"Горкія зёлкі". У Вільні адкрыецца выстава пра памяць і забыванне Халакосту

Беларускі музей імя Луцкевіча ў Вільні прадставіць «Горкія зёлкі» — новую выставу Марыі Гвардзейцавай, якая асэнсоўвае памяць пра Халакост праз прызму прыроды. Выстава пачне працу 17 траўня ў межах Ночы музеяў і будзе доўжыцца да 17 ліпеня.

poster_by_2.jpg

 «Горкія зёлкі» даследуюць, як памяць пра Халакост захоўваецца ў ландшафтах Беларусі і краін Балтыі — тэрыторыях, што ўваходзілі ў зону аселасці і былі глыбока траўмаваныя генацыдам яўрэйскага насельніцтва. Гвардзейцава выкарыстоўвае фатаграфію, інсталяцыю, відэа і тэкстыль, каб даследаваць, як чалавечая і экалагічная памяць пускае карані праз формы прыроды, матэрыяльныя сляды і маўчанне зараслых мясцін.

Мастачка наведала дванаццаць месцаў масавых пахаванняў ахвяр Халакосту ва Усходняй Еўропе і сабрала дзікарослыя расліны, што растуць на гэтых месцах. Гэтыя зёлкі, высушаныя і захаваныя ў батанічных атласах, сталі асновай серыі калажоў і інсталяцый. На выставе сушаныя расліны суседнічаюць з чалавечымі валасамі і латэксавымі слаямі, што імітуюць скуру, паказваючы, як памяць увасабляецца ў зямлі, целе і раслінах.

 «Гэты праект пра зёлкі, лясы і помнікі — пра ўсё, што засталося ад соцень тысяч забітых людзей, — кажа Гвардзейцава. — Спалучаючы чалавечае і прыроднае, я хачу стварыць прастору для роздуму і дыялогу: як мы памятаем і ўшаноўваем тых, хто загінуў».

bitter_herbs_maria_gvardeitseva.jpg

«Горкія зёлкі» таксама закранаюць палітычную напружанасць вакол памяці пра Халакост у Беларусі і краінах Балтыі, дзе агульная гісторыя супярэчыць розным мемарыяльным наратывам. Многія месцы, што засталіся без пазнакаў у савецкі час, цяпер хаваюцца пад лясамі і палямі. Для Гвардзейцавай гэтыя зараслі — не проста фон, а сведка. Яе праца паказвае, як прырода ўбірае ў сябе памяць, і ціха, але моцна сведчыць пра гвалт мінулага.

Мастачка пераасэнсоўвае словы Ханны Арэнт і пытаецца: «Наколькі трэба забыцца, каб памятаць?» «Горкія зёлкі» прапануюць гледачу зазірнуць у гэты парадокс і падумаць, што азначае памятаць, калі ландшафт, здаецца, ужо загаіўся.

Куратарка выставы Майя Кацнельсон адзначае: «Памяць выходзіць за межы афіцыйных помнікаў: “Горкія зёлкі” бачаць лясы і травы як жывыя мемарыялы, як ціхіх захавальнікаў памяці». Гвардзейцава падтрымлівае гэтую ідэю і запрашае гледача да эмацыйнага і сэнсарнага перажывання, дзе прырода становіцца сведкай і носьбітам устойлівасці.

Выстава адкрыецца публічным вернісажам 17 траўня 2025 года а 16:00 і будзе працаваць з 18 траўня да 17 ліпеня 2025 года ў Беларускім музеі імя Луцкевіча ў Вільні.

Другая частка выставы адкрыецца ў ліпені ў Дзяржаўным яўрэйскім музеі імя Віленскага Гаона. Там будуць прадстаўлены батанічныя атласы Гвардзейцавай як самастойныя творы і 18-хвілінны двухканальны фільм, зняты з дрона над месцамі масавых пахаванняў. Гэтая частка працягвае даследаванне памяці пра Халакост праз прыроду і ўмацоўвае дыялог паміж культурнымі інстытутамі Вільні.