Хто чытае Нурдквіста па-беларуску? Знаёмімся з аматарамі прыгод Пэтсана і Фіндуса
У мінскай галерэі «Ў» 26 траўня прэзентаваныя дзве новыя кнігі Свэна Нурдквіста «Пэтсан сумуе» і «Паляванне на ліса», выдадзеныя ў серыі «Каляровы ровар» і перакладзеныя Надзеяй Кандрусевіч.

Па традыцыі зала была перапоўненая — сапраўдныя аматары казак пра дзядулю і яго коціка не маглі прапусціць такую падзею. Але хто ж яны – беларускія чытачы Свэна Нурдквіста? Саюз беларускіх пісьменнікаў паспрабаваў пазнаёміцца з імі бліжэй.

Сёлета перакладчыца Надзея Кандрусевіч зрабіла вялікую справу — перастварыла на беларускую мову ажно дзве казкі Свэна Нурдквіста. І неўзабаве ў серыі “Каляровы ровар” ГА “Саюз беларскіх пісьменнікаў” у “Кнігазборы” былі выдадзены новыя кнігі. У адной з іх Фіндус дапамагае Пэтсану пераадолець восеньскую маркоту, а ў другой героі намагаюцца перахітрыць ліса.
У новых кнігах для аўдыторыі нашай краіны адаптаваныя нават ілюстрацыі, якія аўтар робіць сам. Напрыклад, замест гука “BANG!”, з якім па падлозе коціцца пустое вядро, таму што на яго наскочыў Фіндус, мы бачым роднае “БЭМСЬ!”

На прэзентацыі «Пэтсан сумуе» і «Паляванне на ліса» чыталі акцёры Ганна Хітрык і Павел Харланчук. На гэты раз яны былі ў касцюмах Фіндуса і Пэтсана, чым вельмі ўзрадавалі маленькіх слухачоў.
Сярод гледачоў было шмат тых, хто прыйшоў паслухаць акцёраў ужо не першы, і нават не другі раз. Хто ж яны, прыхільнікі казак і малюнкаў Свэна Нурдквіста?

Алена ды яе сыны Мірон і Коля

Алена пазнаёмілася я з героямі праз мульцік — і яны ёй адразу вельмі спадабаліся.
— Героі — дуэт Фіндуса і Пэтсана — і іх прыгоды вельмі цікавыя, яскравыя. Шведскай мовай я не валодаю, таму чытаю Свэна Нурдквіста на беларускай.
Алена прызнаецца, што вельмі любіць разам з дзецьмі разглядаць ілюстрацыі аўтара і знаходзіць у іх цікавыя дробязі. Напрыклад, на стале ў Пэтсана можна знайсці маленькіх персанажаў, якія прымаюць ванну, і слоік, у якім знаходзяцца высакавольтныя слупы.
— Імпрэза, што адбылася сёння, мне спадабалася, як і акцёры Ганна Хітрык і Павел Харланчук. Дзіўлюся, як Ганна Хітрык гарманічна выглядае ў ролі Фіндуса — здаецца, ёй нават не патрэбны касцюм, каб перадаць яго вобраз! — смяецца Алена.
Кася і яе дачка Кіра

Кася і Кіра чытаюць казкі Свэна Нурдквіста разам ужо каля двух гадоў. У іх дома жыве плюшавы Фіндус, якога маладая матуля пашыла сама. Дзеля сябе сям’я нярэдка ладзіць імправізаваныя міні-спекталі — яны паспелі адыграць практычна ўсе падзеі, адлюстраваныя ў кнізе.
— Мы вельмі любім персанажаў гэтых казак, асабліва Фіндуса! Таму калі даведаліся, што будзе імпрэза, прысвечаная выхаду новых кніг, — адразу вырашылі прыйсці.
Таксма сям’я ў вольны час нярэдка ходзіць у тэатр імя Янкі Купалы. Таму акцёраў Ганну Хітрык і Паўла Харланчука Кася і Кіра даўно ведаюць і любяць.
Кася чытае для Кіры менавіта па-беларуску.
— Мы беларускамоўная сям’я, і выхоўваем дачку па-беларуску. На жаль, добрай сучаснай літаратуры не так шмат, тым больш што якасцю дзіцячых кніг ад беларускіх аўтараў я часта незадаволена. Але ёсць перакладная літаратура, і яна заўсёды на ўзроўні, асабліва скандынаўская!
Віталь, яго сын Ігнат, дочкі: старэйшая — Адэля, малодшая — Марта

З кнігамі Свэна Нурдквіста Віталя пазнаёміла жонка, якая сочыць за выхадам добрых кніг, перакладзеных на беларускую мову. Ад яе ж малады бацька даведаўся і пра імпрэзу, якую зладзілі ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” сумесна з грамадскай культурніцкай кампаніяй “Будзьма беларусамі!” пры ўдзеле Амбасады Каралеўства Швецыі ў Рэспубліцы Беларусь.
— Такія імпрэзы — добрая магчымасць для дзяцей пачуць мову і палюбіць яе, сустрэцца з іншымі дзецьмі і дарослымі, якія размаўляюць на ёй.
Уся сям’я Віталя — беларускамоўная. Дзеці вельмі любяць Фіндуса, Пэтсана ды іх прыгоды, таму ў іх ёсць усе кніжкі Свэна Нурдкіста, якія выйшлі ў серыі “Каляровы ровар”.
— Дзецям вельмі падабаецца гэты дзіўны чалавек — дзядуля Пэтсан. І яшчэ больш — коцік, які размаўляе! — паспрабаваў Віталь раскрыць сакрэт поспеху кніг шведскага пісьменніка і мастака.
Пасля імпрэзы практычна кожны маленькі глядач трымаў у руках абедзве кнігі Свэна Нурдквіста. Відавочна, што імпрэза ім вельмі спадабалася.
lit-bel.org, фота Вікі Трэнас