Крышталёвы лебедзь каляровага міжчасоўя
Фільм Дар’і Жук «Крышталь», што вылучаецца ад Беларусі на «Оскар», працягвае скараць фестывалі і ідзе ў беларускіх кінатэатрах.
Фільмам то захапляюцца, называючы яго
беларускім, то абураюцца, што ён “экспартны”, бачаць у ім святло — і “чарнуху”
адначасова, хваляць за дакладную атмасферу 90-ых — і ганьбяць за суцэльную
неадпаведнасць эпосе. У фільме знаходзяць канфлікт горада і правінцыі, вайну
побыту з марай, мужчынскі гвалт — і жаночую інфантыльнасць.
Але твор Дар’і Жук — гэта цудоўна-забыты дэкаратыўны лебедзь, які трызніць палётам у шкляным серванце. Гэта гісторыя крохкасці ў часы, калі час спыніўся.
І эпоха, і героі, і нават сам фільм — крышталёвыя лебедзі каляровага міжчасоўя.
Мінск, сярэдзіна 90-х. Веля, якая падпрацоўвае ды-джэем, марыць з’ехаць у Амерыку і падрабляе даведку для візы. Цяпер яна мусіць на колькі дзён з’ехаць у правінцыю да незнаёмай сям’і, бо менавіта туды будуць тэлефанаваць з амбасады, каб праверыць анкетныя звесткі. А ў сям’і з мястэчка Крыштальнае рыхтуюцца да вяселля.
У фільме касетныя магнітафоны і тэлефоны з дыскамі, “Песняры” і пераход на Плошчы Перамогі, старэнькі аўтобус, што ледзьве паўзе, кнігі, грувасткія шафы, набітыя крышталём. Атмасфера месца і часу імгненна распазнаецца: гэта Мінск — і гэта 90-я.
Але адначасова ў кадры — яскравыя, як не з гэтага свету — чырвоныя, блакітныя, жоўтыя колеры (аператарка — Караліна Коста). У музеі Азгура статуя Леніна — пякельна-жоўтая бадзёрая пачвара — сочыць за моладдзю, якая весела танчыць. Колеры зялёныя і колеры памаранчава-чорныя — фарбы рэферэндуму 1995 года і культу вечнай вайны — віснуць над гераіняй, якая замаруджана-вязка бяжыць уздоўж мура.
Гэта ўжо не толькі 1995 год — гэта сучаснасць. Час спыніўся, жыццё праходзіць.
Веля — у блакітным парыку і чырвоным паліто — разрывае замарожаны час, але супрацоўніцы крышталёвай фабрыкі — у чырвоных хустках і блакітных халатах — метадычна, паслядоўна гэты час падмарожваюць. Ці не ёсць гераіня крохкім лебедзем, вытачаным на савецкім фабрычным станку?
Веля, якую грае Аліна Насібуліна — летуценная і ўпартая, але ейныя мары яшчэ не знаходзяць глебы, а Амерыка ў галаве выдуманая. Дзяўчына падкрадае ў матулі грошы — і адначасова хвалюецца за здароўе абакрадзенай маці.
Свабода непрытульная і няспелая, але і звычкі састарэлі, а завядзёнка ні да чаго не вядзе. Матуля галоўнай гераіні, ролю якой выканала Святлана Анікей, можа гаварыць пра духоўнасць і паўтараць школьнікам нудную лекцыю пра вайну ў Музеі Вялікай Айчыннай, але кускоў хлеба ў яе ад гэтага болей не стане, а сучаснасць і прышлае не гарантаваныя.
Не гарантаваная прышласць і правінцыйным героям (якая ў іх трасянка!), а іхняя сучаснасць ненадзейная, крохкая. Мужчыны сталага веку — што ў сталіцы, што ў правінцыі — альбо ў сям’і адсутнічаюць (памерлі), альбо бессэнсоўна-бяздзейсныя.
За іх дзейнічаюць кабеты: гатуюць салаты, выцягваюць мужыкоў з пастарунку, робяць прычоскі (сакавіта-камічныя рэплікі дадаюцца).
Малады жаніх (Іван Мулін), які прыйшоў з арміі і ўсхваляе “парадак”, яшчэ моцны і здольны на гвалт, але ягонае прышлае ўжо праглядаецца на дне крышталёвай бутэлькі. А пакуль — ёсць смех і ёсць вяселле. Ёсць стабільнасць і ёсць нязменнасць. Ёсць пацешныя недарэчнасці, звязаныя з гэтай нязменнасцю. Але як з гэтага вырвацца?
Многае тлумачыць апошні кадр, які для беларускага пракату быў выразаны. Гераіня праз аўтобусную шыбу бачыць Чарнобыльскі шлях, дэманстранты крычаць: “Свабода!”. Гэта адзінае сведчанне іншае Беларусі, закаркаванай у міжчасоўі. Без гэтага грамадскага тлумачэння ўсе героі, дый сам фільм — становяцца больш крохкімі.
Стужка Дар’і Жук, якая сама вучылася ў ЗША, — гэта фільм вытворчасці Беларусі, Германіі, ЗША і Расіі. “Цэнзурнае” беларускае апраменьванне сутнасці карціны ўжо не мяняе. У беларускага кіно з’явілася надзея.
Савецкі сервант даўно разбіты. Крышталёвы лебедзь уляцеў.