Калейдаскоп успамінаў Людмілы Маркоўскай

7 кастрычніка ў галерэі «Ракурс» Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі адбылася прэзентацыя кнігі «Забыць немагчыма вярнуцца» філолага, педагога, аўтара навуковых артыкулаў і навукова-метадычных зборнікаў Людмілы Маркоўскай.



81502684_6882_4cdf_8d0a_8086bd4f4df3_logo.jpeg


Вечар пачаўся са слоў удзячнасці ўсім гасцям, якія завіталі, каб павіншаваць Людмілу Міхайлаўну з выхадам яе першай кнігі. Аўтарка адзначыла, што выданне атрымалася прыгожым і амаль сувенірным, дзякуючы малюнку на вокладцы вядомай віцебскай мастачкі, добрай прыяцелькі Людмілы Міхайлаўны, Наталлі Тараскінай.
Малюнак уяўляе сабой фею з кніжкай, што лепшым чынам характарызуе пісьменніцу, якая пачала чытаць яшчэ ў чатырохгадовым узросце і ўсё жыццё не расстаецца з кнігай. Акрамя малюнкаў, старонкі выдання ўпрыгожаны каляровымі ілюстрацыямі, на якіх можна ўбачыць родны пасёлак творцы – Альхоўку. Іх аўтар – дзіцячая сяброўка Людмілы, фотамастачка Вольга Гурская. У кнізе размешчаны таксама фатаграфіі 50– 60-х гадоў з асабістага архіва Маркоўскай, а на адваротным баку вокладкі знаходзіцца фотаздымак, дзе Людміла Маркоўская стаіць ля дошкі, і гэта нездарма – жанчына трыццаць гадоў аддала педагагічнай дзейнасці.
Кніга ўяўляе сабой аўтабіяграфічную прозу-эсэістыку, зборнік лірычных і добрых апавяданняў, шчырых і светлых. Аўтар непасрэдна і даверліва запрашае ў свой свет, рознакаляровае і шчаслівае дзяцінства, малалецтва, юнацкасць, гады сталення, дзеліцца сваімі запаветнымі ўспамінамі пра савецкую эпоху. На яе старонках можна даведацца шмат новага, нават, здавалася б, пра звыклыя рэчы. Чытачу выпадае магчымасць узгадаць нешта сваё, убачыць сябе. Аднак галоўнае, па меркаванні аўтара, гэтая проза падымае настрой і дапамагае паверыць, што жыццё кожнага чалавека разнастайнае і дзіўнае. Твор напісаны ў памяць пра блізкіх людзей, якія напрацягу жыцця падтрымліваюць і робяць тым, якім чалавек з’яўляецца.

ea5d5ace_b0fb_4e62_aa1f_6cffbfdce0cb_1_logo.jpeg


Гасцям імпрэзы спадабаўся эпіграф, зачытаны Людмілай Міхайлаўнай, які яна ўзяла з рамана Фёдара Дастаеўскага «Браты Карамазавы». З яго вынікае, што няма нічога лепшага і карыснага для жыцця, як добры які-небудзь успамін, асабліва, прынесены з дзяцінства – яе кніга і ёсць не што іншае, як такі ўспамін.
З твора «Забыць немагчыма вярнуцца» можна даведацца пра некаторыя факты з біяграфіі пісьменніцы: напрыклад, пра тое, як яна здала экстэрнам экзамены на другім курсе БДУ і перайшла адразу на чацвёрты, у главе «Пазвані мне, пазвані» расказваецца пра знаёмства Людмілы з яе мужам Аляксеем, з якім разам ужо сорак чатыры гады і з якім яе шчаслівае замужжа не пераўтварылася ў страшэннае слова «брак». Што пісьменніца любіць вандроўкі, разумных і цікавых людзей, любіць ездзіць на трамваі, каву, кветкі, сухое белае віно. Што не падабаюцца ёй дурні, подласць, хлусня. Чытач даведаецца, якія вясёлыя выпадкі адбываліся падчас яе выкладчыцкай работы, як на ўроку літаратуры стрэліў дуэльны пісталет XVIII стагоддзя. Педагогам будзе цікавай глава «Нататкі на палях», дзе аўтарка коратка выкладае свой погляд на выхаванне, бо дваццаць пяць гадоў яна адпрацавала ў Мінскім дзяржаўным педагагічным каледжы імя Максіма Танка…
На мерапрыемства завіталі і колішнія калегі Людмілы Міхайлаўны, сябры, знаёмыя з яе творчасцю людзі. Так, былая каляжанка пісьменніцы, выкладчык Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў Святлана Борахава пад акампаніятарства аўтара-выканаўца, лаўрэата міжнародных і рэспубліканскіх прэмій конкурсаў аўтарскай песні Сяргея Міклашэўскага выканала «Раманс» на музыку і словы Д. Арбенінай. На свята прыйшоў і добры сябар Людмілы, педагог, віртуозны гітарыст, дырэктар Дзіцячай музычнай школы мастацтваў № 13 Аляксандр Церахаў. Ён падарыў Людміле любімую песню яе бацькоў «Что так сердце расстревожила» кампазітара Ціхана Хрэннікава на словы Міхаіла Матусоўскага. Музыкант адзначыў: калі бацькі слухалі і спявалі такія добрыя песні, то і дачка ў іх вырасла цудоўным чалавекам. Мужчына расказаў, што Людміла Міхайлаўна не толькі аўтар кнігі, яна яшчэ і былая настаўніца яго дачкі, якая услед за любімай выкладчыцай абрала прафесію педагога. Прыйшла павіншаваць аўтара і салістка беларускай дзяржаўнай філармоніі, лаўрэат міжнародных конкурсаў Святлана Старадзетка, яна выканала прыгожы настальгічны раманс, хіт 50-х гадоў «Стары парк» на музыку Аркадзя Астроўскага.

4fee29a1_6dc0_429e_bc18_543d9d4396ad_logo.jpeg


«Гэта не скрупулёзная даведка ад пачатку да канца, гэта чахарда маіх успамінаў. Гэтай кнігай мне хацелася замацаваць памяць аб сваім доме, сваіх родных, сябрах, а значыць, аб сваім жыцці. Пасля 60-ці многія знаходзяць, наколькі становяцца важнымі дробныя дэталі мінулага, таго кола жыцця, дзе было месца нязначным, і вялікім думкам, учынкам, рухам. І адначасова ўзнікае пачуццё ўдзячнасці гэтаму жыццю, якое прынесла столькі радасці, пакут, ведаў. Я радуюся, што застанецца мой тэкст, які будзе сведчыць аб маёй прысутнасці на гэтай зямлі. Кнігу я пісала ў першую чаргу для сваіх дзяцей, і для сваіх унукаў, каб была памяць пра мяне, маіх бабуль і дзядуляў».
Кніга Людмілы Маркоўскай пісалася паўгода, у ёй шэсць глаў – па главе на месяц. Назвы частак адпавядаюць пэўнаму перыяду жыцця аўтаркі – «Сунічнае мыла і рыбны тлушч», «Перакладныя карцінкі», «Прыгажосць і з боку банцік», «Сакрэцікі», «Сябры, прыяцелі, сяброўкі», «Школа», «Калядная картка», «Чарадзейства папяровых лістоў», «Дом, мілы дом», «Колеры памяці» і г. д. У цэлым, па словах стваральніцы, выданне выйшла дастаткова пазнавальным, у гэтым праяўляецца выкладчацкі нораў Людмілы. Вы даведаецеся, чаму шарманка менавіта так называецца, хто прыдумаў знакамітыя духі «Красная Масква», хто і калі вынайшаў віншавальную картку, хто прыдумаў телефон і школьную парту, як гуляць у сэрса, узгадаеце ўсе свае дзіцячыя цацкі, як правільна зрабіць сакрэцік і г. д.
Назва кнігі абрана не выпадкова, гэта перыфраз выслоўя «Караць няможна памілаваць», у якім, па словах пісьменніцы, нельга нідзе паставіць знак прыпынку – гэта будзе памылкай. Вось і тут, як бы ні хацелася паставіць коску пасля слова «забыць», зрабіць гэта для аўтаркі з’яўляецца немагчымым, як і вярнуцца ў мінулае. Яго жанчына параўноўвае з калейдаскопам памяці, куды час ад часу заглядвае і назірае за мілымі сэрцу карцінамі.
На некаторых старонках выдання можна сустрэць малюнак рондаля, што значыць – фірменныя рэцэпты ад аўтара. Сярод іх – рэцэпты правільнай рыбацкай юшкі (пісьменніца – дачка рыбака), марынаваных грыбочкаў, баршчу з сушанымі грыбамі, ракаў вараных з кавалкам падкопчанага сала і іншыя. У кнізе шмат вершаў – кожная частка адкрываецца, і амаль кожная завяршаецца паэтычнымі радкамі.
На карашку кнігі пазначаны тры літары, па словах аўтара, гэта абрэвіятура, яка расшыфроўваецца, як Маё Выдатнае Жыццё. Прыдумала яе паэтка, бард Таццяна Дашкевіч, ёй жа напісана ўступнае слова ў кнізе.
Плануецца цэлая серыя, кніга ж Маркоўскай першая. Таццяна Дашкевіч завітала на сустрэчу, каб падзякаваць аўтарцы за работу і за тое, што на яе вачах адбывалася сапраўднае чараўніцтва. «У маёй галаве склаўся вобраз калейдаскопа. Вельмі доўга выбіралася назва, і адна з іх – калейдаскоп. Кожны тыдзень перада мной адкрываўся гэты калейдаскоп, нейкія новыя карцінкі. Думала, што будзе далей? Адно задавальненне працаваць з такім чалавекам, гэта было захапляльна. Мы ўсе крыху дзеці, нам усім неабходна цацка, калейдаскоп, сакрэцікі. Гэта кніга і ёсць цацка, бо яна бясконцае здзіўленне, сапраўдны антыдэпрэсант», – сказала Таццяна і прапанавала абавязкова зрабіць аўдыяварыянт кнігі.

eaa54262_267a_4e43_99ba_6101dfe24a46_logo.jpeg


Напрыканцы гаспадыня вечара падрыхтавала своеасаблівы сюрпрыз – выступленне салісткі Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Алены Сіняўскай, яна праспявала раманс «Белай акацыі гронкі духмяныя» на словы Міхаіла Матусоўскага і музыку Веніяміна Баснера. Кожны госць творчай сустрэчы меў магчымасць набыць кнігу пісьменніцы, сфатаграфавацца з аўтарам падчас аўтографсесіі і атрымаць у падарунак яе дароўны подпіс.
Фота аўтаркі