Багач на радзіме Янкі Купалы (фота, відэа)
Сябры Студэнцкага этнаграфічнага таварыства 30 верасня адсвяткавалі Багач у Вязынцы. На тэрыторыі музея зладзілі абрад, танцы, невялікі кірмаш.

Адгуляўшы на Багачы ў Дукоры, сябры Студэнцкага этнаграфічнага таварыства правялі ўласнае свята ў Вязынцы. Па традыцыйным календары Багач святкуецца 21 верасня і ў розных мясцінах завецца таксама Багатнік, Багатуха, Раство Божай Маці, Другая Багародзіца, Другая (Малая, Меншая) Прачыстая, Другі святок, Другая Спажа, Спожка, Гаспожка Багатая.

Пад назвай Багач свята вядомае далёка не ўсюды, хаця, па сведчаннях этнографа Адама Багдановіча, у канцы ХІХ стагоддзя гэта найменне было распаўсюджана сярод сялян нашмат больш за царкоўнае “Раство Багародзіцы”. Назва асацыюецца з багаццем новага ўраджаю, так яе тлумачыў Багдановіч і сучасныя вясковыя жыхары: “Багач, што ўсяго багата. Гаспадар падлічвае свае скарбы: што сабраў з поля, што ў агародзі вырасла” (Ганаэфа Маркевіч, 1935 г. н., вёска Збрашкі, Шчучынскі раён); “Багач называўся таго, што восень багатая, што дары даў Бог” (Анастасія Шыдло, 1921 г. н., вёска Галаўныя Ляды, Бярэзінскі раён).

Акрамя самога свята, па звестках Адама Багдановіча “багачом” звалася лубка з жытам і свечкай. З багачом абыходзілі вёску і статак, штогод перадавалі ў новую хату. Дзе-нідзе жыта для яго зносілі ўсе вяскоўцы. Гэты звычай паўтараецца на сучасных святкаваннях, калі ўдзельнікі ссыпаюць зерне ў агульную місу. Этнограф паведамляе таксама, што сукаючы свячу для багача, вяскоўцы спявалі песні, падобныя да дажынкавых. Яны гучаць і на цяперашніх святах разам з восеньскімі.

У прыказках і прымаўках Багач звязваецца з пасевам азімых культур:«Багач – бярыся за рагач, ідзі пад авёс араць»«Прыйшоў Багач – кідай рагач, бяры сявеньку, сей памаленьку»

У той жа час гаворыцца пра мяжу цяжкіх прац па зборы ўраджаю:«Да Багача баба рабача́, па Багачы – хоць за плот валачы»«Багач заткнуў за страху рагач».

Судзячы па валачобных песнях, даволі распаўсюджанай была назва “Прачыстая”. Разам з Успеннем і Пакровамі (28 жніўня і 14 кастрычніка ў праваслаўных) 21 верасня складае шэраг святаў у гонар Багародзіцы, “святкоў”. Яны часта фігуруюць разам у прыказках і прымаўках:«Больша Прачыста снапкі падаець, Менша Прачыста снапкі складаець»«Прачыстая Большая жыта свенціць, засяваець, а Меншая памагаець»«Першая Прачыстая – з дзяружкаю, Другая Прачыстая – з махніткаю» (г. зн. з галавешкай, бо надыходзяць халады)
«Прыйшоў Багач – рыхтуй рагач, прыйшла Пакрова – рыкнула карова».

Дзе-нідзе з 21 верасня звязвалася змена сезонаў:«Другі святок – ужо восень, браток».
Што цікава, пераход ад лета да восені мог “расцягвацца” ад самага Пятра (12 ліпеня ў праваслаўных).На 21 верасня прыпадае восеньскае раўнадзенства, таму ў сімволіцы Багача даследчыкі выдзяляюць і культ сонца, вагню.

На свяце ў Вязынцы працаваўмабільны танцпол. Краўдфандынгавая кампанія была даволі паспяховай, хаця сабралі не ўсю запланаваную суму. Тым не менш, грошаў хапіла на пэўную плошчу драўлянага насціла, які можна разабраць і перавезці туды, дзе будуць танцы на вольным паветры. Сёлета пляцоўка ўжо “адпрацавала” на летніку ў вёсцы Любкі. Яе наступны мантаж плануецца зноў у Вязынцы, на свяце гукання вясны.
Фота і відэа Алены Ляшкевіч