Грандыёзную кнігу пра Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча прэзентавалі ў Мінску
Гісторык і архівіст Зміцер Дрозд і даследчыца Алена Кароўчанка прэзентавалі ў галерэі TUT.BY кнігі, прысвечаныя знакамітаму беларускаму пісьменніку і шляхце з Ігумена, сасланай у Сібір за ўдзел у паўстанні 1863 года.

«Таямніцы Дуніна-Марцінкевіча» Змітра Дразда пабачылі свет дзякуючы краўдфандынгу, а «Ігуменскую шляхту ў Сібіры» Алены Кароўчанка выдала за ўласныя грошы.

Першая кніжка «Таямніц», якая цяпер існуе ў адзіным асобніку, — маленькая, на 284 старонкі, без каляровых карцінак і ў фармаце зборніка артыкулаў. Менавіта ў такім выглядзе Зміцер Дрозд і збіраўся яе пакінуць. Але ў выніку звышпаспяховай краўдфандынгавай кампаніі на «Талацэ» атрымалася сабраць грошы на кнігу ўжо зусім іншага ўзроўню.

Спонсарамі «Таямніц Дуніна-Марцінкевіча» выступілі каля 100 чалавек. Менавіта дзякуючы ім атрымалася змяніць фармат кнігі. У новым выданні 572 старонкі. Палова зместу кнігі нідзе ніколі не публікавалася. А самае важнае — яна змяшчае каля 200 дакументаў (гэта 90%), апублікаваных упершыню. У «Таямніцах» апісаны і ўнікальныя гісторыі з жыцця дачкі пісьменніка Камілы Марцінкевіч. «Таямніцы» «ўваскрашаюць» і многіх сваякоў Дуніна-Марцінкевіча. Апроч асобы ўласна пісьменніка ў кнізе ўзнікаюць і іншыя героі: Адам Міцкевіч, Станіслаў Парчэўскі… Адна з пярлін кнігі — навуковая экспертыза дакументаў, якія калісьці прадастаўляў сам Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч. Як апынулася, многія з іх сапраўды былі падробленыя.

Зміцер Дрозд
— Гэта не толькі плод маёй чатырохгадовай працы, над ёй працаваў цэлы калектыў, — кажа аўтар пра кнігу.
Але і гэты фаліянт змяшчае не ўсе знойдзеныя дакументы. Па словах аўтара, ён планаваў выдаць іх прынамсі пяць. Бо пісаць кнігу пра Марцінкевіча — як рабіць рамонт: можна пачаць, але немагчыма скончыць.
— Гэта не зборнік артыкулаў і дакументаў. Гэта жанр захапляльных дакументальных гісторый, — звяртае ўвагу Зміцер Дрозд.

Ганна Кісліцына
— Гэта, сапраўды, асбсалютна новы матэрыял і новы падыход у гісторыі, — зазначае рэдактарка кнігі Ганна Кісліцына. — Усе артыкулы Змітра былі звязаныя з чалавечай асобай Марцінкевіча. Напрыклад, чытаючы іх, я даведалася, што ён быў гарбаты. МанераЗмітра пісаць — прыгодніцка-дэтыктыўная. Ты ідзеш па Мінску і бачыш, што ў гэтым будынку Марцінкевіча дапытвалі, у гэтым — судзілі... Ён жа быў авантурыст, падрабляльнік дакументаў, скрадальнік дзяўчат… Любой юрыдычнай канторы я б параіла ўзяць імя Дуніна-Марцінкевіча. Бо на ўсё, што ў яго запытваліся, у яго быў свой адказ. Напрыклад, пыталіся: «Вы скралі сваю жонку?» — «Я? Скраў? Ды не, сама прыйшла».
Па словах Ганны Кісліцынай, аўтар «Таямніц» — страшэнны перфекцыяніст. Ён сачыў за якасцю здымкаў, да апошняга не выдаваў кнігу, пакуль не сабраў усе дакументы.

Зміцер Юркевіч
— Я лічу, што гэта — фундаментальная рэч. Такія кнігі даўно павінны былі з’явіцца з прысвячэннямі Адаму Міцкевічу, Ігнату Дамейку, Тадэвушу Рэйтану і многім іншым зоркам. Бо, даследуючы жыццё Рэйтана, я вымушаны быў карыстацца тым, што ведаюць пра яго палякі — а гэта збор міфаў і блытаніна. Тое ж самае з Адамам Міцкевічам, — зазначыў даследчык біяграфій Тадэвуша Рэйтана і Адама Міцкевіча Зміцер Юркевіч.

Алена Кароўчанка
Для Алены Кароўчанка «Ігуменская шляхта ў Сібіры» — першая кніга. Гісторыя яе з’яўлення пачалася з таго, што аўтарка стала даследваць свой радавод Вернікоўскіх. Цяпер у яе радаводзе 600 асоб з гэтага роду, і гэта натхніла аўтарку выдаць кнігу з пералікам імёнаў шляхты з з ваколіцы Суцін Ігуменскага павета, сасланай у Сібір за ўдзел у паўстанні 1863 года. Аўтарам даследавана і прааналізавана мноства генеалагічных крыніц у архівах Беларусі, Літвы і Расіі, прагледжаныя запісы метрычных кніг Томскага, Табольскага, Омскага, Уфімскага, Казанскага, Самарскага, Каінскага, Спаскага і Наванікалаеўскага касцёлаў, Серафінскага і Блонскага касцёлаў Ігуменскага павета, сабрана ўнікальная калекцыя дакументаў і фатаграфій. Лёс ссыльных, іх продкаў і нашчадкаў прасочваецца на працягу 200 гадоў — з пачатку XIX стагоддзя да нашага часу.
— Там ёсць фатаграфіі продкаў, месца жыхарства, гісторыі. У маёй кнізе вельмі шмат метрычных выпісак. Але гэта не проста пакаленны роспіс ці біяграфічны даведнік. Гэта пашыраны варыянт гербоўніка, — распавяла аўтарка.

Кніга Алены Кароўчанка спросціць пошук для нашчадкаў шляхецкіх радоў з Ігумену (цяпер Чэрвень), гісторыі лёсаў якіх раскіданыя па мноству архіваў па ўсёй Расіі.
— Пакаленням, якія будуць за намі, можна яшчэ шукаць і шукаць звесткі ў архівах, і знаходзіць нешта новае. А яшчэ я знайшоў у архіве самых блізкіх сяброў і жонку, — падсумаваў Зміцер Дрозд.

Марыя Мартысевіч
Набыць кнігі Змітра Дразда і Алены Кароўчанка можна набыць у «Акадэмкнізе».
Фота аўтаркі