Кракаўскі Лайконік прайшоў з шэсцем па цэнтру Мінска
Святочнае шэсце кракаўскага Лайконіка прайшло сёння ў цэнтры Мінска і завяршылася тэатральным відовішчам на плошчы Свабоды. Шэсце распачала сёння святкаванне Дня Польшчы ў Мінску ў рамках свят нацыянальных культур.

Кракаўскі Лайконік
Шэсце пачалося ад дворыка мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага (дзе разгарнулася пазнавальная выстава, прысвечаная Лайконіку) і рушыла да плошчы Свабоды. Лайконік рушыў з цэлай світай ваяроў, пад музычнае суправаджэнне гурта з Кракава «Мласкоты».
Лайконік, адзін с сімвалаў кракаўскай гісторыі. Шэсце ўнесена ў польскі нацыянальны Інвентар нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Лайконік уяўляе сабой барадатага татарскага вершніка ў спічастым цюрбане і з булавой у руцэ. Сваім выступам ён нагадвае пра вызваленне Кракава ад захопнікаў, а таксама танцуе і забаўляе гледачоў. Дотык лёгкім ударам булавы Лайконіка, па павер’і, прыносіць шчасце, здароўе і дабрабыт на ўвесь наступны год.

Танцы з беларускімі дзеткамі
Падчас руху па вуліцы Леніна да святочнага шэсця далучылася некалькі сотняў мінакоў, мінчукоў і гасцей сталіцы. Лайконік з задавальненнем па дарозе танчыў з беларускімі дзеткамі, і ўсім шчыра раздаваў лёгкія «удары» сваёй драўлянай булавой. Каля гасцініцы Еўропа яны разгарнуліся ў бок плошчы свабоды, дзе сваім выступленнем распачалі святкаванне Дня Польшчы ў Мінску. У тэатральным прадстаўленні яны распавялі гісторыю падзей, калі Кракаў у ХІІІ ст. быў абложаны татарскімі войскамі.

Пасол Польшчы ў Беларусі Артур Міхальскі адкрывае святкаванне Дня Польшчы ў Мінску
У галоўнай ролі Лайконіка выступіў Збігнеў Глёнэк, які грае Лайконіка ўжо 31 год. Яго ўбранне важыць 30 кг!