«Янушкевіч» на Варшаўскай кніжнай выставе: новыя беларускія кнігі, сустрэчы і сэнсы

Ужо зараз Варшава стала цэнтрам прыцягнення для аматараў кніг — тут праходзіць адна з найбуйнейшых кніжных выстаў у Цэнтральнай Еўропе. Асаблівую радасць гэтая падзея павінна прынесці беларускім чытачам — на выставе будзе даволі шырока прадстаўленая беларуская кніга. Сярод удзельнікаў — выдавецтва «Янушкевіч».

Андрэй Янушкевіч. Фота з  facebook.com/andrej.januskevic

Андрэй Янушкевіч. Фота з  facebook.com/andrej.januskevic

Сіла гісторыі, моц фантазіі і сучасны погляд

На адзіным стэндзе беларускіх выдаўцоў, арганізаваным Інстытутам беларускай кнігі, «Янушкевіч» прадставіць сапраўдную калекцыю навінак, здольных здзівіць і захапіць. Ужо ў першым квартале 2025 года выдавецтва выпусціла 10 новых пазіцый агульным накладам 12 тысяч асобнікаў — уражлівы вынік ва ўмовах няпростага часу.

Сярод галоўных кніжных падзей гэтага сезона — пераклад на беларускую мову сусветна вядомага рамана Рэбекі Кван «Елаўфэйс» (Yellowface), вострасюжэтнай і іранічнай гісторыі пра літаратурны свет, аўтарства і культурную прыналежнасць. Кніга стала літаратурнай сенсацыяй, і цяпер даступная беларускім чытачам на роднай мове.

Таксама ўпершыню па-беларуску выйшла класіка навуковай фантастыкі — «Марсіянскія хронікі» Рэя Брэдберы. 

Сапраўднай пярлінай для прыхільнікаў сучаснай беларускай прозы стане новы іранічны дэтэктыў Камілы Цень «Наступны прыпынак — смерць». Жывыя персанажы, інтрыга і гумар — усё, што трэба для добрага чытання.

Гары Потэр — па-беларуску, з любоўю

Выдавецтва «Янушкевіч» працягвае радаваць чытачоў перакладамі легендарнай серыі пра хлопчыка-чараўніка. Ужо выйшла чацвёртая частка — «Гары Потэр і Келіх Агню», а таксама перадрукаваныя першыя тры тамы. Кнігі карыстаюцца стабільным попытам, бо для многіх чытачоў — гэта магчымасць упершыню ці ізноў акунуцца ў магічны свет на роднай мове.

«Ёсць кнігі-лакаматывы — гэта "Гары Потэр", "Уладар пярсцёнкаў" Толкіна, — дзеліцца Андрэй Янушкевіч. — Але ёсць і кнігі-неспадзяванкі. Напрыклад, дэбютны раман Макара "Апошняе пакаленне". Гэта кніга пра мінскую моладзь пасля 2020 года, пра ўмовы жыцця і жыццё ў варунках несвабоды. І гэты твор на ў нас ужо трэці месяц у безумоўных лідарах».

Глядзіце таксама

Беларускія кнігі — там, дзе беларускія людзі

Хоць выдавецтва і не мае магчымасці выставіцца ў Варшаве з асобным стэндам з-за эканамічных умоваў, удзел у сумеснай пляцоўцы — важная магчымасць сустрэцца з чытачамі. І гэты кантакт «Янушкевіч» падтрымлівае не толькі падчас выстаў, але і штодня — праз уласную кнігарню «Кнігаўка» ў Варшаве (вул. Kłopotowskiego 4). Тут можна пагартаць, абмеркаваць і набыць беларускія кнігі, а яшчэ — проста адчуць сябе дома.

«Была б наша воля, то мы ўдзельнічалі ва ўсіх буйных мерапрыемствах у тых гарадах, мясцовасцях, дзе жывуць вялікія беларускія супольнасці. Але дазволіць сабе гэтага не можам, таму карыстаемся запрашэннямі. Часта ў гарадах Польшчы праводзяцца беларускія фэстывалі і там радыя бачыць нашыя кнігі. Напрыклад, нядаўна прыехалі з Беластока, дзе таксама працаваў стэнд беларускіх выдаўцоў», — адзначыў спадар Андрэй,

Але пакуль што выдавецтва дзейнічае згодна з магчымасцямі, але з радасцю адклікаецца на запрашэнні.

Дзе набыць кнігі?

Калі вы не можаце наведаць выставу ў Варшаве ці краму «Кнігаўка», не праблема: кнігі выдавецтва даступныя анлайн. Замовіць іх можна праз інтэрнэт-краму «Кнігаўка», а таксама на платформе Amazon — з дастаўкай у любую краіну свету.

Глядзіце таксама