Эксперты абмяркуюць пытанні стварэння Цэнтра захавання сусветнай спадчыны
12–13 лютага ў Выканаўчым камітэце СНД у Мінску адбудзецца чарговае пасяджэнне экспертнай групы па дапрацоўцы праекта палажэння аб Цэнтры захавання сусветнай спадчыны дзяржаў —
удзельніц Садружнасці.
Як паведаміла прэс-служба Выканкама СНД, у Палажэнні сфармуляваныя асноўныя мэты і кірункі дзейнасці цэнтра, яго задачы і функцыі, парадак арганізацыі працы і фінансавання. У прыватнасці, Цэнтр прапануецца стварыць на базе кафедры ЮНЭСКА па захаванні горадабудаўнічых і архітэктурных помнікаў (Масква).
Мяркуецца, што супрацоўнікі Цэнтра будуць займацца распрацоўкай і рэалізацыяй сумесных праграм і праектаў краін СНД у галіне ўліку, ацэнкі тэхнічнага стану і захавання помнікаў сусветнай спадчыны з
ужываннем найноўшых навуковых дасягненняў і тэхналогій, вывучэннем, абагульненнем і распаўсюджваннем вопыту дзяржаў Садружнасці ў галіне заканадаўчага забеспячэння захавання, кіравання і абароны
аб'ектаў сусветнай спадчыны. Цэнтр таксама будзе каардынаваць працу па падрыхтоўцы сумесных намінацыйных дасье аб'ектаў выбітной універсальнай каштоўнасці для ўключэння ў спіс ЮНЭСКА,
праводзіць міжнародныя канферэнцыі, семінары і сімпозіумы, займацца прафесійнай падрыхтоўкай і перападрыхтоўкай кадраў, спрыяць супрацоўніцтву краін Садружнасці з рознымі міжнароднымі
арганізацыямі.
Папярэдняе экспертнае абмеркаванне праекта палажэння прайшло ў кастрычніку мінулага года. У ім удзельнічалі прадстаўнікі Арменіі, Беларусі, Казахстана, Кыргызстана, Расіі, Таджыкістана, Туркменістана
і Украіны, а таксама Выканкама СНД. Падчас сустрэчы дакумент быў галоўным чынам дапрацаваны.
Эксперты ўзялі пад увагу інфармацыю аб тым, што напярэдадні пасяджэння расійскі бок прадставіў праекты дагавора аб стварэнні Цэнтра захавання сусветнай спадчыны і яго статута. Паводле меркавання
распрацоўшчыкаў, актуальнасць гэтых дакументаў абумоўлена тым, што цэнтр пазіцыянуецца як міждзяржаўная арганізацыя, такім чынам, ствараецца ў адпаведнасці з нормамі міжнароднага права. Мяркуецца,
што па арганізацыйна-прававой форме цэнтр стане некамерцыйнай арганізацыяй з месцам знаходжання ў Маскве, а значыць, пры падрыхтоўцы праектаў яго ўстаноўчых дакументаў неабходна ўлічваць патрабаванні
расійскага заканадаўства аб некамерцыйных арганізацыях.
Па выніках пасяджэння вырашана накіраваць матэрыялы сустрэчы ў дзяржавы — удзельніцы СНД з просьбай прадставіць свае папраўкі да праекта палажэння, а таксама выказаць пазіцыю адносна
заключэння дагавора аб стварэнні цэнтра і статута цэнтра.
Усе заўвагі і прапановы, што паступілі ад краін Садружнасці плануецца абмеркаваць на бліжэйшым пасяджэнні экспертнай групы.
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН