Лета заканчвацца: прыйшоў Пятрок — апаў лісток
12 ліпеня праваслаўныя адсвяткавалі Дзень Пятра і Паўла. Якія ўрачыстасці прымяркоўваліся да гэтага свята ў традыцыйнай вёсцы? Што з іх захоўваецца ў жывой традыцыі? Што за вобразы стаяць за гэтымі святымі?
Пятро ды Ілля
Шырока вядомая ў Беларусі прыказка «Прыйшоў Пятрок — апаў лісток, прыйшоў Ілля — апала два» апавядае пра змены ў прыродзе. Падавалася б, на Пятра (12 ліпеня ў праваслаўных) па сучасным календары яшчэ няма нават паловы лета, а ў традыцыйных уяўленнях ужо пачынала наступаць восень.
Нічога дзіўнага, калі ўважліва паглядзець на будову традыцыйнага календара. Кропкі сонцаваротаў пазначалі сярэдзіну лета (каля 20 чэрвеня) і сярэдзіну зімы (прыкладна 20 снежня), а раўнадзенствы — сярэдзіну вясны (каля 20 сакавіка) і восені (прыкладна 20 верасня).
Дні сонцаваротаў і
раўнадзенстваў не былі фіксаванымі, змяшчаліся ў розныя гістарычныя перыяды
праз асаблівасці руху нябесных цел. У «этнаграфічны» час, калі рабілася
пераважная колькасць апісанняў традыцыйных беларускіх абрадаў, гэтыя кропкі ўжо
не супадалі са святамі, што прымяркоўваліся да іх і замацаваліся ў хрысціянскім
календары (па старым стылі, Каляды — 25 снежня, Звеставанне — 25 сакавіка,
Купалле — 23 чэрвеня, шэраг восеньскіх святаў). Мяжа між летам і восенню ў
такіх разліках прыпадае прыкладна на Іллю (па старым стылі — 20 ліпеня, па
новым — 2 жніўня), а Пятрок выступае мяжой, пасля якой лета ідзе на спад.
Пятро фігуруе разам з Іллём і ў іншых прыказках:
«Святы Пятро ўкаласіўся, а святая Ілля жыта жала».
«Пётр з каласком, Ілля з калабком».
«На Пятра — крышку хлеба напякла, на Іллю — поўну печ хлеба наллю».
«Пётр-Павел час убавіў, Ілля-прарок — два ўвалок».
Працяг вядомай прыказкі пра надыход восені можа быць і іншым:
«Прыйшоў Пятрок — апаў лісток, прыйшоў Барыс — асыпаўся ўвесь ліст».
«Прыйшоў Спас — скіне ўсіх нас!».
Дзень святых Барыса і Глеба праваслаўныя адзначаюць 6 жніўня, а Спас — 14, 19 і 29 жніўня (мядовы, яблычны і хлебны). Такім чынам, межы сезонаў у традыцыйных уяўленнях маглі вар’явацца ў розных мясцовасцях і быць расцягнутымі ў часе.
Пятро: свята і святы
Што яшчэ казалі пра свята Пятра і Паўла ў беларускіх вёсках?
«Пятрок — восеньскі святок, аткуся лісток».
«Святы Пятро — у жыце ядро».
«З святога Пятра ў жыце пажня».
«Святы Пётра ў косы звоніць, святы Паўла граблі робіць».
«Святы Пятрок папары барануець, поле раўнуець, грунт гатуець».
Свята Пятрок прыпадала на час актыўнай касьбы, пачыналася жніво. У беларускіх прыказках, прымаўках і валачобных песнях Пётр выступае як апякун хлеба і хлебаробаў, аднак, хутчэй за ўсё, маецца на ўвазе не біблійны святы, а ўвасабленне свята (дня ў календары), пары палявых работ. У валачобных песнях з пералікам святаў гадавога кола, якія спявалі гаспадару, сустракаюцца радкі:
«Святы Пётра жыта родзіць».
«Святы Пётра сярпы востра».
«Святы Пётра жыта спеліць».
«Святы Пётра жыта наліваіць».
«Святы Пятро талаку збіраў копы сена вазіць, стагі мятаць».
«— Дзе ж ты бываў, святы Пётра?
— Я дома не быў, па полі хадзіў,
Па полі хадзіў, жытка зажаў,
Жытка зажаў, снапок звязаў,
Снапок звязаў, у копку злажыў!»
Свята Пятра згадваецца ў большасці валачобных песень з пералікам святаў. Па частотнасці згадак Пётра саступае толькі Юр’ю з Міколам.
У жанры народнай прозы сустракаюцца аповеды пра святога Пятра як падарожнага, што вандруе з Хрыстом па зямлі. Гэты вобраз бліжэйшы да біблійнага святога апостала, які спачатку быў рыбаком, а потым стаў місіянерам і вандроўнікам. Біяграфія апостала Пятра праяўляецца ў элементах святкаванняў дня Пятра і Паўла ў беларускіх вёсках. Напрыклад, у Шыпілавічах Любанскага раёна на Петрака частуюцца рыбнай юшкай, бо апостал Пётр быў рыбаком.
Няма нейкай агульнай мадэлі святкавання Петрака для ўсёй Беларусі. У некаторых лакальных традыцыях пачыналі вадзіць пятроўскія карагоды, і вадзілі да Спаса, дзесьці адорвалі пастухоў малочнымі прадуктамі, а тыя плялі каровам вянкі. Часта ладзіліся гулянні, гасцяванні, кірмашы і фэсты.
Фота з Інвентара нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі, livingheritage.by
У некаторых вёсках на Пятра
прыпадала святкаванне аброчнага дня, што быў усталяваны як падзяка або аброк
Богу за дапамогу жыхарам у цяжкой сітуацыі.
У вёсцы Наркі Чэрыкаўскага раёна абраз святых Пятра і Паўла ў комплексе з самаробнай свячой штогод 13 ліпеня пераносяць у новую хату, папярэдне знасіўшы да святой крыніцы на малебен. 12 ліпеня да свячы нясуць аброкі-ахвяраванні, а пачынаецца святочнае дзеянне яшчэ 11 ліпеня насукваннем да старой свячы новага воску. Гэты комплекс абрадавых дзеянняў мае статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці Беларусі. Пачытаць пра яго падрабязней можна тут і тут.
Святкаванне Петрака адноўлена ў Шыпілавічах Любанскага раёна па расповедах старэйшых жыхароў. Праходзіць малебен ля прыдарожнага крыжа, абраканне ля крыжа на гары, карагоды па вуліцах. Кульмінацыяй свята становіцца распальванне абрадавага вогнішча, скокі праз яго — кумленне хлопцаў і дзяўчат — а таксама спальванне папяровых шапак, якія дзяўчаты зрываюць у хлопцаў. Раней палілі сапраўдныя старыя шапкі, якіх ужо сёння не знайсці.
«Жджы Пятра — сыр з’ясі!»
Святу Петрака ў Шыпілавічах ужо восьмы год папярэднічала школа традыцыйнай культуры «Пятровіца». Яе назва адпавядае мясцоваму найменню Пятроўскага поста, што ў праваслаўных пачынаецца са свята Троіцы і цягнецца да Пятра. Пра пост у народных прыказках з усёй Беларусі:
«Пятроўка — самая галадоўка».
«Хто ў Пятроку сена не косіць, той зімою ў сабак просіць».
«Жджы Пятра — сыр з’ясі!».
У песні з Любанскага раёна, што спявалі дзяўчаты, дражнячы хлапцоў:
«Цяжка да важка Пятра ждаць,
Ды на дзевак паглядаць,
Цягнецца хлопцам Пятровіца, гардовіца…»
Сёлета ўдзельнікі «Пятровіцы» вучыліся танчыць, спяваць, пячы хлеб, разбірацца ў зёлках, навіваць наміткі і завязваць хусткі, каштавалі мясцовыя прысмакі і любаваліся прадметамі традыцыйнага побыту. У апошнія гады на школу прыязджае ад 40 да 60 чалавек, якія жывуць на сядзібе сям’і Кухарэнкаў, якія і арганізуюць імпрэзу. Танцы выкладае этнахарэограф з Любані Сяргей Выскварка, а спевы — кіраўніца фальклорнага гурта «Варган» з Полацка Вольга Емельянчык.
Сёлета былі асобныя майстар-класы па спевах для хлопцаў, пад кіраўніцтвам спевака Уладзіміра Ціханоўскага, які нарадзіўся ў Мсціслаўскім раёне, а цяпер жыве ў вёсцы Рачэнь Любанскага.
Пра маляваныя дываны майстра наіўнага жывапісу Паўла Марціновіча, што жыў у вёсцы Засмужжа Любанскага раёна, распавяла мастацтвазнаўца з Мінска Ірына Смірнова. Аказваецца, сюжэты Марціновіч браў з паштовак і рэпрадукцый, прывезеных з сабой пасля ўдзелу ў Другой сусветнай вайне. Асабліва шмат ён перапрацоўваў работы аўстрыйскага мастака Ханса Зацка.
Танцы для ўдзельнікаў «Пятровіцы» гралі Васіль Васільевіч Семашкевіч (гармонік), Мікалай Міхайлавіч Юшкевіч (барабан), і гарманіст Ігар Вузлоў з Масквы.
Фота і відэа Алены Ляшкевіч і з Інвентара нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі