Прыйшоў Спас — пайшло лета ад нас

Заўтра, 19 жніўня, праваслаўныя святкуюць Вялікі Спас. Гэта другое свята ў шэрагу: першы Спас адзначаюць 14 жіўня, трэці — 29-га. На ўсе тры святы ў царкве асвячаюць прадукты новага ўраджаю. Якія менавіта?

apple_1122537_1280.jpg


Найбольш вядомы звычай — прыносіць для асвячэння 19 жніўня яблыкі. З гэтым звязаны шэраг павер’яў, у тым ліку забарона на ўжыванне яблыкаў, грушаў, агрэсту, струкавай гародніны да свята. На Вялікі (Яблычны) Спас свецяць розную садавіну і гародніну, а такама ваду і мёд. У некаторых мясцовасцях Падзвіння гэты Спас нават завуць Мядовым. Аднак найбольш урачыста мёд асвячаюць на першы Спас, 14 жніўня, і часам завуць яго Мядовым ці Макавым (Макавеем). Апошняя назва — гэта народнае пераасэнсаванне царкоўнай назвы свята старазапаветных пакутнікаў Макавеяў. Мёд да гэтага дня забіралі ў пчол апошні раз за сезон. Імкнуліся да свята выбраць цыбулю, лічылася, што пасля Спаса яна «пойдзе расці ў корань, а не ў галоўкі».
На першы Спас асвячаюць насенне маку, гародніну, кветкі, лекавыя зёлкі.

2017_08_13_14_sini_kalodzez_a._ljaszkevicz_206_logo_1.jpg


Букеты, складзеныя з кветак і морквы, выглядаюць вельмі маляўніча. Да іх маглі далучаць галінкі пладовых дрэў і вярбы.

2017_08_13_14_sini_kalodzez_a._ljaszkevicz_202_logo_1.jpg


На Гродзеншчыне да святкавання Мядовага Спаса далучаюцца католікі, хаця ў касцёльным календары такога свята няма.
Мак, асвечаны на першы Спас, круглы год выкарыстоўваўся ў гаспадарчай магіі: яго сыпалі ў калодзеж дзеля выклікання дажджу, на Купалу бараніліся ад ведзьмаў, рабілі лекі. Дапамагаў асвечаны мак і ад сурокаў, калі ўзяць трошку ў кішэню сабе ці абсыпаць карову.

2017_08_13_14_sini_kalodzez_a._ljaszkevicz_155_logo_1.jpg

 
Да Другога Спаса імкнуліся скончыць жніво, таму асвячалі зерне новага ўраджаю. Частку асвечанай ежы, асабліва яблыкі, носяць на могілкі ці ахвяруюць на прошчах. Жыта маглі асвячаць таксама на першы і трэці Спас. Па надвор’і на Другі Спас меркавалі якой будзе восень: калі сонечна — будзе суха, калі додждж — мокра. Лічылася, што Спас — гэта час адлёту буслоў: калі птушкі адлятаюць за тыдзень да свята, то зіма будзе ранняя і марозная, затое вясна цёплая; калі адлятаюць ужо пасля Спаса — то зіма будзе позняя, а вясна халодная. Пасля Яблычнага Спаса пачыналі збіраць журавіны, брусніцы, арэхі (апошнія асвячалі на трэці, ці Малы, Арэхавы, Хлебны, Льняны Спас).
На ўсе тры Спасы часта ладзіліся кірмашы. На гэтыя святы прыпадае пік наведвання крыніц. Акрамя звычайных ахвяраў (грошы, тэкстыль) на першы Спас ля крыніц пакідаюць кветкі і моркву, а на другі — яблыкі.


Бадай што найбольш масавае пакланенне і паломніцтва да крыніцы на Макавея адбываецца ля адселенай пасля аварыі на ЧАЭС вёскі Кліны Слаўгарадскага раёна. Па неафіцыйных дадзеных, на свята Блакітную крыніцу (народныя назвы — «Сіні калодзеж» «Сіні ключ») наведваюць ад 20 да 30 тысяч чалавек.
Паломнікі прыязджаюць напярэдадні, 13 жніўня, некаторыя застаюцца ночыць. Праходзіць некалькі службаў у капліцы, 14 жніўня — хросны ход і асвячэнне ежы. Вада ў крыніцы вельмі халодная, каля 8 градусаў. Лічыцца, што ручай, які ўтварае крыніца, трэба перайсці 3 разы (сустракаюцца таксама звесткі пра неабходнасць здзейсніць 7 ці 40 пераходаў), што паспрыяе пазбаўленню ад хвароб.

2017_08_13_14_sini_kalodzez_a._ljaszkevicz_113_logo_1.jpg

     Акрамя таго, паломнікі бяруць з крыніцы для лекавання гліну і каменьчыкі, акунаюцца ў ваду, прысланяюцца да валуна побач з вадой, завязваюць на дрэвы над крыніцай стужачкі — традыцыйныя практыкі суседнічаюць з адносна і зусім новымі. Некаторыя з іх ствараюць пагрозу для экалогіі крыніцы як помніка прыроды (а яна ахоўваецца на рэспубліканскім узроўні). Дзейнічае вялікі кірмаш.

Паломніцтва на першы Спас праходзіць да крыніцы між вёскамі Дарасіно і Радуга Любанскага раёна, а да крыніцы ў вёсцы Майскае Бялыніцкага раёна — на Яблычны Спас.
Фота зроблена аўтаркай падчас першага Спаса, 14 жніўня 2017 г., на крыніцы «Сіні калодзеж» у Слаўгарадскім раёне.