Палата для невылечна хворых немаўлят адкрыецца ў Гродзенскім доме дзіцяці
Першая ў вобласці паліятыўная палата будзе працаваць у межах праекта грамадскага аб’яднання “Беларускі дзіцячы хоспіс” пры фінансавай падтрымцы Дзіцячага фондe ААН (ЮНІСЭФ).
Тут змогуць атрымаць кваліфікаваную медыцынскую дапамогу і догляд дзеці ад нараджэння да 3–4 гадоў.
PR-менеджар праекта Таісія Гайсан распавядае:
— У дадзены момант 2 доктара і 2 медсястры з Гродна праходзяць стажыроўку ў нас у хоспісе.
Палата адкрыецца, калі будуць падрыхтаваныя ўсе дакументы, набыта неабходнае абсталяванне, да таго ж палата знаходзіцца ў старым корпусе Дома дзіцяці, які трэба рамантаваць.
Для дапамогі безнадзейна хворым дзецям Дом дзіцяці аддае 2 пакоі, дзе адначасова змогуць знаходзіцца 10 дзяцей.
Такія дзеці ёсць тут і зараз: некаторых бацькі пакідаюць у Доме дзіцяці часова, каб атрымаць перадышку.
Мяркуецца, што паслугі “сацыяльнай перадышкі” будзе прапаноўваць і паліятыўная палата.
— Гэта таксама праект “Беларускага дзіцячага хоспіса”. Ён працуе ў Мінску, Івянцы, Бабічах і Чэрвенецкім дзіцячым інтэрнаце, — адзначае Таісія Гайсан.
На 28 дзён у год, але не больш, чым на тыдзень за адзін раз, бацькі невылечна хворых дзяцей могуць скарыстацца такой паслугай.
Пакуль іх дзеці будуць знаходзіцца пад наглядам кваліфікаваных спецыялістаў, яны змогуць крыху адпачыць, вырашыць свае праблемы.
Усяго ў Гродне каля 60 дзяцей да 18 гадоў, якія маюць патрэбу ў паліятыўнай дапамозе, у Гродзенскай вобласці — каля 300.
Дзеля падтрымкі гродзенскіх сем’яў з невылечна хворымі дзецьмі, “Беларускі дзіцячы хоспіс” мае ў планах адкрыццё кабінета паліятыўнай дапамогі.
— Кабінет будзе створаны на базе паліклінікі №2. Сюды можна будзе прыйсці, атрымаць дапамогу, медыкаменты, кансультацыю ўрача, — кажа Таісія Гайсан.
У кабінеце адмыслова падрыхтаваныя спецыялісты змогуць надаць гэтым сем’ям дастаткова ўвагі, чаго не могуць зрабіць участковыя ўрачы, якія маюць дзясяткі выклікаў на дзень.
З часам такі кабінет можа адкрыцца і на базе паліклінікі №1.
Здымак http://www.medvestnik.by