Музей Анатоля Белага: сабранае застанецца…
Анатоль Яўхімавіч усе музейныя справы браў на
сябе. Але ўжо 6 гадоў гэтым займаецца яго ўдава. 10 снежня спаўняецца 17 гадоў з
дня афіцыйнага пачатку дзейнасці Нацыянальна-мастацкага музею ў Старых Дарогах.
Урачыстае адкрыццё музея адбылося 10 снежня 1999 года. Яно было прымеркавана да 60-годдзя яго заснавальніка — вучонага, калекцыянера і краязнаўцы Анатоля Белага.
Стварэнне гэтага недзяржаўнага сховішча жывапісных і скульптурных твораў беларускіх мастакоў стала прыярытатым для сяброў культурна-асветнага клубу «Спадчына» і яго нязменнага кіраўніка Анатоля Белага, а таксама шматлікіх дабраахвотных прыхільнікаў беларускай справы.
Трэба нагадаць,
што Анатоль Яўхімавіч пры жыцці меў славу заўзятага збіральніка беларускага выяўленчага
мастацтва. З яго асабістай ініцыятывы ладзіліся мастацкія выставы як у
Беларусі, так і за мяжой. Пераважна, аснову гэтых экспазіцый складалі калекцыі
Белага.
Дастаткова нагадаць толькі некаторыя з іх, каб зразумець напрамкі збіральніцкай і выставачнай дзейнасці Анатоля Яўхімавіча. Так, з яго ўдзелам у Мінску прайшлі выставы, сярод якіх такія буйныя, як «Медальернае мастацтва», «Любіць Радзіму, шанаваць родную мову», «Беларусы замежжа», «Уладары старажытнай Беларусі», а выстава «Францыск Скарына і яго час» дэманстраваліся не толькі на радзіме, але і ў ЗША і Расіі.
З часам калекцыя Анатоля Яўхімавіча, якая налічвала больш за тры тысячы адзінак захоўвання, стала нагадваць музей з непрыстасаванымі ўмовамі захоўвання. Да таго ж, мала даступны для тых, хто быў зацікаўлены ў нацыянальным мастацтве. Выхад кіраўнік «Спадчыны» убачыў у стварэнні паўнавартаснага музею, з выставачнымі заламі, алеяй са скульптурнымі помнікамі і арганізаванымі экскурсіямі для школьнікаў і ўсіх гасцей Старых Дарог.
Першая задача — стварэнне выставачных залаў будучага музею пачалася з разбудовы асабістага дома, які перайшоў да Анатоля Белага ў спадчыну ад бацькоў. Для брыгады будаўнікоў з абсталяваннем, магчыма, гэта не праблема, але для неспецыяліста…
Тым не менш, Анатоль
Яўхімавіч узяўся за справу з вайсковай рашучасцю (бо сам былы кадравы вайсковец),
асвойваў тонкасці цяслярскага і сталярнага майстэрства, знаходзячы падтрымку ў
мясцовых спецыялістаў, разбудаваў спадчынную хату ў сапраўды народны музейны
комплекс з чатырма двухпавярховымі дамамі з 8 тэматычнымі заламі агульнай
плошчы каля 500 квадратных метраў.
Па словах Анатоля Яўхімавіча, нічога з запланаванага ім нельга было поўнасцю ажыццявіць без дапамогі яго стрыечнага брата Міхася Антонавіча Белага і братавай жонкі Алы Леанідаўны, іншых жыхароў Старых Дарог, якія дапамагалі будаўніцтву чым маглі.
Пасля таго, як памяшканні будучага музею былі абсталяваны, пачалося фармаванне экспазіцый. У яго залах, згодна з распрацаванай канцэпцыяй, былі размешчаны больш за 1700 твораў жывапісу і графікі, скульптур, твораў медальернага і дэкаратыўна прыкладнога мастацтва.
Сярод твораў беларускіх мастакоў, прадстаўленых у музеі ёсць палотны, графічныя працы Гаўрылы Вашчанкі, Алеся Цыркунова, Аляксея Марачкіна, Леаніда Шчамялёва, Арлена Кашкурэвіча, Генрыха і Яўгена Ціхановічаў, Міколы Селяшчука і іншых масткоў. Акрамя палотнаў і графічных лістоў сучаснікаў, у музеі прадстаўлены творы Язэпа Драздовіча, Уладзіслава Галубка, Пётры Сергіевіча, Міхася Філіповіча, Віталя Цвіркі, Івонкі Сурвілы.
«Мяне яшчэ пашукаюць»
Асаблівасць
Старадарожскага нацыянальна-мастацкага музею (фонд Анатоля Белага) — наяўнасць
тэматычных экспазіцый. Цэнтральную залу музею ўпрыгожваюць 38 партрэтаў князёў
Вялікага княства Літоўскага пэндзля мастака Анатоля Крывенкі.
На музейных плошчах размясціліся экспазіцыі, прысвечаныя Янку Купалу, Якубу Коласу, Максіму Багдановічу. Экспазіцыя «Змагарная Беларусь» знаёміць наведвальнікаў музею з жыццём і змаганнем Тадэвуша Касцюшкі і яго паплечнікаў, з падземі паўстанняў 1831 і 1863 гадоў, з подзвігамі «беларускай Жаны д’Арк» — Эміліі Плятэр, а таксама, кіраўніка паўстання 1963 года Кастуся Каліноўскага.
Беларуская Жанна Д’арк — ліцвінка Эмілія Плятэр
Асабліва стваральнік музею ганарыўся экспазіцыяй музея, якая прысвечана Народнаму пісьменніку Васілю Быкаву. На стэндах размешчана каля 200 экспанатаў: запісныя кніжкі пісьменніка, яго аўтографы і малюнкі. У музеі прадстаўлены асабістыя рэчы, фотаздымкі розных гадоў, ілюстрацыі да апавяданняў і аповесцяў Васіля Быкава.
На тэрыторыі музею створана Алея выдатных беларусаў, помнікі якім былі ўзведзены сябрамі клуба «Спадчына» пад кіраўніцтвам Анатоля Яўхімавіча. Наведвальнікі заўсёды спыняюцца каля помніка «Змагарам за родную мову», ля першага ў Беларусі помніка паэтцы Ларысе Геніюш, бюстаў бацькі і сына Багдановічаў, адзінаму ў Беларусі помніку выдатнаму беларускаму гісторыку і археографу Міколу Улашчыку, першы ў Беларусі памятны знак «Героям Грунвальда».
Трэба адзначыць, што пасля адкрыцця Нацыянальна-мастацкага музею ў Старых Дарогах (фонд Анатоля Белага) бесперарыўна адбываліся змены экспазіцый, праводзіліся шматлікія экскурсіі для школьнікаў, гасцей з ўсёй Беларусі і замежжа. Быў выдадзены цудоўны па якасці і зместу мастацкі каталог калекцый прыватнага музея Анатоля Белага «Раскрылі крылы музы».
Анатоль Белы: талент быць грамадзянінам і чалавекам
Збіральніцкая, грамадская і асветніцая дзейнасць Анатоля Яўхімавіча была высока адзначана міжнароднай супольнасцю: заснавальнік Старадарожскага музею быў уганараваны медалём «Узнагарода ХХ стагоддзя» Міжнароднага бібліяграфічнага цэнтра ў Кембрыджы , а яго імя тым жа цэнтрам было ўключана ў спіс 2000 інтэлектуалаў ХХ стагоддзя з уручэннем адпаведнага сертыфікату і дыплома.
Калі быў жывы Анатоль Яўхімавіч, лекцыі і экскурсіі, гаспадарчыя справы музею ён браў на сябе. Пасля ж заўчаснай смерці стваральніка музею ў 2011 годзе, справу па дагляду памяшканняў, аплаце камунальных паслуг і экскурсійнаму абслугоўванню ўзяла на сябе ўдава Анатоля Яўхімавіча — Ала Мікалаеўна. Дзякуючы яе працаздольнасці і любові да справы, якой яе муж прысвяціў усё жыццё, музей працуе і сёння, развіваецца і прымае гасцей з розных куткоў Беларусі і з-за мяжы.
Негледзячы на сталы ўзрост, Ала Мікалаеўна заўсёды рада распавесці гасцям пра гісторыю стварэння музею, пра тыя мастацкія скарбы, якія напаўняюць яго экспазіцыі, пра аўтараў твораў і іх лёсы.
Дзеля таго, каб пазнаёміцца з экспазіцыямі Старадарожскага нацыянальна-мастацкага музею, трэба замовіць экскурсію па тэлефонах: +375 17 245-66-08, +375 17-92-57-068 ці +375 29 167-14-05 (Ала Мікалаеўна), +375 29 199 40 01 (Міхаіл Антонавіч). Для тых, хто пажадае дабрацца да музею Белага на аўтатранспарце, нагадаем яго адрас: Старыя Дарогі, вул.Садовая, дом 52. Уваход вольны.