Фігуры тыдня: Міхаіл Тумеля, Андрэй Арамнаў, Сямён Шапіра

Міхаіл Тумеля   Анімацыйная стужка беларускага рэжысёра Міхаіла Тумелі «Як служыў я ў пана» з цыклу «Музычная шкатулка» атрымала прыз журы ў намінацыі на лепшае гукавое рашэнне «За музычную драматургію» на 18-м Адкрытым расійскім фестывалі анімацыйнага кіно ў Суздалі.  



tumelia.jpg

«Як служыў я ў пана» — экранізацыя вядомай беларускай песні пра работніка, які вырашыў наладзіць уласную гаспадарку, а для гэтага наняўся на службу да багатага пана. Фільм зроблены ў стылі традыцыйнай папяровай «выцінанкі».

Дыпломам журы «За тапаграфію казачнасці» таксама адзначаны беларускі мультфільм «Піліпка» рэжысёра Таццяны Кубліцкай. Гран-пры фестывалю атрымала стужка «Бессмяротны» расійскага рэжысёра Міхаіла Алдашына.

Усяго на конкурс было прадстаўлена пяць работ беларускіх аніматараў: стужкі «Беларусьфільма» «Белоснежка и Алоцветик» (Е. Пяткевіч, 2012), «Як хацела мяне маці замуж выдаць» (цыкл «Музычная шкатулка», В. Пяткевіч, 2012), «Як служыў я ў пана» (М. Тумеля, цыкл «Музычная шкатулка», 2012), «Піліпка» (Т. Кублицкая, 2012), «Ясны Сокал» (І. Кадзюкова, 2012).


Андрэй Арамнаў

aramnaw.jpg

Алімпійскі чэмпіён Пекіна–2008 па цяжкай атлетыцы Андрэй Арамнаў заняў другое месца ў вагавой катэгорыі звыш 105 кілаграмаў на Кубку Беларусі па цяжкай атлетыцы.

Пяць гадоў таму беларускі спартсмен стаў алімпійскім чэмпіёнам у вазе да 105 кілаграмаў. Тады па ходу спаборніцтваў Арамнаў устанавіў тры сусветныя рэкорды. Спачатку ён палепшыў планетарнае дасягненне ў рыўку, падняўшы 200 кілаграмаў, у другім практыкаванні — штуршку — у заключнай спробе ён узяў яшчэ адну рэкордную вагу — 236 кілаграмаў і ў суме двубор’я набраў 436 кілаграмаў, што таксама з’явілася на той момант новым сусветным рэкордам. У параўнанні са сваім алімпійскім дасягненнем зараз Андрэй Арамнаў здолеў падняць на 15 кілаграмаў менш.

На Алімпіядзе–2012 у Лондане Андрэй Арамнаў не выступаў з-за траўмы, атрыманай падчас адборачных спаборніцтваў на галоўны старт чатырохгоддзя. Цягам апошніх год Андрэй Арамнаў неаднаразова трапляў у непрыемныя гісторыі. Работнікі ДАІ Беларусі затрымлівалі атлета за кіраванне аўтамабілем у нецвярозым стане. Спартсмен быў пазбаўлены вадзіцельскіх правоў, прэзідэнцкай стыпендыі (часова), аштрафаваны. У дадатак да ўсяго паведамлялася пра выяўленне ў яго арганізме слядоў канабіноідаў падчас даследавання допінг-пробаў, узятых на мінскім чэмпіянаце Еўропы–2010 па цяжкай атлетыцы. Таксама спартовец увесь час канфліктаваў з былым галоўным трэнерам нацыянальнай каманды Беларусі па цяжкай атлетыцы Аляксандрам Ганчаровым, які сышоў у адстаўку з пасады ў студзені 2013 года.


Сямён Шапіра

shapira.jpeg

Звольніць аўтара нашумелай кнігі «Гродназнаўства» загадаў старшыня гродзенскага аблвыканкаму Сямён Шапіра, паведамляе тэлеканал Белсат. Пра гэта распавёў сам чыноўнік падчас сустрэчы з выкладчыкамі і супрацоўнікамі Гродзенскага ўніверсітэту.

«Наконт Чарнякевіча прымаў загад я асабіста», — раскрыў таямніцу звальнення гісторыка і дацэнта ГрДУ Андрэя Чарнякевіча Сямён Шапіра.

У сваім выступленні ён пахваліў універсітэт за тэхналагічныя дасягненні і раскрытыкаваў за хібы ў ідэалагічнай працы. Пра гэта «Белсату» распавяла адна з прысутных на сустрэчы ў ГрДУ. «Напісалі падручнік і надрукавалі за мяжой. За чые грошы? — Выступаў галоўны чыноўнік Гродзеншчыны. — Не, каб да мяне прыйсці і пагаварыць!»

Шапіра ўпікнуў былога рэктара Яўгена Роўбу, што той марудзіў са звальненнем Андрэя Чарнякевіча быццам праз сваё знаёмства з бацькам гісторыка, які таксама працаваў у купалаўскім універсітэце. Старшыня аблвыканкаму прызнаўся, што ён уласнаручна даў загад звольніць аднаго з аўтараў падручніка «Гродназнаўства» Андрэя Чарнякевіча.

Сямён Шапіра таксама падзяліўся з прысутнымі, што рэгулярна чытае зводкі КДБ і ведае ўсё: «Ва ўніверсітэце 16 чалавек, які заклікаюць зрынуць уладу».

Скандал з падручнікам «Гродназнаўства» разгарэўся летась у верасні, калі з фармулёўкаю «за парушэнне працоўнай дысцыпліны» з ГрДУ звольнілі аднаго з аўтараў — Андрэя Чарнякевіча. За 2 дні да звальнення выкладчыка тэрмінова выклікаў да сябе загадчык цэнтру кадравай і прававой работы ўніверсітэта. Падчас размовы ў кабінеце прысутнічалі загадчык аддзелу бяспекі ўніверсітэта і супрацоўнік КДБ. Галоўнай тэмай размовы быў падручнік «Гродназнаўства».