Дырэктар музея Багдановіча Таццяна Шэляговіч: мы будзем працаваць яшчэ больш упёрта

Ніхто з супрацоўнікаў Літаратурнага музея Максіма Багдановіча ў Мінску не напісаў заяву пра звальненне, нягледзячы на змяншэнне заробкаў пасля зніжэнне з 1 красавіка статусу гэтай установы культуры да філіі Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, заявіла ў інтэрв'ю карэспандэнту НЧ дырэктарка музея Багдановіча Таццяна Шэляговіч.



sheliahovic.jpg

Дырэктарка Літаратурнага музея Максіма Багдановіча Таццяна Шэляговіч

Паводле яе слоў, замест пасады дырэктара музея з 1 красавіка ва ўстанове культуры будзе ўведзена пасада загадчыка філіі пад назваю “Літаратурны музей Максіма Багдановіча”. Разам з тым, як паведаміла спадарыня Таццяна, разглядаецца варыянт дзейнасці гэтай установы культуры, як структурнага падраздзялення Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры з захаваннем за філіяй статусу юрыдычнай асобы з асобным рахункам і асобным балансам. Менавіта фондавыя калекцыі гэтай установы культуры, што налічваюць больш за 20 тысяч адзінак пісьмовых, выяўленчых і рэчавых матэрыялаў, а таксама назапашаны вопыт музейнай працы даюць падставы падняць філію на больш высокі арганізацыйны і адміністрацыйны ўзровень, сказала дырэктарка музея.

Таццяна Шэляговіч падкрэсліла, што пасля зніжэння статусу музея ягоныя навуковыя супрацоўнікі “будуць працаваць яшчэ больш упёрта”. Яна ўпэўнена, што “нельга складаць рукі і няма сэнсу гэта рабіць, бо хто, як не мы будзе займацца спадчынай Максіма Багдановіча”. “Справа ў тым. што навуковы супрацоўнік музея не нараджаецца знаўцам сваёй справы. Для таго, каб даследаваць асобу Максіма Багдановіча, увесь гістарычны пласт ягонай эпохі, акалічнасці лёсу і творчасці паэта, патрэбны даволі працяглы час для вузкай спецыялізацыі і працы над сабою, як асобай. Без такой напружанай штодзённай працы па самаадукацыі і самавыхаванню не зможа працаваць у нашым музеі нават выдатнік філалагічнага факультэту ўніверсітэта з цудоўнымі ведамі, які з чырвоным дыпломам закончыў гэтую ўстанову”, — адзначыла Таццяна Шэляговіч.

Яна звярнула ўвагу на тое, што ўсе навуковыя супрацоўнікі музею — гэта сапраўды шчырыя працаўнікі, якія жывуць Багдановічам і адносяцца да яго жыцця і творчасці з любоўю, якая прыходзіць не адразу, а паступова. “Вось чаму з нашага калектыву ніхто не сыходзіць і ўсе навуковыя супрацоўнікі будуць працягваць працу ў нашай установе культуры, нягледзячы на даволі значнае змяншэнне заробкаў, якія ніколі не былі высокімі ў музейных работнікаў. Аднак інтэлігентныя і адукаваныя людзі, якія працуюць у нашым музеі, мараць пра ажыццяўленне сваіх задумаў і мараў. А гэта часта даражэй за грошы”, — сказала Таццяна Шэляговіч.     

Сама яна, як сапраўды творчы чалавек, які чвэрць стагоддзя працуе ў Максімавым доме, шчыра любіць яго (музей для спадарыні Таццяны — гэта яе ўсё, яна можа хадзіць па ягоных залах з заплюшчанымі вачыма, ёй святло нават не трэба!), зыходзіць з прынцыпу: ніколі нельга скардзіцца на час, у якім жывеш, а па мажлівасці трэба зрабіць усё, каб гэты час стаў лепшым.

Таму напрыканцы свайго невялічкага артыкулу хачу выказаць супрацоўнікам сталічнага Літаратурнага музея Максіма Багдановіча і яго дырэктарцы вялікую ўдзячнасць за шчырую адданасць справе ўшанавання імя і спадчыны беларускага нацыянальнага генія Максіма Багдановіча.

На здымку –