Гісторыя належыць не толькі мужчынам

Цікавы, доўгачаканы перадусім у адукацыйнай сферы і нават рэвалюцыйны кніжны праект «Яна была» аўтарства Ірыны Саламацінай і Наталлі Кухарчык з'явіўся зусім нядаўна ў выдавецтве «Галіяфы». 

2_272.jpg

Ці не ўпершыню беларуская гісторыя для дзяцей і падлеткаў загучала з улікам гендэрнай прызмы, жаночай гісторыі адначасова па-беларуску/па-англійску і па-руску/па-англійску. У Беларусі было і ёсць шмат выбітных, смелых, уладных і прадпрымальных жанчын (Алена Аладава, Палута Бадунова, Соф’я Кавалеўская, Саламея Русецкая ці Эміля Плятэр), гісторыі якіх часта адсутнічаюць у папулярных кнігах, падручніках, напісаных на стары манер і часта мужчынамі. Аўтаркі смела і цалкам слушна вярнулі з небыцця імёны выбітных беларусак, якія часцяком не вядомыя нават дарослым беларусам (Тацяна Бірыч, Рахіль Гроднэр, Сафія Гройсман). Таму кніга для дзяцей будзе карысная і для іх бацькоў.
А яшчэ аўтаркі смела адкінулі песімістычнае пасланне Сімоны дэ Бавуар, якая напісала калісці ў эсэ «Другі пол»: «Гісторыя заўсёды належыла мужчынам». Шаснаццаць гісторыяў, шаснаццаць жанчынаў, шаснаццаць досведаў, якія дэманструюць, што свет, гісторыя належылі таксама жанчынам. Дадзеныя гісторыі разбіваюць міт за мітам, якія паланілі жанчынаў: гісторыя належыла ўсім, розум не мае полу, падзел на жаночую і мужчынскую працу існуе, але ён штучны. У кнізе якраз пададзеныя гісторыі жанчынаў з розных сфераў: палітыкі, ваеннай справы, мастацтва, медыцыны, навукі, прамысловасці, педагогікі і г.д.
Таксама важным момантам выдання сталася беларусацэнтрычнасць – часцяком мы ведаем лепей выбітных жанчынаў свету, Расіі, Польшчы, але толькі не Беларусі. Альбо мы проста не ўлічваем беларускае паходжанне, напрыклад, слынных Соф’і Кавалеўскай ці Надзі Хадасевіч-Лежэ, лёгка адмаўляемся ад іх, у выніку імі ганарацца ўсе, акрамя беларусак і беларусаў. Выданне якраз годна карэктуе папярэднія хібы гістарычнай гендарнай адукацыі. Кніга да ўсяго аздобленая працамі шаснаццаці сучасных беларускіх мастачак, якія сумысля для кнігі стварылі свае вобразы гераіняў. 
З усім спісам гераіняў азнаёміцца можна прачытаўшы кнігу, а пакуль хацеў бы падзяліцца дзвюма маімі ўлюбёнымі гісторыямі: лекаркі-афтальмалагіні Тацяны Бірыч і мастачак-сябровак Зоі Літвінавай і Святланы Катковай. Безумоўна, я чуў пра доктаркуТацяну Бірыч, але з кнігі даведаўся цікавых фактаў, напрыклад, пра тое, як яе аўтаматычна партыйцы ўспрымалі за мужчыну, бо выбітны лекар стэрэатыпна асацыюецца хутчэй з мужчынам. А кур’ёзная гісторыя, як вядомы акадэмік павіншаваў прафэсарку Бірыч, паслаўшы тэлеграму з пазнакай мужчынскай формы прозвішча «Бірычу», насмяшыць усіх, указаўшы яшчэ раз на важнасць фемінізацыі мовы. Дарэчы, у вікіпедыі звесткі пра лекарку Бірыч існуюць толькі ў тарашкевічанскай версіі – і там яна была пазначаная да сённяшняга дня як «беларускі лекар». Між іншым, у кнізе не ўсе званні шаснаццаці беларусак фемінізуюцца: так, Эмілія Плятэр – апісваецца з дапамогай дзіўнай формы, якая прышла ў беларускую мову з рускай - «жанчына-афіцэр» (замест проста афіцэрка ці капітанка). Іда Кагановіч – «дызайнер адзення» (а можна проста дызайнерка), Тацяна Бірыч – «прафесар, афтальмолаг», а Соф’яКавалеўская – «матэматык». З апошнімі прафэсіямі цяжэй, але цалкам мажліва і іх фемінізаваць. Хаця, мажліва, аўтаркі кнігі, звяртаючыся да дзяцей, хацелі акуратна падысці да гэтай тэмы і не радыкальнічаць. Калі ж гісторыя належыць усім, то мова ўсё яшчэ застаецца ў палоне мужчынаў.
Гісторыі вядомых мастачак Зоі Літвінавай і Святланы Катковай таксама выдатна ілюструюць традыцыйнае стаўленне да жанчынаў, няхай і вядомых мастачак. Аўтаркі працаў, якія захоўваюцца ў еўрапейскіх музеях, у Беларусі часта ігнаруюцца ці недаацэньваюцца: доказам з'яўляецца тое, як зусім нядаўна ў Мінску падчас рамонту Палацу чыгуначнікаў іх манументальную працу «Мая Радзіма» 1978 году проста заклалі гіпсакардонам. Падаецца, уся жаночая гісторыя ў нас часта проста закладзеная гіпсакардонам. Цікава, што ў вікіпедыі так і няма старонкі, прысвечанай Святлане Катковай. А Зоя Літвінава пазначана, як «беларускі мастак».
Гэтыя і іншыя гісторыі натхняць як дзяўчатаў, так і хлопчыкаў, а яшчэ, няма сумневу, іх бацькоў. Варта спадзявацца, што гэтая кніга – толькі пачатак і ў будучыні мы дачакаемся працягу «Яна ёсць» – пра беларусак, якія сёння ствараюць нашу гісторыю.