Хуліганская гісторыя мастацтваў для дзяцей

На краўдфандынгавай пляцоўцы ulej.by распачата кампанія «Мастацтва Беларусi ХХ ст. Парыжская школа», прымеркаваная да выдання аднайменнай кнігі для дзяцей.

title_kraudfanding_03.jpg


На дадзены момант ужо сабрана больш за 35% ад неабходнай сумы. Аўтарамі праекта з'яўляюцца «Творчыя майстэрні» галерэі «Ў» сумесна з вядомым пісьменнікам і мастаком Адамам Глобусам, паэтам Андрэем Хадановічам і музыкам Лявонам Вольскім. Раней у такім творчым саюзе з дапамогай краўдфандынга было выдадзена яшчэ дзве кнігі: «Мастацтва Беларусь ХХст. Вiцебская школа» і «Малевiч для дзяцей». Уся серыя унікальных кніг напісана на зразумелай для дзяцей мове ілюстрацый, казак, вершаў і гульняў. Падрыхтоўка трэцяй кнігі да выдання стала магчымая дзякуючы ААТ «Белгазпрамбанк» і Цэнтру выяўленчага і медыя мастацтва «Новая культурная ініцыятыва».
Кніга «Мастацтва Беларусi ХХ ст. Парыжская школа» прысвечана мастакам, якія эмігравалі калісьці з беларускіх земляў у Францыю і атабарыліся ў яе сталіцы: Марк Шагал, Хаім Суцін, Восіп Любіч, Восіп Цадкін, Файбіш-Шрага Царфін, Міхаіл Кікоін, Пінхус Крэмень. Падтрымаць праект на ulej.by і атрымаць эксклюзіўны падарунак — кнігу «Мастацтва Беларусi ХХ ст. Парыжская школа» — можна да 9 лістапада. 
«У кнігарнях музеяў Еўропы заўсёды ёсць дзіцячая літаратура пра мастацтва: яркая, цікавая, з пышнымі ілюстрацыямі. Без сухой тэорыі! На простай мове і з вялікай колькасцю гульняў. Так дзеці з малога пачынаюць любіць, разумець і шанаваць мастацтва! Кніг жа такога кшталту пра беларускае мастацтва не было, — кажуць прадстаўнікі «Творчых майстэрняў». — Таму два гады таму мы задумалі авантуру: пачалі працу адразу над серыяй кніг. І выдаем адну за другой з дапамогай краўфандынга. На гэты раз у гульнях і казках дзеці змогуць даведацца пра творчасць мастакоў «Парыжскай школы». Кніга «Мастацтва Беларусі ХХ стагоддзя. Парыжская школа» — «хуліганская гісторыя мастацтва» — выдатная магчымасць бліжэй пазнаёміцца з творчасцю нашых сусветна вядомых суайчыннікаў, тых, кім мы можам ганарыцца, каго мы павінны памятаць. А яшчэ гэтая кніга створана для таго, каб дзеці і бацькі маглі цікава правесці час разам, даведацца нешта новае, пачытаць вершы і казкі, памаляваць».
Зараз кнігу можна замовiць на краўдфандынгавай пляцоўцы ulej.by. Калі кампанія завершыцца паспяхова, то ў снежні кніга будзе выдадзена. Як сцвярджаюць аўтары, яна зможа стаць эксклюзіўным і карысным падарункам да Новага года.
«Парыжская школа» — важная вяха ў гісторыі сусветнага мастацтва, гэта некалькі пакаленняў мастакоў з розных краін, якія ўгрунтаваліся ў Парыжы з 1900 да 1960-х гадоў. Але гэта і асобны фенамен для беларускага мастацтва. Станаўленне цэлага пакалення мастакоў, якія нарадзіліся ў Беларусі, адбылося ў Еўропе. Жыццё рознымі шляхамі прывяло кожнага з іх у Парыж. Амаль усе яны жылі ў «Вуллі», доме-камуне для мастакоў, які адначасова стаў і галоўнай лабараторыяй мадэрнісцкага мастацтва пачатку XX стагоддзя. Усе гэтыя беларускія мастакі сталі прадстаўнікамі Парыжскай школы разам з Пабла Пікаса, Амадэо Мадыльяні, Фернан Лежэ і іншымі сусветна вядомымі майстрамі.
Доўгі час Марк Шагал, Хаім Суцін, Восіп Любіч, Восіп Цадкін, Файбіш-Шрага Царфін, Міхаіл Кікоін, Пінхус Крэмень значыліся ў сусветнай мастацкай крытыцы як рускія мастакі. Цяпер, дзякуючы працы многіх неабыякавых людзей і ініцыятыў, у тым ліку з боку бізнесу, ідзе хваля «вяртання» мастакам статусу беларусаў у агульнасусветным кантэксце: у музеях свету ўносяцца папраўкі ў апісаннях карцін, усё больш публікацый аб беларускіх прадстаўніках Парыжскай школы з'яўляецца ў нашай прэсе , а ў галерэі «Арт-Беларусь» можна бачыць арыгіналы карцін з карпаратыўнай калекцыі ААТ «Белгазпрамбанк».
Але працэс «вяртання» доўгі і складаны. Таму важна, каб дзеці з малых гадоў добра ведалі творчасць мастакоў-выхадцаў з Беларусі, якімі ганарыцца ўвесь свет.
Для каго гэтая кніга:- Для першаклашак. Можна лічыць гэтую кнігу прасунутым падручнікам з сучасным падыходам да засваення інфармацыі дзіцяці ў гульнявой і займальнай форме.- Для дашкалят. Яны будуць вывучаць мастацтва праз займальныя казкі.- Для дарослых. Ніколі не позна пазнаваць нешта новае, асабліва разам са сваім дзіцем
Што рабіць з гэтай кнігай?- Можна чытаць яе ад першай да апошняй старонкі.- І ад апошняй да першай.- Адказваць на пытанні з кнігі і задаваць пытанні дарослым.- У гэтай кнізе абавязкова ТРЭБА маляваць!- Таксама ў ёй ёсць вершы - іх можна чытаць і нават спяваць.- А яшчэ можна насіць гэтую кнігу на галаве, каб навучыцца хадзіць, як каралі і каралевы.
У якасці дадатковага падарунка пры замове кнігі на ulej.by бэкерам прадастаўляецца магчымасць паўдзельнічаць у бясплатным майстар-класе па «Парыжскай школе» у Арт-Беларусі. Вядучая — мастацтвазнаўца Сафія Садоўская.