Януш Вішнеўскі, шмат паэзіі і Заяц ПЦ: фестываль кнігі Pradmova апрылюдніў праграму
Фестываль інтэлектуальнай кнігі Pradmova анансаваў сёлетнюю праграму. Фестываль пройдзе ў Мінску трэці раз 15-18 кастрычніка ў Палацы мастацтва (вул. Казлова, 3) і прадставіць некалькі дзясяткаў падзей, прысвечаных розным жанрам мастацтва, паяднаных тэмай кнігі.
У гэтым годзе частка мерапрыемстваў пройдзе анлайн. У мэтах бяспекі на ўсе падзеі, акрамя кніжнага кірмаша і некаторых урачыстых падзей, трэба будзе прайсці папярэднюю рэгістрацыю.
Хто ўдзельнікі?
Януш Леон Вішнеўскі (Польшча), папулярны польскі аўтар завітае на фестываль, каб прэзентаваць працяг сусветна вядомага рамана «Адзінота ў сеціве». Кніга называецца «Канец адзіноты» і выйшла на беларускай мове ў выдавецтве «Янушкевіч». Мерапрыемства пройдзе пры падрымцы Польскага Інстытута ў Мінску.
Лінор Гаралік (Расія-Ізраіль), ізраільская рускамоўная пісьменніца і перакладчыца, фіналістка прэміі «Большая книга». А яшчэ Лінор Гаралік — аўтарка тых самых коміксаў «Заяц ПЦ і яго ўяўныя сябры». На фестывалі пройдзе выстава коміксаў Лінор, а таксама запланавана дыскусія з Віктарам Марціновічам разам на тэму постапакаліптычных раманаў і размова з Янушам Леонам Вішнеўскім на тэму сучасных выклікаў для пісьменнікаў. Гаралік далучыцца да фестывалю анлайн.
Барыс Пастэрнак (Расія), расійскі выдавец, дырэктар выдавецтва «Время» распавядзе, якая літаратура найбольш запатрабаваная сёння ў свеце, што павінна рабіць выдавецтва па прасоўванні сваіх кніг і аўтараў, як атрымліваць літаратурныя прэміі. Выдавец падзеліцца досведам працы з беларускімі аўтарамі, якія таксама прымуць удзел у мерапрыемстве. Адкажа на пытанні, у чым феномен кніг Святланы Алексіевіч і ці ёсць у беларускіх пісьменнікаў шанец на яшчэ адну Нобелеўскую прэмію.
Міхаіл Мінакоў (Украіна-Італія), гісторык, філосаф і палітолаг. Ён прыме анлайн-удзел у міжнароднай дыскусіі «Стан і перспектывы палітычных і сацыяльных навук на постсавецкай прасторы, іх здольнасць апісваць актуальныя падзеі», а таксама прэзентуе свае новыя кнігі і часопіс «Идеология и политика».
Жарка Ёваноўскі (Харватыя). З замежжа на фестываль завітае харвацкі майстра паэтычнага слова Жарка Ёваноўскі. Аўтар дзесяці паэтычных кніг, лаўрэат нацыянальных і міжнародных прэмій, Ёваноўскіпачытае сваю іранічную (і месцамі хуліганскую) паэзію разам з перакладчыкам Андрэем Хадановічам на імпрэзе пад назвай «Дзяржава, якая хацела зрабіцца мядзведзем».
Сярод беларускіх хэдлайнераў гэтага года — Валянцін Акудовіч, Альгерд Бахарэвіч, Ігар Бабкоў, Максім Жбанкоў, Таццяна Заміроўская, Артур Клінаў, Віктар Марціновіч, Ганна Севярынец, Дзмітрый Строцаў, Юля Цімафеева.
Што яшчэ будзе?
Кожны дзень падчас фестывалю з 11.00 да 21.00 будзе працаваць кніжны кірмаш. Свае навінкі і найлепшыя кнігі прадставяць выдавецтвы «Логвінаў», «Галіяфы», «Янушкевіч», «Суродзічы», «Время», ARCHE, «Лімарыус», «Коска», «Тэхналогія», «Эканомпрэс», «Макбел», выдаўцы Раман Цымбераў, Зміцер Колас, Алесь Дудар (кніжны гандаль) і іншыя беларускія і расійскія выдавецтвы інтэлектуальнай кнігі.
Таксама на працягу ўсіх чатарох дзён будуць працаваць чатыры экспазіцыі: выстава творчасці 12 вядомых літоўскіх мастакоў кнігі «Сусветная разнастайнасць у літоўскіх кніжных ілюстрацыях» пад куратарствам Довіле Тамкутэ (Літва), выстава прац фіналістаў конкурсу маладых ілюстратараў і дызайнераў кнігі «Арт-Прадмова 2020», выстава мінскай мастачкі Яніны Зайчанка «Свабода [слова] ад невыноснага», тэматычная выстава коміксаў Лінор Гаралік «Я ўсё выправіў да горшага»: Заяц ПЦ і яго ўяўныя сябры: Ф, Щ, грэлка і свіная адбіўная з гарошкам».
На Pradmovaбудуць уручаныя адразу некалькі літаратурных прэмій: прэмія імя Ежы Гедройца за найлепшую празаічную кнігу, прэмія імя Карласа Шэрмана за найлепшыя кніг перакладаў на беларускую мову, прэмія Цёткі ў галіне дзіцячай літаратуры, прэмія імя Міхала Анемпадыстава за найлепшы дызайн кніжнай вокладкі. Яшчэ адбудзецца вечарына з нагоды 10-годдзя прэміі «Дэбют» імя Максіма Багдановіча з удзелам пераможцаў і шорт-лістараў прэміі.
Чакаюцца калабарацыі з іншымі мастацкімі праектамі: фотапраектам «Змена», конкурсам і выставай «Арт-Прадмова», купалаўцамі, культурніцкім праектам wir.by і інш. На фестывалі пакажуць фільм Аляксея Палуяна «Возера радасці» па матывах аднайменнай кнігі Віктара Марціновіча.
Падрабязная праграма фестывалю са спасылкамі на рэгістрацыю https://clck.ru/RHJVv