Аўгустоўская пушча можа стаць транспамежным біясферным рэзерватам
Адпаведную заяўку ў ЮНЭСКА падрыхтуюць удзельнікі транспамежнага праекта “Менеджмент транспамежных асабліва ахоўваемых тэрыторый Алітускага ўезду і Гродзенскай вобласці і іх інтэграцыя ў Пан’еўрапейскую экалагічную сетку”.

Ён стартаваў у Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы.
Праект па праграме транспамежнага супрацоўніцтва Латвія-Літва-Беларусь Еўрапейскай ініцыятывы добрасуседства і партнёрства мае бюджэт каля 280 тысяч еўра і будзе рэалізаваны цягам 2 гадоў.
Беларускія і літоўскія ўдзельнікі праекта будуць праводзіць сумесны маніторынг памежных тэрыторый пад асаблівай аховай, падрыхтуюць адзіную транспамежную метадалогію менеджменту такіх тэрыторый, у прыватнасці, распрацуюць план развіцця транспамежнага заказніка “Чэпкеляй-Котра”.
Па сутнасці, плануецца стварыць адзіную сістэму кіравання прыроднымі заказнікамі па абодва бакі мяжы, каб умовы аховы, прыродакарыстання, дазволы і забароны былі аднолькавымі.
Акрамя таго, гродзенскія навукоўцы маюць намер падрыхтаваць у ЮНЭСКА заяўку на наданне статуса біясфернага заказніка Аўгустоўскай пушчы, якая размешчаная на тэрыторыі трох краін.
Здымак http://blogmira.ru