Харошыя раёны — гэта дрэнныя раёны. І наадварот

Памеры і форма акна вызначаюць думкі, што прыходзяць, калі мы глядзім праз акно ў неба. Сад, штодня сузіраны праз шкло, вызначае колер тваёй душы чынам, прынцыпова адрозным ад сценкі суседняга шаснаццаціпавярховага гмаху. Нават форма лавы ля пад’езда мае значэнне для ўнутранага маналогу, што стварае цябе штодня.

a132a8af9b9d90edd8b3b2c890f362c7.jpg



У Мінску ёсць тры тыпы жытла. Сталінскае, з вялікімі вокнамі, упрыгожанымі эркерамі, з балконамі, якія часцяком маюць памеры стандартнай панельнай кухні, з курданёрамі, палісаднікамі, ільвамі ды фантанамі. Іх двары — гэта міні-паркі, па якіх можна задуменна гуляць гадзінамі. На лавах тут можна чытаць, бы на цяністых прытулінах за планетарыем у парку Горкага. Пры ўсім вытанчаным эстэтычным пафасе, сталінскія двары добра абжытыя людзьмі. Гэта не музейная прастора, кшталту барочнага саду ў Патсдаме, гэта месца, якое быццам працяг унутранага быту ў знешні свет. Двор — гэта «трэці пакой» для тутэйшых двухпакаёвак. І нават нешматлікія захаваныя савецкія статуі тут распісаныя вандаламі з такой любоўю і пяшчотай, бы знаходзяцца ўнутры нечага прыватнага інтэр’еру, а не за межамі яго. Тут можна пабачыць развешаную бялізну — нібы на вузенькіх вуліцах Амальфі ў сярэдзіннай Італіі. Тут мінак — у гасцях, яго вылучаюць, суправаджаюць позіркам, каб раптоўна не панёс чыіх непрасохлых шкарпэтак.


Другі распаўсюджаны мінскі тыпаж — хрушчоўкі. На эстэтычным узроўні тут ужо ўсё вельмі сціпла, хай сабе можна знайсці і альтанкі, і дзіцячыя зоны з вычварнымі драўлянымі статуямі, і спартовыя пляцоўкі, і цяністыя садкі. Тут для забавы пралетараў могуць бахнуць, напрыклад, сапраўдны вадаём, як у Зялёным Лузе ўздоўж вуліцы Сядых, ці ля Партызанскага, уздоўж завулка Клумава. Але атмасфера ў дварах ужо іншая, тут, у прынцыпе, ужо няма «мясцовых» і мінакоў, тут усе — крышачку мінакі. І той факт, што дзе-небудзь у раёне Шчарбакова прысутнічае вялікая імавернасць атрымаць ад мясцовых з нагі пад рэбры, — хутчэй сведчанне няўпэўненасці гэтых самых мясцовых у тым, што гэтая тэрыторыя напраўду належыць ім, што на яе скарбы — дзяўчонак ды віно (а таксама на прытоеныя ў хмызняку лавачкі, на якіх так салодка запіваць другім першае), ніхто прэтэндаваць не здольны. Тут ужо прысутнічае вайна — за парковачныя месцы, за месца ў чарзе нешматлікіх крамаў, якія яшчэ не зрабіліся «Рублёўскім». Тут ужо нікому ў галаву не прыйдзе вывесіць на вуліцах бялізну, бо яе калі не свіснуць — дык з асалодай абасцуць. Двары ў хрушчоўках — гэта месца для боек ды зухаватага (хутчэй, пакуль суседзі не паклікалі мянтоў!) алкагалізму.


Трэці тыпаж — гэта панельныя шматпавярховікі: Малінаўка, Паўднёвы Захад, Серабранка, Зялёнкі, Курасоўшчына. Буйнапанельнае домабудаўніцтва. Аднолькавыя квадратненькія вокны. Аднолькавыя двары. Аднолькавая планіроўка. Ля пад’ездаў ёсць лавы, але яны дакладна не для чытання. Тут амаль ніхто не п’е на паветры, бо няма дастаткова буйнога хмызняку. Тут побыт — гэта ўжо суцэльная бясконцая вайна, і месца, якое некалі мроілася архітэктарам пад дзіцячыя пляцоўкі, у тры паверхі застаўленае машынамі. Але нават тут, у савецкіх панельках, ёсць нейкія опцыі для вольных заняткаў. Хай сабе за кіламетр, але будзе стадыён. Хай сабе за пяць прыпынкаў, але — лес, парк, штучны вадаём ці нават вялікі сад. Адпачынак па-за межамі кватэры — нешта, пра што ўжо трэба рупіцца, але ён усё ж дасяжны.


І тут мы падыходзім да нечага вельмі цікавага. Да шматпавярховых гмахаў новабудоўляў, якія — насуперак вашым чаканням — я не здольны вылучыць у асобную катэгорыю. Бо ў пластычным плане ўсе тыя вышынныя праекты, якія павытыркаліся на ўскраінах Мінска ды падбіраюцца ўсё бліжэй да цэнтра (Маякоўка, Дзяржынскага, Прытыцкага, Пераможцаў), уяўляюць сабой той самы дзевяціпавярховы дом-сценку з тыповымі вокнамі ды настойлівым пахам бетону ў пад’ездзе. Так, ён абвешаны дурнаватымі пірамідкамі, да блочных паверхняў наляпілі балясін ды люстранога шкла, але калі счысціць пластык, пабачым, што нічога не змянілася — шаснаццаць паверхаў таго, чаго раней было дзевяць.


Мне было цікава пабачыць, чым жывуць такія гэтыя мурашнікі, і я зазірнуў у іх двары. Дзеля чысціні эксперыменту я сунуў свой нос ў настолькі розныя куты, як масавая забудова Каменнай Горкі, дзе ўзнік фактычна другі Мінск, гэткі Мінск-2, пабадзяўся па пустынных вуліцах Лябяжага, пашпацыраваў па пляцоўках новых дамоў Маякоўскага, пашнарыў у раёне Грушаўкі і не забаяўся нават сунуцца на Адэскую, дзе апошнім часам узнікла некалькі аднолькавых шматпавярховых вежаў Сарумана.


Усе згаданыя тэрыторыі яднае адсутнасць не толькі штучна створаных паркаў ці вадаёмаў, не толькі ўтульных лавачак, у хмызняку ці без яго, не толькі альтанак ля вадаёмаў, тут няма наогул ні-чо-га! Тут людзі нагодай для гонару лічаць адзіны на раён — аграменны па памерах раён — прадуктовы гіпер. Школы? Дзіцячыя сады? Паліклінікі? Рэкрэацыйныя зоны пад адкрытым небам? Не, не чулі! Адзіныя інфрастурктурныя адзінкі, кемліва прапанаваныя праектантамі, — гэта невялічкія паркоўкі, відавочна несувымерныя з колькасцю аўто, якімі валодаюць мурашы. Адсюль — барацьба за прастору, паркаванне ў тры шэрагі, перакрыццё выездаў.


Апошнім часам у горадзе сталася маднявым змагацца з тымі, хто дрэнна паркуецца. Але змагацца трэба з тымі, хто праектуе паркоўкі, якія здольныя забяспечыць патрэбы толькі 30% жыхароў. Гэта прычына. Хамства — вымушаны вынік перанаселенасці.


Адзіны занятак, якому могуць аддацца жыхары гэтых новых паліц для жыцця, — шопінг! Прычым крамы ва ўсіх новых кварталах прыкладна аднолькавыя. «Люстры, шторы, фарбы» — быццам рамонт увесь дом будзе весці перманентна. Абавязковы «салон дзвярэй». Абавязкова — крама з кветкамі з рамантычна-правінцыйнай назвай. Непазбежнае «жывое піва». Часцяком — піва, аб’яднанае з кавярняй. Яшчэ бывае «жывое піва» + кавярня + кветкі. Арэндная прастора абмежаваная, таму гандляры мусяць збівацца ў арцелі.


Узяў сабе «жывога піва», жонцы — кветкі, каб не крыўдавала — і да тэлека, глядзець НТВ. Афігеннае жыццё! Побач банк маўкліва нагадвае, што крэдыт за гэты твой габітус яшчэ не пагашаны. Абавязковы installment — салон прыгажосці, і гэта вельмі цікава, таму што калі табе наогул няма куды пайсці на раёне, у трэцюю суботу жыцця тут ты міжволі задумаешся пра дэпіляцыю зоны бікіні, нават калі сам — пяцідзесяцігадовы ўладальнік крамы фарбаў з Рагачова, што наадкладаў сродкаў ды вырашыў перабрацца ў сталіцу.


Тут няма прасторы, у якой ты мог бы сустрэцца з сябрамі, сяброўства не прадугледжанае модусам штодзённага заглядання ў вокны іншай шаснаццаціпавярхоўкі. Тут няма месца для спакою, у паветры носіцца збянтэжанасць, кшталту: і я вось гэтае набыў? За свае грошы?


І самае цудоўнае, што ўсе гэтыя Лябяжыя, Камгоркі, Зялёнкі лічацца добрымі раёнамі. Прэстыжнымі месцамі згуртавання плацежаздольнага сярэдняга класу. Супрацоўнікаў банкаў ды офісаў. Неяк гэты люд здольны выпраменьваць думку пра тое, што жыць так, як яны жывуць, і там, дзе яны жывуць, — прэстыжна. Яны нават (вось для гэткіх двароў!) набываюць Volvo X90, BMW X6, Toyota Landcruiser, а потым маркотна коўзаюцца, не ведаючы, як прыпаркавацца. 


А «сталінкі» на Чайкінай ці Стаханаўскай яны лічаць «дрэнным раёнам», жудасным месцам, дзе алкашня рэжа адно аднаго проста за пляшку чарнілаў. І дзякуючы гэтаму раёны ўздоўж напаўспыненых буйных прадпрыемстваў не апаганьваюцца людажэрнымі панельнымі гмахамі. Кепская рэпутацыя бароніць добрыя куточкі.


То я адкрыю вам вялікі сакрэт. У Мінску ўсё пераблытана, і найперш — уяўленне пра добрыя і дрэнныя яго кварталы. Гэта пераблытанасць трымаецца за кошт вялікай колькасці немінчан, на якую кожнае дзесяцігоддзе прырастае сталіца (прышлых прасцей завабіць, чым тутэйшых).


Добрыя раёны ў гэтым горадзе — насамрэч вельмі дрэнныя раёны. Дрэнныя раёны ў той самы час — самае цудоўнае, што ёсць у сталіцы. Беражыце дрэнныя раёны і нікому не кажыце пра іх бяспеку і хараство.

 

Віктар Марціновіч, budzma.by