Якая мова — мова беларускага незалежніка?

Паспрабую па-добраму зразумець Юрыя Дракахруста з яго матэрыялам пра Белстат, у якім ён на аснове дэмаграфічных выкладак падводзіць чытача да высновы пра тое, якая мова — мова абаронцаў незалежнасці (спойлер — руская).

21ecc23f54612605ce3e7a86cb672ac0.jpg


Пастаноўка пытання дзіўная, і мне спачатку было цяжка знайсці ў ёй добрыя матывы, не кажучы пра відавочнасць благіх наступстваў ад такой пастаноўкі. Аднак пазней з’явілася здагадка пра імаверны ход думкі.
Я некалі пісаў, што ў краіне засталася адзіная апора незалежнасці — манапольная ўлада самі-ведаеце-каго, які сам прывёў да такога стану. І што адзіная апора — гэта рызыкоўна, апор мусіць быць некалькі. Інакш выцягнеш адну апору — усё паваліцца. Адной з такіх апор магла б быць беларуская мова.
Так, магла б быць, але не ёсць. Соцыум, які карыстаецца беларускаю як сродкам зносін, у нас практычна адсутнічае. Дэ-факта няма моўнага бар’ера з Расіяй, няма ні сваёй Галіччыны, ні найдрабнейшага мястэчка. То-бок, зараз беларуская мова не творыць мяжы, гэта праўда. Але гэта апора, якую трэба адбудоўваць, каб яна падтрымлівала незалежнасць у будучыні.
У сваю чаргу тое, што руская мова — за большасцю і за гараджанамі, таксама не надае ёй важнасці ў барацьбе за незалежнасць. Незалежнасць ёсць зараз, і рускамоўных зараз — большасць, дык, па-вашаму, незалежнасць трымаецца на гэтай большасці? Калі так, то выходзіць, нібыта з незалежнасцю ўжо ўсё ў парадку дзякуючы гэтым людзям? Тады, мо, няма і пагрозы, бо ёсць пэўнасць, што яны ўсе як адзін выйдуць бараніць краіну?
Бадай жа не. Усе разумеюць, што на русіфікаваных беларусаў (у чыёй русіфікаванасці, між іншым, ёсць заслуга таго самага Лукашэнкі) можа паўплываць прапаганда з Усходу. Інакш чаму мы асцерагаемся данбаска-крымскага варыянту, баімся паглынання краіны і спрачаемся, лічыць таго самага чалавека гарантам ці не?
Такім чынам, развагі Юрыя Дракахруста пра тое, якая мова — мова незалежніка, гэта параўнанне адсутнага з адсутным, а таму пазбаўленыя практычнага сэнсу. Але пры гэтым ствараюць уражанне адплаты за крыўды і прыводзяць да дыскрэдытацыі беларускамоўных і моўнага расколу. Асцярожней з гэтым.