Фінскае танга пад парасонамі (фота, відэа)
У Верхнім горадзе 29 ліпеня фестывалем фінскага танга адзначылі 100-годдзе незалежнасці Фінляндыі.

Перад фестывалем можна было размяцца падчас майстар-класа па беларускіх і сярэднявечных танцах ад тэатра «Яварына» і спаборніцтваў, наладжаных клубам рэканструкцыі эпохі Ранняга Сярэднявечча TRUE VARING, што нядаўна адзначыліся на фестывалі ў Кярнаве.

Танцорам не замінаў нават дождж, што то накропваў, то сціхаў на працягу ўсёй імпрэзы.

Кіраўнік аддзялення амбасады Фінляндыі ў Беларусі Лаўры Пулола падчас адкрыцця фестывалю выбачыўся, што пакуль не гутарыць па-беларуску, прадэманстраваў веданне ўкраінскай мовы і працягнуў прамову па-руску. Ён адзначыў, што да атрымання незалежнасці Фінляндыя мела вялікую аўтаномію ў складзе Расійскай імперыі, але толькі 6 снежня 1917-га паўстала як цалкам самастойная дзяржава. Фіны любяць танга, гэта вялікая частка іх культуры, некаторыя нават часам жартуюць, можа, на самай справе фіны, а не аргентынцы вынайшлі гэты танец?

Адным з хэдлайнераў фестывалю ў Мінску выступіў фінскі «кароль танга» 2014 года, спявак і танцор Тэему Ройванен, які перамог на фестывалі ў Сэйняёкі (самы папулярны фестываль танга ў Фінляндыі, штогод збірае да 100 тысяч гледачоў і ўдзельнікаў). «Каралі» і «каралевы» танга ў Фінляндыі становяцца вельмі заўважнымі публічнымі фігурамі.

Фінскае танга ў параўнанні з аргентынскім мае шэраг асаблівасцяў. Падчас майстар-класа «каралева танга» Ханна Аянаха адзначыла, што адразу бачыць па рухах танцораў, хто займаўся аргентынскім танга. У фінскім варыянце паслядоўнасць з 4 крокаў сканчваецца прыстаўным, кавалер заўсёды пачынае з левай нагі, а дама — з правай. Да таго ж дама стаіць не проста перад кавалерам, а трохі левей, і нахіляецца да яго корпусам.
Адна з удзельніц майстар-класа, Вольга Радзько, распавяла, што ўжо 8 год танчыць аргентынскае танга. На яе думку, у аргентынскім варыянце крокі і рытм больш вольныя, а музыка — складанейшая, больш шматслойная. Танцорка паведаміла, што аргентынскае танга, як і іншыя віды танцаў, неаднастайнае. Ёсць бальныя варыянты, арыентаваныя на гледачоў, на выступ, а ёсць сацыяльныя, дзе галоўнае — задавальненне партнёраў ад узаемадзеяння. Апошні від практыкуюць удзельнікі танцавальных вечарын, што адбываюцца ў гэтым сезоне на тэрасе кавярні Купалаўскага тэатра па нядзелях і панядзелках а 20.00. Далучайцеся!
Майстар-клас па фінскім танга ад Ханны Аянахі і Віле Іманена быў настолькі паспяховым, што некаторыя ўдзельнікі потым каля галоўнай сцэны падтрымлівалі танцам спеўны выступ Тэему Ройванена. Той выканаў шэраг танга-хітоў: «El Choclo» і «La Cumparcita» ў перакладзе на фінскую мову ды іншыя кампазіцыі. Яшчэ спеў беларускую песню «Рэчанька», якая лічыцца народнай (магчыма, гэта ўсё ж аўтарскі тэкст).

Уразіў публіку штукар-ілюзіяніст Ёні Паканітэ. Нават ведаючы тэхналогію фокусаў, складана было ўсачыць, як жа ў яго яны атрымліваюцца? Падчас фестывалю працавалі гульнёвыя, адукацыйныя і кулінарныя пляцоўкі, прайшлі паказы фінскіх фільмаў, арганізаваныя камандай Фестывалю кіно паўночных і балтыйскіх краін «Паўночнае ззянне». У бары «Хороший год» дэманстравалі праграму «Фінскі кароткі метр. Маладыя ды імпэтныя». Падчас прагляду прайшла сустрэча з фінскім рэжысёрам Аку Лоўхіміесам. Ён працуе на мяжы мэйнстрыму і артхаўсу, падымае вельмі кранальныя для фінаў тэмы і з’яўляецца бадай што адным з самых касавых сучасных фінскіх рэжысёраў.

Тыя, хто хацеў глыбей спазнаць феномен фінскага танга, маглі паглядзець на яго вачыма аргентынскай рэжысёркі Габрыэлы Апарычы ў фільме «Фінскае танга» на летняй тэрасе кавярні Chill Out. Ахвочыя працягнуць знаёмства з фінскім кінематографам маюць магчымасць зрабіць гэта ўвечары 30 ліпеня падчас фэста FSP. А 19:15 каманда фестывалю «Паўночнае ззянне» паказвае там фільм Эрыка Бломберга «Белы паўночны алень».
На інфармацыйнай пляцоўцы наведвальнікі фестывалю фінскага танга маглі ўзяць матэрыялы пра Фінляндыю. З іх можна даведацца, напрыклад, што фіны так жа, як і беларусы, любяць бульбу і лічаць яе фінскія гатункі найлепшымі ў свеце: «кароткае лета садзейнічае захаванню пажыўных рэчываў у зямлі і прымушае бульбу весці барацьбу за выжыванне, праз што смак становіцца вельмі насычаным». Маладую бульбу фіны ядуць і дома, і ў рэстаранах.

Ганна Радзько, у нядаўнім мінулым студэнтка ўніверсітэта ў горадзе Турку, і Настасся Рыбалтоўская, што нядаўна паступіла ва ўніверсітэт у Хельсінкі, прэзентавалі магчымасці навучання ў Фінляндыі. Адукацыя там дармовая, вучыцца можна па-фінску, па-шведску ці па-ангельску (шведская — другая дзяржаўная мова Фінляндыі, хаця шведскамоўная супольнасць складае ўсяго 6 % насельніцтва). Праўда, англамоўны бакалаўрыят у Фінляндыі нядаўна стаў платным. Але з беларускім дыпломам аб вышэйшай адукацыі можна паступіць у дармовую магістратуру. Для даследчыкаў (аспірантаў) дасяжныя стыпендыі EDUFI на 3-12 месяцаў.
Фестываль фінскага танга — ужо не першая з імпрэз, што прайшлі сёлета ў Мінску з нагоды 100-годдзя атрымання Фінляндыяй дзяржаўнай незалежнасці: фестываль завяршыў тыдзень фінскай кухні, а ў маі адбылася прэзентацыя беларускага пераклада кнігі «100 сацыяльных інавацый Фінляндыі».
Фота, відэа аўтара