Колішні палац Радзівілаў у Дзятлаве зноў выставілі на аўкцыён
Гістарычна значныя беларускія будынкі не ўпершыню прадаюцца з аўкцыёнаў: іншыя палацы ўжо знайшлі новых уладальнікаў.
Дагэтуль было некалькі спробаў знайсці інвестара. Папярэдні аўкцыён спрабавалі правесці ў верасні 2021 года і прадаць палац за 145 тысяч рублёў. Але ахвотных не знайшлося. Новы прызначылі на 11 жніўня, а заяўкі трэба падаваць да 5 жніўня, інфармуе Дзяржаўны камітэт па маёмасці Рэспублікі Беларусь.
Пачатковая цана будынка 30 963 рублі.
З палацам у 1500 квадратных метраў здаецца ў арэнду на 50 гадоў і зямельны ўчастак пры ім плошчай 0,4 га. Выкарыстоўваць яго можна будзе абмежавана, бо побач водаахоўная зона і прыбярэжная паласа. Карыстанне неабходна будзе распачаць не пазней, чым праз тры гады ад куплі.
Будынак адносіцца да сярэдзіны ХVІІІ стагоддзя, гэта найбольш каштоўны помнік архітэктуры ў горадзе. Перад тым, як прынялі рашэнне выставіць яго на продаж, палац належаў раённаму шпіталю.
Прадаць былы палац Радзівілаў улады ў Дзятлаве спрабуюць з 2015 года, аднак пакуль пакупнік не знаходзіцца.
Якія яшчэ вядомыя беларускія палацы прадаваліся з аўкцыёнаў?
У вёсцы Жамыслаўль, што недалёка ад мяжы з Літвой, быў прададзены з аўкцыёну за 12 долараў знакаміты палац, помнік архітэктуры XIX стагоддзя — Палац у Жамыслаўлі. Гэтая сядзіба графаў Умястоўскіх, пабудаваная ў выглядзе дакладнай паменшанай копіі каралеўскага палаца Лазенкі ў Варшаве, пайшла з малатка за адну «базавую велічыню». Пакупніком стала неназваная беларуская кампанія.
Радзівілаўскую спадчыну ў Паланечцы Баранавіцкага раёна, што на Брэстчыне, шмат гадоў спрабавалі ўладкаваць. Ніяк не маглі знайсці фундатара, які б удыхнуў новае жыццё ў палац. У 2014 годзе сядзібу купляла на аўкцыёне сталічная прыватная кампанія, але ў яе не хапіла грошай ці жадання пачаць працу. І ў 2016 годзе палац вярнулі дзяржаве. З часам кошт аб'екта знізілі амаль на 80 працэнтаў, давёўшы першапачатковую цану на таргах да 19 тысяч беларускіх рублёў. Але і пасля гэтага гісторыка-культурную каштоўнасць удалося прадаць не адразу. На паўторным аўкцыёне ў 2020 годзе яго набыў індывідуальны прадпрымальнік з Мінска.
Немагчыма не ўзгадаць палац у Нароўлі, які набыў беларускі пісьменнік Андрэй Горват. Дзякуючы краўдфандынгу былі сабраныя грошы на кансервацыю палаца. Пры спрыяльных умовах пісьменнік плануе заняцца яго аднаўленнем.