Палата прастаўнікоў адмовілася разбірацца з праблемай мам у жаночай калоніі

Заканадаўствам Рэспублікі Беларусь не прадугледжана прадастаўленне асуджаным да пазбаўлення волі сацыяльных адпачынкаў па дагляду за дзіцём да дасягнення ім узросту трох гадоў. На думку праваабаронцаў, гэта відавочная дыскрымінацыя, якая не апраўдваецца ніякімі аб’ектыўнымі меркаваннямі.

Святлана Любецкая, фота sb.by

Святлана Любецкая, фота sb.by


У жаночай папраўчай калоніі №4, якая размешчана ў Гомелі, пастаянна адбываюць тэрмін прыкладна 1500 асуджаных. Колькасць дзяцей ва ўзросце да трох гадоў трымаецца на ўзроўні каля трох дзясяткаў.
Усе мамы, згодна рэжыму, абавязаны пастаянна жыць не з дзецьмі, а ў атрадзе – іх нават не вызваляюць ад дзяжурстваў. Яны могуць бачыцца са сваімі малымі толькі ў адведзены для гэтага час – гадзіна раніцай і пару гадзін вечарам.
Заканадаўствам Рэспублікі Беларусь не прадугледжана прадастаўленне асуджаным да пазбаўлення волі сацыяльных адпачынкаў па дагляду за дзіцём да дасягнення ім узросту трох гадоў. На думку праваабаронцаў, гэта відавочная дыскрымінацыя, якая не апраўдваецца ніякімі аб’ектыўнымі меркаваннямі.
Каб паспрабаваць змяніць сітуацыю, сябры «Магілёўскай вясны» каля месяца таму накіравалі ў адрас Камісіі па заканадаўстве Палаты прадстаўнікоў адпаведны зварот аб неабходнасці змяненняў у Крымінальна-выканаўчы кодэкс (КВК).
Праваабаронцы прасілі забяспечыць жанчынам з дзецьмі ва ўзросце да трох гадоў, якiя адбываюць пакаранне, адпачынак па дагляду за дзіцем. Па іх логіцы, маці ў няволі павінны мець тыя ж правы, што і маці на свабодзе.
Адказ старшыні Пастаяннай камісіі па заканадаўстве Святланы Любецкай аб тым, што Палата прадстаўнікоў правам заканадаўчай ініцыятывы не валодае – гэта «ні так, ні не».
У сваім лісце дэпутат адзначае, што Камісія вывучыла меркаванне пэўных дзяржаўных органаў (праўда, не назвала якіх), і гэтымі органамі выказаны розныя пункты гледжання адносна мэтазгоднасці замацавання ў КВК нормаў аб сацыяльных адпачынках для асуджаных жанчын з дзецьмі да трох гадоў.
«Адсутнасць адзінага меркавання не дазваляе зрабіць адназначную выснову па пазначаным у звароце пытанні», – піша яна.
Адзін з аўтараў звароту ў Палату прадстаўнікоў Аляксандр Буракоў адзначае, што да працы беларускіх дэпутатаў трэба прывыкнуць. Справа ў тым, што Святлана Любецкая спасылаецца на артыкул 99 Канстытуцыі, кажучы пра адсутнасць права заканадаўчай ініцыятывы.
Згодна з гэтым артыкулам, «права заканадаўчай ініцыятывы належыць прэзідэнту, дэпутатам Палаты прадстаўнікоў, Савету Рэспублікі, ураду, а таксама грамадзянам, якія валодаюць выбарчым правам, у колькасці не менш за 50 тысяч чалавек».
– Як дэпутат, Святлана Любецкая мае права ўнесці на разгляд законапраект. Але Пастаянная камісія па заканадаўству, якой яна кіруе і куды мы звярнуліся, такога права не мае. Дзіўная логіка, бо мы ўсе лічым, што менавіта парламент займаецца законатворчасцю, – адзначае Буракоў.
Дэпутат Любецкая самастойна не адважылася ставіць пытанне пра змены ў КВК перад дэпутатамі. Але, у той жа час, пазітыўным момантам з’яўляецца само абмеркаванне праблемы ў сценах Палаты прадстаўнікоў. У сваім адказе Любецкая для ініцыявання карэкціроўкі заканадаўства параіла звярнуцца ў Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь, каб менавіта гэты орган прапанаваў законапраект.


Юрыст праваабарончага цэнтру “Вясна” Павел Сапелка ў каментары для MSPRING.ONLINE адзначыў:
– Відавочна, Беларусі патрэбны рамачны антыдыскрымінацыйны закон, дзе будзе забаронена дыскрымінацыя па ўсіх падставах. Ад гэтага можна будзе адштурхоўвацца ў развагах аб правах жанчын-маці. А пакуль нам кажуць, што дыскрымінацыі ў нас няма і спасылаюцца на асобныя акты: дзесьці агаворкі пра забарону дыскрымінацыі ёсць, а дзесьці пра гэта не падумалі. А што такое наогул «дыскрымінацыя»? Ці ёсць у нас усёабдымнае вызначэнне ў законе?
 Другая праблема заключаецца ў тым, што наш так званы парламент асабліва тэхнічны і сіламі дэпутатаў законаў не стварае. Дэпутаты выконваюць свае бюракратычныя функцыі з падсправаздачнасцю таму, хто іх накіроўвае ў парламент. І гэты «той» – не народ. Таму дэпутатам малацікавыя праблемы выбаршчыкаў, – заявіў Сапелка.
mspring.online