Кнігі для душы

Трымаю ў руках дзве кнігі: «Родная мова ў духоўным жыцці Беларусі» і «Евангелле» на беларускай мове. Чытаю і лаўлю сябе на думцы, наколькі не хапала мне такой літаратуры на роднай мове. І як чалавеку, што не цураецца хрысціянскага вучэння, і як дыпламаванаму філолагу.

Трымаю ў руках дзве кнігі: «Родная мова ў духоўным жыцці Беларусі» і «Евангелле» на беларускай мове. Чытаю і лаўлю сябе на думцы, наколькі не хапала мне такой літаратуры на роднай мове. І як чалавеку, што не цураецца хрысціянскага вучэння, і як дыпламаванаму філолагу.
Цяжка меркаваць, ці магла б такая літаратура на беларускай мове, з’явіўшыся ў савецкі час, істотна паўплываць на светапогляд беларуса, загнанага ў атэістычны калектыўны дом. Відаць, многае, калі не ўсё, залежала б ад тых традыцый, якія захоўваліся ў кожнай канкрэтнай сям’і. Калі бацькі і дзяды трымаліся веры, выхоўвалі маладзейшых у духу павагі да ўсяго роднага, нацыянальнага, то і кнігі духоўныя на роднай мове былі б на пачэсным месцы. Сёння ж можна радавацца хаця б такому стану рэчаў, што шчырая вера ў хрысціянскае вучэнне становіцца фактам асабістага выбару і не пераследуецца ў такой ступені, як гэта было ў нядаўнім мінулым.
Я здзіўляюся тытанічнай і скрупулёзнай працы, якую здзейсніў ксёндз Уладыслаў Завальнюк. Чытаючы «Родную мову ў духоўным жыцці Беларусі», я нібы далучаюся да самага патаемнага і ўзвышальнага працэсу — да працы над Словам. Тое, як падае ксёндз Уладыслаў Завальнюк тлумачэнне слоў, як ён аргументуе свой выбар на карысць таго ці іншага тэрміна, з’яўляецца добрым прыкладам для кожнага — быць акуратным, абачлівым са словам. Такому чалавеку верыш, з такім духоўным настаўнікам спакойна і ўпэўнена будзеш крочыць па жыцці.

 Дыктоўка беларускай мовы на офісе ТБМ. 10 верасня 2008 г.

Мне, выхаванай у сям’і вясковых настаўнікаў на прыкладах кніжных герояў, не было дадзена магчымасці рана пазнаёміцца з хрысціянскім вучэннем. Савецкія педагогі маглі быць выключна атэістамі, яны не мелі права афішаваць свае хрысціянскія погляды. Але, дзякуй Богу, многія настаўнікі і ў той час таемна хрысцілі сваіх дзяцей, не маючы магчымасці адкрыта наведваць храм. Мабыць, таму, нягледзячы на ўвесь запал атэістычнай прапаганды, большасць грамадства прытрымлівалася хрысціянскіх запаведзяў і не зраклася веры бацькоў. Аднак многія жыццёвыя сітуацыі лягчэй перажыць, засвоіўшы з дзяцінства пастулаты хрысціянскага вучэння на роднай мове. Я мяркую, калі ў школьным узросце знаёміць дзяцей з тэкстамі Святога Пісання (найперш Евангелля) па-беларуску, гэта паспрыяе выхаванню ў моладзі гуманістычнага светапогляду і патрыятычных пачуццяў.
Я паглыбляюся ў тэкст Евангелля і нібы вяртаюся да самага пачатку жыцця чалавечага, калі многае з ужо спазнанага становіцца зразумелым, ясным і простым. Сваё адчуванне ад прачытання магу параўнаць з тым станам, які настае пасля глытка чыстай крынічнай вады ў спякотны дзень. Душа ўбірае ў сябе роднае Слова, якое было ў пачатку. Чыстая, зразумелая, простая без выкрунтасаў мова, з сапраўднымі формамі імёнаў святых, а не спрошчанымі ці адаптаванымі.
Дзякуй шчыры сапраўднаму падзвіжніку ў духоўным адраджэнні беларусаў, ксяндзу Уладыславу Завальнюку за выдатны прыклад служэння сваёй справе, за бясцэнны дар — кнігу на дарагой для кожнага беларуса мове.

Алена Анісім, старшыня Мінскай гарадской арганізацыі ТБМ