабодная. Таму спробы падладзіць яго пад нечы густ выклікаюць у ім агрэсію. Ды, на жаль, чалавек схільны да злапомнасці і помсты, а таксама — да перавышэння самаабароны…

Цюдоры стварылі так званую «Ольстэрскую плантацыю» — засяленне ірландскіх земляў пратэстантамі, з дыскрымінацыяй католікаў. Католікі паднялі паўстанне (1641–1652 гадоў), падчас якога было забіта мноства пратэстантаў, у тым ліку жанчын і дзяцей… Прыйшоў Олівер Кромвель, здушыў паўстанне, не забыўшыся надаць сваёй кампаніі рэлігійна-маральнага пафасу пакарання грэшнікаў. Падчас заваявання Ірландыі Кромвелем загінула, па розных падліках, ад 16 да 56 працэнтаў насельніцтва Ірландыі. Сярод жорсткасцяў здушэння бунту асабліва вылучылася масавае забойства падчас узяцця Драгеды…

«Ольстэрская плантацыя» мела сваёй мэтай зрабіць Ірландыю часткай пратэстанцкай Англіі, але — што вырасла, тое вырасла. Супрацьстаянне пратэстантаў і католікаў, поўнае актаў жорсткасці з абодвух бакоў, — факт не толькі XVII, але і XX стагоддзя, а абрысы Паўночнай Ірландыі з вялікай дакладнасцю супадаюць з тэрыторыяй той злашчаснай плантацыі... Апошняй нацыянальнай бядой сталіся тэракты і забойствы ў 70–90-х гадах XX стагоддзя. Зараз пацішэла — мажліва, не толькі дзякуючы дамовам і працы праваахоўных органаў, але і дзякуючы еўраінтэграцыі: пытанне межаў зараз стаіць меней востра.

nad_varotam_k_lmejnhemskae_turmi_u_jakoj_pravjal_pe_ni_chas_svajgo_zhiccja_c_skonchil_svajo_zhiccjo_mnog_ja_nacijanal_nija_gero_.jpg

Над варотамі Кілмэйнхэмскае турмы, у якой правялі пэўны час свайго жыцця (ці скончылі сваё жыццё) многія нацыянальныя героі.

Гісторыя Ірландыі поўнілася барацьбой за веру, культуру і ідэнтычнасць, у мяккіх і жорсткіх варыянтах. Таемная матрыца кельцкага востраву і культурны ўплыў Англіі, у які самі англічане верылі як у «цывілізуючае» ўздзеянне. Дыскрымінацыя католікаў і «каталіцкая эмансіпацыя» ў ХІХ стагоддзі — паступовае набыццё імі роўных з пратэстантамі правоў. Нацыяналістычныя міфы і самакрытычна-рэвізіянісцкія ў іх сумневы.

Жахлівае хараство

Жахлівае хараство 1916 года сталася адным са знакавых, нечаканых і заканамерна міфалагізаваных паваротаў гісторыі.

...Які сэнс вянчацца з чалавекам, якога назаўтра расстраляюць? — Не ведаю, ці дала камусьці адказ на гэтае пытанне Грэйс Гіфард, жонка Роберта Планкета, пакаранага смерцю за паўстанне 1916-га.

Мо яна таемна спадзявалася, што чалавека, які вось толькі ажаніўся, вырашаць памілаваць, ці што ім дазволяць застацца разам долей, чым на тыя дваццаць хвілін… Мо і так, але, хутчэй, гэты крок быў зроблены папросту «ад душы», ірацыянальна і рашуча… Калі Грэйс дазналася пра прысуд, яна набыла ў краме заручальны пярсцёнак (крамар узгадваў заплаканыя вочы дзяўчыны) — і павянчалася з асуджаным проста ў турме. І словы жаніха, сказаныя ў адным з ранейшых лістоў («…Ты выйдзеш замуж за мяне і ні за каго іншага!»), збыліся: Грэйс да самай смерці заставалася місіс Джозэф Планкет.

Гатычная сцэна вянчання ў паўзмроку пад турэмнымі скляпеннямі — сталася часцінкай той «жахлівай прыгажосці», якую прынесла Велікоднае паўстанне 1916 г., калі, як адзначыў Уільям Йетс, «Allchanged, changed utterly: A terrible beauty is born» («Усё змянілася, змянілася напоўніцу: нарадзілася жахлівая прыгажосць»).

Паўстаннем 1916-га кіраваў паэт Патрык Пірс. Склад змагароў быў розны паводле паходжання і заняткаў. Творчых асобаў было нямала, што выявілася як у пафасе крывавай самаахвярнасці (у час, калі ідэя ўзброенага паўстання здавалася нечым старамодным), так і ў ірацыянальнасці і дрэннай арганізацыі. Гісторыю можна прыводзіць як чарговы прыклад таго, як небяспечна творчым людзям лезці ў палітыку, а ўжо зброя ў руках мастака — то зусім трывожны знак. Патрык Пірс з аднадумцамі захапіў галоўпаштамт і іншыя будынкі ў цэнтры Дубліна. Яны абвясцілі свабоду нацыі і сталі чакаць атакі. Дачакаліся не толькі куляў, але і пушачных стрэлаў, якія разбурылі цэнтр Дубліна. Здаліся, каб спыніць смерці сярод мірнага насельніцтва.

numar_gazeti_1916_g_z_nfarmacijaj_ab_prisudah_pa_stancam.jpg

Нумар газеты 1916 г., з інфармацыяй аб прысудах паўстанцам

«Дзеці рэвалюцыі» — так завецца сённяшні праект ушанавання памяці дзяцей ва ўзросце да 16 гадоў, якія загінулі падчас паўстання і яго здушэння.

Графіня-феміністка Канстанцыя Маркіевіч перад тым, як здаць зброю, пацалавала свой маўзер і прамовіла: «Урэшце мы здолелі зрабіць лепей, чым Эмет»… (Паводле некаторых сведчанняў, яна назвала імя іншай гістарычнай асобы).

pamjatnaja_tabl_chka_nad_kameraj_u_jakoj_sjadzela_kanstancija_mark_ev_ch_smjarotni_prisud_dlja_jae_bi_potim_zameneni_visilkaj_.jpg

Памятная таблічка над камерай, у якой сядзела Канстанцыя Маркіевіч. Смяротны прысуд для яе быў потым заменены высылкай.

Тым не меней, здзейсніўся ірацыянальны спадзеў Пірса на сілу крывавай ахвяры. Расстрэлы паўстанцаў далі нечаканы штуршок да народнай барацьбы за незалежнасць.

Нечаканы — бо напачатку ў народзе іх асуджалі. Але прадстаўнік уладаў, які задушваў паўстанне, паабяцаў «зрабіць так, што яшчэ сотню гадоў тут не будзе і шэпту пра змову», — і зрабіў фатальную памылку: перабольшыў з жорсткасцю

Смяротныя прысуды, іх паспешлівае выкананне, якое нагадвала, паводле словаў сучасніцы, струмень крыві, што працякае з-пад зачыненых дзвярэй, — хутка стварылі вакол паўстанцаў пакутніцкі арэол. Сімпатыі народа перайшлі на іх бок і натхнілі на барацьбу за незалежнасць. Тая барацьба прынесла многа больш жорсткасці і пакутаў, чым вясна 1916 года, і скончылася атрыманнем амаль поўнай незалежнасці ў 1921-м. Але паколькі Паўночная Ірландыя засталася пад брытанскай уладай, многія патрыёты не прынялі такога пагаднення, і за англа-ірландскай вайной прыйшла вайна грамадзянская, у якой ранейшыя змагары за незалежнасць апынуліся па розныя бакі. Нязгодныя з кампрамісам пацярпелі паразу.

У ліку нязгодных была і згаданая вышэй Грэйс, місіс Джозэф Планкет, у дзявоцтве Гіфард. Ёй, грамадскай актывістцы і мастачцы, давялося пасядзець у турме ўжо ў час Ірландскай Вольнай Дзяржавы (Irish Free State), якую некаторыя лічаць ваеннай дыктатурай. А ў старасці Грэйс, паводле ўспамінаў пляменніцы, адзіная не падымалася з крэсла ў тэатры, калі выконвалі дзяржаўны гімн. Як і некаторыя іншыя паўстанцкія ўдовы, яна не прымала пагаднення, якое саступала Брытаніі шэсць графстваў Паўночнай Ірландыі.

k_lmejnhemskaja_turma_3_copie.jpg

Кілмэйнхэмская турма

 

Як па мне, дык добра, што прыхільнікі веры ў моц Жорсткіх Мераў прайгралі. Заўжды добра, калі прыхільнікі страху і расстрэлаў памыляюцца, недаацаніўшы храбрасць апанентаў! Але ж зусім сумна, што барацьба за незалежнасць вылілася ў тэрор.

«Я мог бы быць горай»

«Я мог бы быць горай», — мовіў падлетак Майкл Колінз у размове з сястрой. Калі аказалася, што ён любіць раман Дж. Эліот «Млын на Флосе», і Майкл адзначыў: «Мы з табой, як Том і Мэгі Тулівер», — а старэйшая сястрычка заўважыла, што ён ніколі не мог бы быць такім жорсткім, як Том…

Калі мы перанясем свой аповед яшчэ на некалькі дзесяцігоддзяў раней, то пабачым сельскую школу, у якой ад ірландскіх дзяцей запатрабавалі сказаць: «Дзякуй Богу, што я шчаслівае англійскае дзіця». Але адна дзяўчынка ўсклікнула: «Дзякуй Богу, што я шчаслівае ірландскае дзіця!»… Яе моцна пабілі і выгналі са школы. Дзяўчынка давучылася ў адной з так званых hedgeschool — неафіцыйных інстытутаў адукацыі для каталіцкіх дзяцей.

Дзяўчынка звалася Марыяна О’Брайян. Пабраўшыся шлюбам з пажылым фермерам і нарадзіўшы некалькі дзяцей, яна праславілася між суседзяў як працавітая і гасцінная гаспадыня, а на ўсю краіну — як маці Майкла Колінза (1890–1922). Аднаго з лідараў ірландскага супраціву, чалавека, які агарнуў краіну сеткай шпіёнаў. Арганізаваў тэрор супраць прадстаўнікоў англійскага ўрада і тых, хто ім дапамагаў.

…Падчас задушэння паўстання 1916-га некаторыя англічане праявілі захапляльную павагу да бунтаўшчыкоў, — але выпадкам процілеглага стаўлення былі паводзіны чалавека, які ў турме здзекаваўся з арыштаваных. Напрыклад, адзін з паўстанцаў, вельмі сталага ўзросту, быў распрануты дагала. Гэты здзек адбываўся ў перапоўненай камеры, у якой сярод вязняў быў і Майкл Колінз, якому потым пашанцавала выжыць, бо брытанцы спынілі расстрэлы, бачачы, што народныя сімпатыі схіляюцца на бок паўстанцаў. А памяць Майкла Колінза была як база дадзеных… і арганізатар здзекаў быў забіты падчас аднаго з рэйдаў ІРА.

Гэтак жа сама, як М. Гандзі лічыцца вынаходцам негвалтоўнага супраціву, — Колінза лічаць вынаходцам сучаснага тэрарызму ў гарадскіх умовах. Гэтыя два чалавекі з розных куткоў Брытанскай імперыі моцна паўплывалі на сусветную практыку палітычнай барацьбы...

Высакароднасць паўстанцаў 1916 года і чалавечнасць, якую праяўлялі некаторыя англічане, — гэтую рыцарскую прыгажосць нібыта спрабавала ўтапіць у крыві ўзаемная жорсткасць падчас англа-ірландскай вайны… Падчас якой гінула і пакутавала мноства і змагароў, і нон-камбатантаў.

У 1921 го­дзе брытанцы пайшлі на саступкі. Група ірландскіх лідараў, у якой быў і Майкл Колінз, падпісалі пагадненне (з брытанскага боку яго падпісваў Уінстан Чэрчыль), згодна з якім Ірландыя атрымала незалежнасць — але без шасці паўночных графстваў, у якіх пратэстанты і прыхільнікі звязу з Англіяй былі супраць аддзялення.

Далёка не ўсе пабрацімы Колінза былі згодныя з такім кампрамісам — і здарылася грамадзянская вайна.

Самога Колінза застрэлілі невядомыя — найверагодней, байцы ІРА з ліку нязгодных з пагадненнем. Я б сказала, што ён загінуў ад кіпцюроў пачвары, якую сам стварыў, — тонам хутчэй рамантызатарскім, чым маралізатарскім.

А вось як можна быць незадаволенымі, атрымаўшы пасля стагоддзяў прыгнёту незалежнасць большай часткі краіны, — таго мая беларуская душа не ўяўляе. Я б пабаялася спакушаць лёс.

А пра шаноўную Марыяну О’Брайан і яе сына, а таксама ягоных сясцёр і іншых членаў сям’і, што актыўна ўдзельнічалі ў супраціве, — вось што скажам. Калі не хочам атрымаць сабе падобную скулу — будзьма паважліва ставіцца да дзяцей і дарослых, да ўсіх народаў і іх права на самавызначэнне. Тое не панацэя — але ж змяншае верагоднасць агрэсіі. А накладаць лапу на чужую свабоду і ідэнтычнасць — пагана само па сабе, незалежна ад вынікаў.

Мой улюбёны ірландскі герой

Гэта, аднак, зусім не Майкл Колінз. Дый нават не харызматычны трагедыйны аптыміст Патрык Пірс. Гэта ўвогуле не адзін з ірландскіх нацыяналістаў.

Той чалавек жыў у XVII–XVIII стагоддзі і вядомы нам праз творы, якімі ён, адукаваны настаяцель кафедральнага сабора ў Дубліне, бавіў вольны час — «Падарожжаў Гулівера».

Джонатан Свіфт (1667–1745) нават не дужа любіў Ірландыю — і тым болей велічнай падаецца нам ягоная праваабарончая дзейнасць. Пратэстанцкі святар змагаўся за правы католікаў. Відаць, гэта быў чыста маральны імпульс барацьбы супраць несправядлівасці.

У той час католікі былі пазбаўленыя права валодаць зямлёй. Дыскрымінацыйныя законы даводзілі іх да галечы; а калі справы ў католікаў пайшлі лепей праз жывёлагадоўлю, то брытанцы забаранілі экспарт ірландскіх тавараў у Англію.

І тады Джонатан Свіфт у сваіх памфлетах пачаў заклікаць ірландцаў да байкоту англійскіх тавараў. Паколькі аўтар быў вядомай асобай, улады не рызыкнулі яго арыштаваць, а замест гэтага арыштавалі ягонага друкара. Але Англія ўсё ж была прававой дзяржавай, і друкар быў апраўданы.

Праблему пратэстантаў і католікаў Дж. Свіфт іранічна прадставіў у «Падарожжах Гулівера» як супрацьстаянне востраканечнікаў і тупаканечнікаў. А яшчэ з-пад ягонага пяра выйшаў твор, які выкрываў уціск католікаў сродкамі зусім радыкальнае сатыры — пад назвай «Сціплая прапанова наконт таго, як зрабіць, каб дзеці католікаў не рабіліся цяжарам для іх сем’яў і для краіны, а каб яны прыносілі карысць грамадству».

«Прапанова» заключалася ў тым, каб… есці дзяцей «у тушаным, смажаным, печаным ці вараным выглядзе», а са скуры іх рабіць пальчаткі. Аўтар абгрунтаваў сваю думку эканамічнай выгадай такога радыкальнага рашэння, а таксама заўважыў, што адначасова зменшыцца колькасць папістаў…

Уяўляю, у якім стане палітычнага раздражнення можна такое напісаць; але шчырае захапленне адчуваеш ад таго, што гэтае раздражненне ў Дж. Свіфта выклікала несправядлівасць у адносінах да той сацыяльнай групы, да якой ён — пратэстант і сын англічаніна — не належаў… Хаця — маці ж яго была ірландка.

pomn_k_dzhejmsu_dzhojsu_znakam_tamu_dubl_ncu.jpg

Помнік Джэймсу Джойсу, знакамітаму дублінцу

 

 

Гістарычная памяць

Гістарычная памяць Ірландыі — жывая і поўная спрэчак, што працягваюцца да сёння.

А на галовах помнікаў нацыянальным героям любяць сядзець вялікія чайкі. Некаторыя дык і не часта ўбачыш без тлустага птаха. Аддай сілы і/ці жыццё ў служэнні народу і атрымай баклана сабе на галаву. Як па мне, дык гэта зусім не прыніжае героя. Рабі, змагайся, памірай — дзеля людзей, дзеля праўды, дзеля сабе, нарэшце. Але ж што датычыцца славы — то бачыш як яе непрадказальнасць, так і камічнасць яе вобразаў.

Ірландскія пацыфісты — рэдкі падвід.

— Хто, — запытваюся ў гіда, — з ірландскіх нацыяналістаў быў пацыфістам?

— Ніводны!.. У Ірландыі ніколі не было моцнага пацыфісцкага руху.

— Хаця не, — працягвае гід, — быў у нас адзін пацыфіст…— Ён распавядае пра Ф. Шыхі-Скефельгтана, патрыёта, пацыфіста і яшчэ змагара за правы жанчын... Нарацыя атрымліваецца насмешлівая: быў адзін пацыфіст, дый таго забілі за паўстанне, у якім ён не ўдзельнічаў.

Тым не менш, прыхільнікі ўмераных ідэй, кшталту самакіравання (home rule), мірных метадаў, прынамсі парламенцкіх — характэрная рыса нацыянальнага руху.

«Але большасць ірландцаў не цікавяцца рэвальверамі і бойкамі, — піша аўтар дзіцячага тэксту. — Яны хочуць танчыць, слухаць музыку…» У адносінах да якой часткі ірландцаў гэта не спраўджваецца?..

Я люблю і шаную баявы дух, але пры гэтым супраць гвалту. Такое спалучэнне сімпатыяў часам прычыняе боль.

Шукаючы і патрыятызму, і пацыфізму, я знайшла Сару, 17-гадовую дзяўчыну, якая працуе ў пабе. Яна лічыць, што ірландская мова найпрыгажэйшая ў свеце, і навучыла мяне некалькім фразам. Зайшла размова і пра персаналіі… «Майкл Колінз — дзёўбаны прыдурак!» — прыкладна так я зразумела эпітэт, якім яна ўзнагародзіла трагедыйную постаць.

На шыі ў Сары боўтаецца ружовы «пацыфік». Я запыталася, ці лёгка быць пацыфістам у Ірландыі; адказ быў станоўчым, з удакладненнем, што зараз большасць людзей не хоча бойкі. Спадзяюся.

Ірландская мова — гэта нацыянальны скарб, які ў ХІХ стагоддзі быў занядбаны; але энтузіясты адрадзілі мову, якой пагражала знікненне. Яе вучаць у школах, але ў Дубліне яе пачуць можна толькі ў пэўных месцах. Але ёсць рэгіёны, дзе размаўляюць толькі на гэльскай.

Я тлумачыла ірландцам, што ў нас беларуская мова — як у іх ірландская, але што гэта мова той жа групы, што і руская, так што лёгка весці двухмоўны дыялог. Так я і сама зразумела, што нам, беларусам, вельмі пашчасціла.