Ганна Янкута: Захапляюся сваімі калегамі, якія працягваюць ствараць кнігі

Пісьменніца Ганна Янкута летась дэбютавала як паэтка — са складанымі праектам «Геалогія» / «Канстытуцыя». Але да таго яна паспела выдаць шэраг дзіцячых кніг, якія ўжо знайшлі свайго маленькага чытача. Пра дзіцячую літаратуру і творчыя планы з Ганнай Янкута паразмаўляла Мова Гомель для выдання «Гомель Штодзень».

Ганна Янкута. Фота: facebook.com

Ганна Янкута. Фота: facebook.com


— Беларуская дзіцячая літаратура сёння — гэта аўтарская літаратура, пераклады? Як бы вы ацанілі яе стан і запатрабаванасць у чытачоў?

— Вельмі цяжка гаварыць пра стан і запатрабаванасць беларускай дзіцячай літаратуры сярод чытачоў, калі магчымасцей выдаваць яе робіцца ўсё менш. Незалежныя выдавецтвы, якія публікуюць кнігі па-беларуску, ліквідуюцца, многія дзіцячыя пісьменнікі ў Беларусі не могуць ладзіць выступы ў школах і бібліятэках, сярод палітзняволеных ёсць у тым ліку і аўтары кніг для дзяцей (Андрэй Скурко, Дзмітрый Юртаеў). Таму немагчыма сказаць, пераклады сёння выклікаюць больш цікавасці ці аўтарская літаратура — значэнне перадусім мае тое, што ўдалося выдаць. Я цяпер не надта магу адсочваць, што публікуецца ў Беларусі, з сёлетняга прыгадваю хіба што выданні «Папуры»: «Ідэальны момант» Сюзаны Ізэрн (пераклала Дар’я Вашкевіч) і «Ева намалявала коніка» Святланы Татарнікавай, а з таго, што выйшла за мяжой, — «Казік з Каменнай Горкі» Алеся Кудрыцкага, якую надрукаваў у Польшчы Андрэй Янушкевіч і якая нядаўна прэзентавалася на кніжным кірмашы ў Беластоку. Новыя кнігі для дзяцей выдаюць таксама «Тэхналогія» і «Кніжны рысь», напэўна, ёсць яшчэ нешта, што не трапіла ў поле майго зроку. Але гэта ў любым разе зусім мала для таго, каб казаць пра нармальнае функцыянаванне культурнай прасторы

Яшчэ больш сітуацыю ўскладняе тое, што і выдавецтвы, і чытачы раскіданыя па розных краінах. Калі кніга выходзіць у Польшчы, дабрацца да яе тым, хто жыве, напрыклад, у Беларусі ці ў Грузіі, не так і проста. Крыху больш даступнымі кнігі робяць аўдыёпраекты — у апошнія гады запісам аўдыёкніг займаецца некалькі каманд: «Кніжны воз», audiobooks.by, «Камунікат». Найбольш поўную інфармацыю пра беларускія аўдыёкнігі можна знайсці на старонцы audiobooks.by (з нядаўняга часу ў Беларусі яе заблакавалі). З агучкай дзіцячай і падлеткавай літаратуры працуе «Кніжны воз» — у гэтым прыкладанні, якое можна бясплатна спампаваць на мабільны, ужо ёсць больш за 50 аўдыёкніг, і каманда пастаянна працуе над папаўненнем збору. У іх ёсць і класіка беларускай дзіцячай літаратуры, і пераклады, і нават кнігі і казкі, якія на паперы не выходзілі. Беларуская дзіцячая літаратура — гэтак жа як і беларуская літаратура і культура ўвогуле, — спрабуе неяк выжыць, гэта, напэўна, асноўнае, што пра яе цяпер можна сказаць.

— Ваша асабістае падарожжа з дзіцячай літаратурай  — калі і з чаго пачалося і ці плануеце працягваць яго надалей?

— Сваю першую кнігу для дзяцей я пачала пісаць улетку 2017 года, і гэта была гісторыя пра ката Шпрота. Я тады жыла ў Мінску і толькі пераехала з Сухарава ў ваколіцы парка Чалюскінцаў, і гэты раён мяне зачараваў. Я хадзіла старымі дварамі і ўяўляла, як у паўзмроку перашэптваюцца прывіды. Потым прыдумала ім імёны — Мара і Жан-Жах, — і з гэтага вырасла кніга «Кот Шпрот і таямніца атракцыёнаў». Мне хацелася напісаць казку пра свой раён: каб у ёй згадваліся пазнавальныя мясціны і каб любое дзіця, прачытаўшы яе, магло разам з бацькамі трапіць туды, дзе адбываюцца прыгоды. Менавіта таму мастачка Лілія Давыдоўская змясціла на форзацы кніг пра Шпрота карту парка Чалюскінцаў і Батанічнага сада. Нам хацелася, каб Мінск зрабіўся па-свойму чароўным горадам.


Усяго на сённяшні дзень у мяне выйшла 5 кніг для дзяцей з ілюстрацыямі Ліліі Давыдоўскай: тры гісторыі пра ката Шпрота, аповесць «Марта і яе мара пра снег» і экалагічная казка «Вам дапаможа КВА». Усе іх можна паслухаць у прыкладанні «Кніжны воз» з любой кропкі свету, у папяровым выглядзе ў продажы засталася толькі «Марта». Яшчэ адна невялікая кніга — прыквел да гісторый пра ката Шпрота — чакае публікацыі, і я дапісваю працяг казкі пра КВА, але ён таксама будзе зусім кароткі.

Калі ж казаць пра далейшыя планы, то гэта вельмі складанае пытанне. Усе мае кнігі (апроч апошняй гісторыі пра Шпрота і працягу казкі пра КВА) пісаліся ў Беларусі, калі ў мяне было ўладкаванае жыццё і дастаткова вольнага часу, каб займацца справай, якая вымагае шмат высілкаў і не прыносіць адпаведнага прыбытку. Цяпер я жыву за мяжой, мне трэба шмат працаваць, каб зарабляць на жыццё, часу на пісанне ў мяне вельмі мала. Да таго ж, цяпер мне цікавей працаваць з літаратурай для дарослых, летась у мяне выйшла першая паэтычная кніга: у Беларусі — пад назвай «Геалогія», а ў Польшчы — «Канстытуцыя», зборнік вершаў на палях асноўнага беларускага закона. Так што, хутчэй за ўсё, у найбліжэйшыя гады вярнуцца да дзіцячай літаратуры магчымасці ў мяне не будзе.

— Кот Шпрот. Якая гісторыя стварэння вашага героя і як вам бачыцца яго будучыня?

— Казачны кот Шпрот атрымаў імя ў гонар рэальнага ката, які доўгі час у нас жыў. Ён быў вельмі кантактным і любіў таварыства людзей, аднак меў нашмат больш гадоў, чым яго кніжны цёзка. Што, зрэшты, не перашкодзіла яму аднойчы паспрабаваць уцячы з нашага балкона на першым паверсе — я ледзь паспела ўхапіць яго за хвост. Таму я лёгка магла ўявіць, што аднойчы яго ўцёкі будуць паспяховымі і ён пазнаёміцца з прывідамі, якія жывуць у двары.


Першапачаткова я ўяўляла, што гісторый пра Шпрота будзе чатыры — па адной на кожную пару года. Цяпер ужо ёсць вясновая, летняя і восеньская часткі, не хапае толькі зімовай. У ёй героі кнігі мусілі б разгадваць таямніцу Безыменнага помніка — мне хацелася, каб кніга закранала пытанне рэпрэсій 30-х гадоў, а паколькі гэта вельмі складаная праблема і я дагэтуль не вельмі ўяўляю, як працаваць з ёй у дзіцячай літаратуры, я пакінула яе на канец. Але, як я ўжо казала, сітуацыя моцна змянілася і я не ведаю, ці будзе ў мяне калі-небудзь шанец вярнуцца да гэтай задумы. Таму пакуль я ў нейкім сэнсе лічу серыю пра ката Шпрота завершанай.

— Якія вашы ўлюбёныя дзіцячыя аўтары і кнігі?

— У дзяцінстве я больш за ўсё любіла цыкл кніг пра мумі-троляў шведскамоўнай фінскай пісьменніцы Тувэ Янсан і таму вельмі радуюся, што цяпер яны ёсць па-беларуску ў перакладзе Алесі Башарымавай і Насты Лабада (выдавецтва Змітра Коласа). І я шчыра захапляюся працай сваіх калег, якія, нягледзячы на ўсе перашкоды, працягваюць пісаць, перакладаць, ілюстраваць, выдаваць і агучваць дзіцячыя кнігі па-беларуску. Гэта і Надзея Ясмінска, якая напісала шмат кніг, сярод якіх я асабліва люблю «Пацеркі і кроплі», «Сподачак для цмока» і «Кусь-Кусяндру», і Наталка Харытанюк, аўтарка «Казак старога Адамкова» і «Казкі пра тое, як Святога Міколу забаранялі», і Надзя Кандрусевіч-Шыдлоўская, якая перакладае на беларускую кнігі шведскіх аўтараў і стварыла сваё выдавецтва «Коска», і Антон Францішак Брыль, які ўклаў зборнік беларускіх чарадзейных казак «Вядзьмар, які рабіўся ваўком» і зборнік казак прабабулі Максіма Багдановіча Рузалі Асьмак, а летась выдаў сваю першую кнігу для дзяцей «Мышыныя Каляды», і Лізавета Лянкевіч, якая ілюструе беларускую класіку для выдавецтва «Папуры», і Андрэй Скурко, які цяпер піша і перакладае творы для дзяцей за кратамі, і многія-многія іншыя.


Вельмі шмат для папулярызацыі беларускай дзіцячай літаратуры зрабіла ў свой час каманда прэміі Цёткі.

А з таго, што можна паслухаць на «Кніжным возе», я вельмі раю «Тэатр шчаслівых дзяцей» Альгерда Бахарэвіча, «Вялікія прыгоды Какоса Маракоса» Сержа Мінскевіча, гісторыі пра паноў Кубліцкага ды Заблоцкага Пятра Васючэнкі, «Італьянскае падарожжа» Аляксандры Хамянок і «Прыгоды мышкі Пік-Пік» Людмілы Рублеўскай (гэтая кніга, да таго ж, фантастычна агучаная ідэальнай мышшу Крысцінай Дробыш).