Успленне – цягні бульбу за карэнне

Сёння, 28 жніўня, праваслаўныя святкуюць Успенне. Католікі адзначылі гэта свята 15 жніўня пад назвай «Унебаўзяцце Найсвяцейшай Панны Марыі». У народнай тэрміналогіі дзень мае шмат назваў, а яго сімволіка – свята ўраджаю і рубеж між летам і восенню.

zahadnaja_2018_08_17_02_hruszka_a._ljaszkevicz_002_logo.jpg

Кананічна адзначаецца смерць Божай Маці і ўзяцце яе на неба. У гэты дзень у царкве свецяць плады новага ўраджаю: збожжа, гародніну. Прыносяць свяціць таксама хлеб, лён, яблыкі, кветкі і зёлкі (адсюль назвы «Зялёная», «Зельная», «Зельніца»). Царкоўная традыцыя бласлаўлення зёлак зафіксавана яшчэ ў Х стагоддзі.
Царкоўная назва «Успенне» («Успленне», «Спленне») у народнай этымалогіі можа тлумачыцца тым, што да гэтага дня спеюць плады і яравая збажына. Гэта адно са святаў, што адзначае каляндарны рубеж, наступленне восені. У традыцыйных уяўленнях пераход між сезонамі расцягваецца ад Пятра (29 чэрвеня ў католікаў і 12 ліпеня ў праваслаўных) да трэцяга Спаса (праваслаўныя святкуюць 29 жніўня). Часам у народнай свядомасці Успенне атаясамліваецца з Трэцім (Малым, Арэхавым, Хлебным, Льняным) Спасам.

iljustracyjnaja_1_logo.jpg

Успенне пад назвамі «Першая (Бальшая, Вялікая) Прачыстая», «Вялікая Спажа» і «Святок» выступае ў звязцы са святам 21 верасня, якое мае кананічную назву «Раство Маці Божай» і народныя найменні «Багач», «Малая (Меншая, Другая) Прачыстая», «Другі святок», «Спожка». Гэтыя два святы разам з Пакровамі (праваслаўныя адзначаюць 14 кастрычніка) утвараюць багародзіцкія святкі. У Беларусі распаўсюджана ўяўленне, што паміж дзьвюма Прачыстымі павінна прайсці Рабінавая ноч (моцная залева з маланкай). Назву «Прачыстая» народная этымалогія суадносіць з чысцінёй поля, з якога прыбіраюць ураджай. Дзе-нідзе лічылася, што да Другой Прачыстай трэба пакапаць бульбу, а ў некаторых мясцінах, наадварот, да гэтага дня бульбу не чапалі. Для свята 28 жніўня сустракаюцца таксама назвы «Багародзіца», «Гаспажа», «Аспажа».

iljustracyjnaja_2_logo.jpg

Уяўленні пра свята адлюстроўваюцца ў прыказках і прымаўках:
«Прышло Успленне – лісце па калене»;
«Прыйшла Зе́лна – то і лістоў поўна зе́мля»;
«Свята Прачыста – поле ўрачыста»;
«Прыйшла Прачыста – стала поле чыста»;
«Прыйшла Прачыстая – усё абчысціла»;
«Прачыстая прынясе хлеба чыстага»;
«Спажа – хлеба дзяжа»;
«Зельная Божая Маці ўсяго можа нам даці»;
«Прачыстая на восець носіць»;
«Да святка араць – лішнюю капу нажаць» (пра імкненне пачаць сеяць азімыя да Успення);
«Успленне – ці гатова насенне?»;
«Прыйшла Прачыстая – зусім паціснула» (пра подых восені);
«Успленне – цягні бульбу за карэнне»;
«Сплэнне – хопай копа́нку і бэжы копаць картошку спозаранку»;
«Больша Прачыста снапкі падаець, Менша Прачыста снапкі складаець»;
«Прачыстая Большая жыта свенціць, засяваець, а Меншая памагаець».

Урочышча Грушка ў Камянецкім раёне
У гонар Успення асвечаныя шматлікія беларускія храмы. На гэта свята наведваюць некаторыя прошчы, у тым ліку ўрочышча Грушка ў Камянецкім раёне. На полі непадалёк ад вёсак Бушмічы і Вярховічы расце старая груша, да якой нясуць ахвяраванні: павязваюць на галінкі стужкі, а побач стаяць крыжы, якія таксама ўпрыгожваюць стужкамі, жывымі і штучнымі кветкамі. Кожная такая ахвяра робіцца з просьбай аб здароўі. Што цікава, прасіць можна як за сябе, сваю сям’ю, так і за працоўны калектыў. Ва ўрочышчы можна пабачыць крыжы ад работнікаў будаўнічага трэста, калгаса, установы культуры, сяброў моладзевага грамадскага аб’яднання…
Па легендзе, каля грушы, што была папярэдніцай цяперашняй, прыкладна ў пачатку ХХ стагоддзя явілася Багародзіца. З таго часу ва ўрочышча сталі хадзіць жыхары навакольных вёсак. У савецкі час грушу ссеклі, а шанаванне святыні перапынялася. Распавядаюць, што людзі, якія секлі дрэва, хутка памерлі. А тыя, хто не пагадзіўся гэтага рабіць нават пад пагрозай звальнення з калгаса, сталіся доўгажыхарамі. Ссечаная груша пусціла расток, яе шанаванне было адноўлена ў 1990-х. Сёння Грушка вядомая далёка за межамі Камянецкага раёна. Прыязджаюць паломнікі з іншых абласцей Беларусі, з недалёкіх Польшчы і Украіны.  Некалькі год таму ва ўрочышчы пабудавалі капліцу. Грушы можна есці, лісткі дрэва захоўваюць як абярэг (напрыклад, у пашпарце).
Паломніцтва адбываецца на працягу ўсяго года, але найбольш людзей прыязджае да грушкі на Успенне. Сёлета найвялікшая падзея мясцовага літургічнага года – начное чуванне – прайшла з 26 на 27 жніўня. Перад гэтым адбыўся хросны ход з Вярховічаў, асвячэнне вады. Ранкам 27 жніўня прайшла ўрачыстая служба.Кветкі і зёлкі, асвечаныя на Успенне, захоўваюць на працягу года, выкарыстоўваюць у рэцэптах народнай медыцыны. У Стаўбцоўскім і Уздзенскім раёнах сустракаюцца звесткі, што ўспенскія зёлкі клалі ў падушку нябожчыку. Асвячэнне лекавых зёлак больш характэрна для беларусаў-католікаў.
Фота Алены Ляшкевіч