Фальклорны вянок да 125-годдзя Багдановіча (фота і відэа)
Музей Янкі Купалы і Студэнцкае этнаграфічнае
таварыства зладзілі канцэрт «Фальклорны вянок» да 125-годдзя Максіма
Багдановіча.
У дзень 125-годдзя Максіма Багдановіча, мінскі музей
паэта і яго філіял “Беларуская хатка” на вуліцы Рабкораўскай адкрылі абноўленыя
экспазіцыі.
За гэтымі падзеямі троху згубілася імпрэза,
зладжаная музеем Янкі Купалы і Студэнцкім этнаграфічным таварыствам: канцэрт
“Фальклорны вянок”. Гурты і выканаўцы GUDA, Горынь, MIAREŽA, Калыханка, Віктар Сямашка і Кумпанія, капэля НА ТАКУ,
Кася Радзівілава падрыхтавалі праграму спяванай у фальклорнай манеры паэзіі Максіма
Багдановіча.
Творчасць паэта была цесна звязаная з фальклорам: бабуля Анэля — выдатная казачніца, бацька Адам Рыгоравіч — этнограф. Ён выдаў у Гародні ў 1895 годзе кнігу “Перажыткі старажытнага светаўспрымання ў беларусаў”, дзе абагульніў свае назіранні за народным побытам.
Імпрэза невыпадкова прайшла ў Купалаўскім доме: менавіта Янка Купала, пабачыўшы першыя вершы Багдановіча ў рэдакцыйнай пошце “Нашай нівы”, настаяў на іх публікацыі. Да таго ж сям’я Купалы акурат жыла на вуліцы Аляксандраўскай (сёння Багдановіча), калі там 9-га снежня 1891-га нарадзіўся Максім.
Віктар Сямашка распавёў, што вучыўся ў школе імя Багдановіча на вуліцы Фабрычнай і ў школьным музеі наватзахоўвалася жменька зямлі з магілы паэта ў Ялце.
Гурт “Калыханка” з Міханавічаў пад Мінскам выканаў верш Максіма Багдановіча на традыцыйны вясельны напеў.
Збольшага гурты, шукаючы верш для спявання, карысталіся адзіным прыжыццёвым зборнікам паэта “Вянок”.
Гурт “Горынь” паклаў вершы на калядную і жніўную мелодыі, а таксама матыў танца “Лявоніха”.
Гурт “GUDA” абраў мелодыю вясновай песні “Што й па мору”.
Музыкі Кацярына Радзівілава, Раман Яраш, Аляксей Крукоўскі і Дзяніс Сухі падрыхтавалі кампазіцыі з вялікай інструментальнай часткай.
Вечарына завяршылася танцамі ў фае музея.
Фота і відэа аўтаркі