Януш Леон Вішнеўскі: «Навука мая жонка, а літаратура — каханка»

На Дні Польшчы ў Мінску выступіў Януш Леон Вішнеўскі, найбольш вядомы шырокай публіцы сваёй кнігай «Самота ў сеціве» (выйшла ў 2001-м). Пісьменнік — яшчэ і хімік з навуковай ступенню. Мінскай публіцы ён распавёў пра эндагенныя наркотыкі, што выпрацоўваюцца ў глуздах закаханых, агучыў формулу ідэальных адносін і абвясціў, што яго новы раман неўзабаве выйдзе па-беларуску.

2019_06_15_dzen_polszczy_a._ljaszkevicz_0041_logo.jpg


Януш Леон Вішнеўскі наведаў Мінск трэцім разам. Пісьменнік жыве на два дома: у Франкфурце-на-Майне і Гданьску. У Германіі ён займаецца распрацоўкай праграм, звязаных з хімічнай вытворчасцю. Януш Леон Вішнеўскі — кандыдат навук у галіне інфарматыкі, доктар у галіне хіміі. Магістратуру скончыў па фізіцы. «А мая базавая адукацыя — рыбак», — смяецца творца. Ён вучыўся ў марской школе. Па яго словах, менавіта ў гэтай установе, куды ў часы сацыялістычнай Польшчы не бралі дзяўчат, зарадзілася яго цікаўнасць да ўнутранага свету жанчыны (Вішнеўскі піша вельмі чулыя раманы). «Навука мая жонка, а літаратура — каханка. Кнігі пішу па вечарох, пасля працы», — кажа пісьменнік. На цяперашні момант у яго выйшла 23 кнігі. Прапануем выказванні Януша Леона Вішнеўскага па самых «гарачых» тэмах.

2019_06_15_dzen_polszczy_a._ljaszkevicz_0050_logo.jpg


Пра мовы і новую кнігу

Я размаўляю па-англійску на працы, па-нямецку на вуліцах, па-польску дома, калі там нехта ё. Па-руску — на сустрэчах з рускамоўнымі чытачамі і калі палю з калегамі. Са мной працуе 40 чалавек з 14 краін, а паляць з іх толькі чацвёра. Я не палю штодня, каб так часта практыкавацца ў рускай мове, таму даруйце мне памылкі, калі ласка.

2019_06_15_dzen_polszczy_a._ljaszkevicz_0047_logo.jpg


Мае кнігі перакладзены на 18 моваў, у тым ліку на кітайскую, в'етнамскую, албанскую, літоўскую, латышскую, рускую, італьянскую… У постсавецкіх краінах мае творы выходзілі па-руску. Я заўсёды ўражваўся ў Казахстане, Арменіі — чаму сфера ўжывання нацыянальнай мовы такая вузкая? Ведаю праблему з мовай у Беларусі. Літаральна ўчора дамовіўся з выдаўцом Андрэем Янушкевічам, што адна мая кніга выйдзе па-беларуску. Гэта будзе своеасаблівы працяг майго першага і дасюль самага вядомага твора «Самота ў сеціве». Кніга выйшла ў 2001-м годзе. Думаю, яе папулярнасць шмат у чым абумоўлена бурлівым уваходжаннем інтэрнэта ў нашае жыццё. Канечне, гэта быў зусім не такі інтэрнэт, як цяпер. Сустрэча герояў адбылася ў 1996-м. Гэта рэальная гісторыя, якая здарылася з маімі сябрамі. Дазволу на публікацыю я не прасіў. Скажам так, я іх інфармаваў.

2019_06_15_dzen_polszczy_a._ljaszkevicz_0046_logo.jpg


Мне некалькі разоў прапаноўвалі напісаць працяг «Самоты ў сеціве», але я тады не стаў. Узяўся за гэта толькі ў лістападзе 2017-га. Кніга не будзе звацца «Самота ў сеціве — 2». Там будзе зусім іншы інтэрнэт, сучасны, з сацыяльнымі сеткамі, Вотсапам і ўсім астатнім. Польская назва, узгодненная з выдаўцом, — «Przesuniecie widzma» (на беларускую можна перакласці як «Перамяшчэнне спектраў»). Гэта навуковы тэрмін, пасля прачытання зразумееце, да чаго ён. Працяг падаецца з кропкі гледжання сына гераіні «Самоты ў сеціве». Ён польскі студэнт-інфарматык, закаханы ў дзяўчыну Надзю з украінскімі каранямі. Пераклад на беларускую выпусціць Янушкевіч раней за рускамоўнае выданне ў Маскве. Спадзяюся, гэты пераклад папулярызуе беларускую мову. Хачу, каб людзі чыталі на сваёй роднай мове.

2019_06_15_dzen_polszczy_a._ljaszkevicz_0043_logo.jpg


Пра каханне

У людзей, якія кажуць, што закахаліся, выпрацоўваюцца пэўныя субстанцыі ў глуздах. Наркатычныя. Спачатку фенілэтыламін, потым іншыя. Гэта эндагенныя амфетаміны. Бачыце, я застаюся навукоўцам, пішучы кнігі пра каханне.

2019_06_15_dzen_polszczy_a._ljaszkevicz_0044_logo.jpg


Мне падабаюцца разумныя жанчыны, з якімі можна размаўляць, ад якіх можна вучыцца. Але яны павінны быць і прыгожымі. Неістотна, бландынкі яны, брунэткі ці рыжыя. Жарсць мінае ці адыходзіць на задні план, а размовы вельмі істотныя. На маю думку, формула шчасця ў пары такая: 90 % — цікавыя размовы і 10 % — сэкс. Я не фемініст, бо не лічу, што мужчыны і жанчыны роўныя, я думаю, жанчыны лепшыя.

2019_06_15_dzen_polszczy_a._ljaszkevicz_0039_logo.jpg


Мая цяперашняя жанчына — настаўніца польскай мовы і літаратуры. Я працаваў у Франкфурце з 1987-га. Мая жонка, маці дзвюх маіх дачок, вельмі шмат зрабіла для маёй кар’еры там. Я ёй бясконца ўдзячны (Януш Леон Вішнеўскі ў разводзе — рэд.). У Гданьску мяне чакала кабета. Я разумеў, што доўга яна чакаць не будзе, таму пераехаў. Цяпер я ўжо адчуваю і Франкфурт, і Польшчу сваім домам.

2019_06_15_dzen_polszczy_a._ljaszkevicz_0035_logo.jpg


Пра пісанне і чытанне кніг

Ранкам я пішу праграмы, а ўвечары — кнігі. Для кніг трэба адпаведны настрой. Шчасце — гэта жах для пісьменніка. Трэба генераваць меланхалію: пачытаць Ясеніна, паслухаць Шумана ці Бетховена. З сучаснікаў — Леанарда Коэна. Яго плыты трэба прадаваць з лёзамі, бо паслухаўшы хочацца здзейсніць самагубства. Ну вось я «натхняюся», адкаркоўваю віно і пачынаю пісаць. Высыпаюся за чатыры гадзіны.

2019_06_15_dzen_polszczy_a._ljaszkevicz_0036_logo.jpg


Мне вельмі небяспечна нешта расказваць, я магу гэта апублікаваць у кніжцы. Я падслухоўваю, што кажуць вакол, заводжу размовы са спадарожнікамі ў самалётах і бла-бла-карах. Канечне, незразумела, дзе на самай справе жывуць героі гісторый, як іх зваць. Але фабулы — часта з жыцця.
Ёсць розныя шляхі перажыць дэпрэсію: хадзіць да псіхатэрапеўта, піць, напісаць кнігу (апошняе танней за тэрапеўта). Мой першы раман нарадзіўся акурат, калі я блага сябе адчуваў. Падумалася: «Навошта плаціць па 85 еўра за гадзіну псіхааналітыку, калі ўвесь час размаўляю толькі я?»
Да выдання мае кнігі ніхто не павінны чытаць, а пасля — хачу каб усе блізкія чыталі, канечне.
<Пытанне з аўдыторыі> — Вы хацелі б атрымаць Нобелеўскую прэмію?
— Па хіміі — абсалютна так.
Сам я чытаю мастацкай літаратуры не так шмат, як можна падумаць. Сучасных раманаў не чытаю ўвогуле. Вывучаю літаратуру па спецыяльнасці — хіміі, фізіцы. Калі два месяцы не чытаеш навуковых часопісаў — адстаеш ад жыцця. Чытаю класіку: Рэмарк, Дастаеўскі, Чэхаў. З сучаснікаў — тых, хто атрымлівае літаратурныя прэміі.Чытаў вашу Алексіевіч. Люблю навукова-папулярную літаратуру. Шмат чытаю пра псіхалогію жанчын.

2019_06_15_dzen_polszczy_a._ljaszkevicz_0034_logo.jpg


Парады сённяшнім 20-гадовым

Вельмі істотная адукацыя. Калі ў вас добрая адукацыя, вы можаце жыць дзе заўгодна. Вучыце замежныя мовы. Выдаткоўвайце грошы на вандроўкі. Верце ў сябе. Не займайцеся палітыкай. Бацька неяк сказаў мне: «Сынок, калі не будзеш вучыцца, станеш палітыкам». Чым шмат працаваць, лепш прыходзьце раней дамоў і чытайце казкі сваім дзецям.
Выступленне Януша Леона Вішнеўскага мадэравала Валярына Кустава. Чарга па аўтограф пісьменніка стаяла пасля імпрэзы больш за гадзіну.


У Дзень Польшчы ў Мінску прайшлі таксама шэсце кракаўскага Лайконіка, вулічны спектакль пра Дон Жуана, насычаная музычная праграма, разнастайныя адукацыйныя актыўнасці і конкурсы, у тым ліку на хуткасць паядання масленічных пончыкаў. Насупраць Акадэміі музыкі, як і ў Дзень Швецыі, стаяў прыпаркаваны аўтазак.
Фота Алены Ляшкевіч