У Баранавічах пачынаецца набор у беларускамоўны клас

У новым навучальным годзе ў адной са школ горада можа адкрыцца беларускамоўны 1-ы клас. Ці з'явіцца ён наогул і на базе якой з устаноў адукацыі размесціцца, залежыць ад колькасці жадаючых вучыцца на роднай мове.

ggg.jpg


Пра гэта распавядае intex-press.by.

Сёння ў Баранавічах ёсць адзіны беларускамоўны клас – у гімназіі №4. Ён быў створаны па ініцыятыве бацькоў і спачатку існаваў у сярэдняй школе №14.
У гэтым годзе аддзел адукацыі, спорту і турызму Баранавіцкага гарвыканкама вырашыў набраць першакласнікаў у беларускамоўны клас, адкрыццё якога плануецца ў школе №13.
– Ведаю са свайго досведу, што беларускамоўныя класы – нешматлікія. Таму ствараць іх у перапоўненых школах будзе нерацыянальна. Тым больш што ў нашым горадзе ёсць установы адукацыі, дзе колькасць вучняў дазваляе адкрыць такі клас, – тлумачыць Сяргей Пузікаў, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Баранавіцкага гарвыканкама.
Аднак бацькі, якія хочуць, каб іх дзеці вучыліся на роднай мове, лічаць, што беларускамоўны клас павінен з’явіцца ў прэстыжнай навучальнай установе – у адной з баранавіцкіх гімназій. І пажадана, каб установа размяшчалася ў цэнтры горада, куды з лёгкасцю могуць дабрацца вучні з розных мікрараёнаў.
Сяргей Пузікаў адзначае, што стварыць беларускамоўны клас магчыма і ў гімназіі. Але для гэтага трэба сабраць поўны клас – 26 вучняў. Для стварэння беларускамоўнага класа на базе, напрыклад, школы №13, дастаткова 5–7 жадаючых.
Жыхарка горада Вікторыя Ермаленка – адна з тых, хто хоча, каб яе дачка вучылася ў беларускамоўным класе.
– Я сама карыстаюся дзвюма мовамі – рускай і беларускай. І, на мой погляд, валоданне не толькі рускай, але і беларускай мовай вельмі карысна. Да таго ж беларуская мова дазваляе спасцігнуць ментальныя моманты нашай культуры, – тлумачыць Вікторыя.
Дачка Вікторыі зараз ходзіць у рускамоўную групу садка, але раз на тыдзень у групе праводзяць беларускамоўны дзень. Дзяўчынка ўжо чытае па-беларуску, а калі чагосьці не разумее, пытаецца ў маці.
– Я не думаю, што ў дачкі будуць праблемы ў зносінах з аднагодкамі з-за беларускамоўнага навучання. Наадварот, гэта перавага, таму што дзіця будзе аднолькава добра ведаць рускую і беларускую мовы, – лічыць Вікторыя Ермаленка.
Усе, хто жадае, каб яго першакласнік навучаўся па-беларуску, з 2 чэрвеня па 28 жніўня могуць напісаць заяву падчас падачы дакументаў у навучальную ўстанову.
Аднак прадстаўнікі Баранавіцкай арганізацыі Таварыства беларускай мовы, якія выступалі ініцыятарамі стварэння беларускамоўнага класа ў нашым горадзе, прапануюць стварыць бацькоўскі камітэт. Такі камітэт, як лічыць Таццяна Малашчанка, старшыня камісіі па выкарыстанні беларускай мовы і адукацыі Баранавіцкай гарадской арганізацыі Таварыства беларускай мовы, дазволіць аб’яднаць бацькоў і калектыўна выказаць свае інтарэсы.
Жадаючых просяць патэлефанаваць па нумарах: 41-65-65, 8(029)723-53-60 да 1 чэрвеня.