Як падрыхтавацца да традыцыйнага вяселля (фота, відэа)
На выставе «Беларускае вяселле: абрад, носьбіт, песня» 27 верасня прайшоў майстар-клас па вырабе вясельных вянкоў і канцэрт гурта Студэнцкага этнаграфічнага таварыства.

На імпрэзу завіталі пераважна дзяўчаты. Мабыць, вясельная тэматыка мала вабіць хлопцаў. Удзельніцы майстар-класа вучыліся рабіць кветкі на вясельны вянок з паперы, бубачкі з воску, аздобы з дроту. Вядоўца занятка Настасся Глушко распавяла пра традыцыі дзявочага вечара ў Беларусі, калі дзяўчаты збіраліся, каб вырабіць вянок сваё сяброўцы-нявесце. Прысутныя пабачылі прэзентацыю фота вянкоў з усёй Беларусі і суседніх краін рознага часу, даведаліся пра іх асаблівасці.

У канцы занятка, калі кожная ўдзельніца вырабіла па некалькі кветак і аздоб-бубачак, дзяўчаты склалі агульны вянок і памералі яго на Дзіяну Філіпчык разам з фатой у стылі пасляваеннага часу.
Пасля майстар-класа дзяўчаты са Студэнцкага этнаграфічнага таварыства выканалі песні, прымеркаваныя да розных момантаў традыцыйнага вяселля. Творы, запісаныя ў розных частках Беларусі, гучалі як адзіная сімфонія.

Адна з песень, што прагучала на кацэрце, – “У моры вуціца вымывалыся” з вёскі Канчаны Верхнядзвінскага раёна. Фота выканаўцаў, ад якіх яна запісаная, можна пабачыць на выставе.
Выстава «Беларускае вяселле: абрад, носьбіт, песня» праходзіць у межах Месяца фатаграфіі ў Мінску. Яна адкрылася 12 верасня і працуе да 13 кастрычніка штодзень апроч нядзелі і панядзелка. Журналістам, настаўнікам і супрацоўнікам музеяў, людзям з інваліднасцю і дзецям да 10 гадоў — уваход вольны.
Фотаздымкі выканаўцаў на выставе суправаджаюцца тэкстамі, запісанымі ад іх, і QR-кодамі, што дазваляюць паслухаць аўдыёзапісы, з якіх “знятыя” тэксты, а таксама вясельныя найгрышы. Можна паглядзець слайд-шоў з аўдыёсуправаджэннем з дапамогай абсталявання Цэнтра сучаснага мастацтва. На выставе таксама дэманструецца фільм “Радзілавіцкае вяселле”, зняты сябрамі Студэнцкага этнаграфічнага таварыства ў 2017-м на сапраўдным вяселлі ў Лельчыцкім раёне.
Фота і відэа Алены Ляшкевіч