“Кватэрнікі ў Карла Маркса”: альтэрнатыўная бібліятэка па-магілёўску
У злавесны вечар пятніцы, 13 у цэнтры Магілёва, у памяшканні Цэнтральнай гарадской бібліятэкі імя Карла Маркса, распачаў сваю дзейнасць новы праект пад назвай “Альтэрнатыўная бібліятэка”.
Арганізатар праекта Алена – супрацоўнік магілёўскай гарадской бібліятэкі імя К. Маркса. Алена прызнаецца, што ідэю падгледзела ў Маскве. Там ужо пэўны час заахвочаныя людзі ладзяць рознага кшталту мерапрыемствы (вечарыны, канцэрты, чытанні). І галоўнае, што адрознівае іх ад усіх астатніх, – месца правядзення, а дакладней бібліятэка.
Новыя для Магілёва пачынанні вырашана было ажыццявіць тут. Мэта праекта – гэта так званая “бібліятэка для моладзі”.
Першапачаткова плануецца серыя канцэртаў з мэтай заахвоціць людзей, па-першае, прыйсці ў бібліятэку, па-другое, пачаць чытаць. Алена прызнаецца, што другая задача цяжкавыканальная. Калі атрымаецца хаця б зацягнуць сучасную моладзь у сцены бібліятэкі – гэта ўжо дасягненне. Ну і з цягам часу, спадзяецца аўтар праекта, сама атмасфера, вялікая колькасць кніг і цікавых людзей навокал па-добраму прымусяць пачаць цікавіцца літаратурай… Таму галоўным пастулатам абвяшчаецца “права не чытаць”.
Распачаць ажыццяўленне высокіх пастаўленых мэтаў было вырашана з выступу ў паўакустычным фармаце вядомага гурта “Обаяние невовлеченности” на чале з Алёнай Каўковай. Забягаючы наперад, трэба адзначыць, што жаночы вакал пад гітару ў спалучэнні са скрыпкай і перкусіяй, – тое, што патрэбна для бібліятэкі (канечне, калі вы згодныя з ідэяй, што там можна не толькі чытаць). Паказчыкам гэтага можна лічыць хаця б той факт, што нешматлікія бібліятэчныя заўзятары, якія дагэтуль з сур’ёзным выглядам чыталі газеты і часопісы ў суседняй зале, бліжэй да сярэдзіны імпрэзы падцягнуліся паглядзець мерапрыемства “адным вокам”. Прычым па іх тварах было зразумела, што музыка ім не толькі не перашкаджае, але і нават падабаецца.
Увогуле, выступ атрымаўся задужа камерным (з прычыны зусім невялікага памяшкання), але нягледзячы на гэта (а можа, і дзякуючы гэтаму) вельмі душэўны. У перапынках паміж песнямі музыкі размаўлялі з публікай пра кнігі, Алёна Каўкова расказвала пра свае літаратурныя прыхільнасці і як той ці іншы прачытаны сюжэт паспрыяў напісанню песень. То бок выступ атрымаўся і сапраўды тэматычны.
Пасля канцэрта Алёна Каўкова з задавальненнем каментуе ўласны выступ: “Граць у бібліятэцы – новая для нас рэч. Але вельмі цікавая. Гэта нечым падобна да звычайных “кватэрнікаў”, публіка падобная…” І не без усмешкі дадае: “Але ўсе цвярозыя”.
Сапраўды, хоць публікі было і няшмат, але роўна столькі, колькі памяшканне магло змясціць, і арганізатары, раздаючы запрашэнні, здаецца, гэта ўлічвалі. Да таго ж чырвоны кумач, які служыў своеасаблівым фонам, надаваў мерапрыемству пікантнасці, а развешаныя па сценах савецкага ўзору плакаты з заклікам любіць кнігі, быць адукаванымі і цягнуцца да ведаў нікога не пакінулі абыякавым.
Канцэрт скончыўся агульнымі фотаздымкамі, падзякамі і запрашэннямі на будучыя “паседжанні”. Дарэчы, арганізатар Алена пераканала, што будучыя мерапрыемствы (прынамсі пакуль) мусяць быць бясплатнымі (а ўваход, між іншым, сапраўды быў вольны). З аднаго боку, бібліятэка – установа бюджэтная, і весці камерцыйную дзейнасць ёй, зразумела, складана. А з другога – галоўная мэта не зарабіць, а заахвоціць, зрабіць чытанне прывабнай справай.
Таму арганізатарцы можна пажадаць плёну ў яе цяжкай справе асветы моладзі і барацьбы з невуцтвам. А ўсім астатнім раім падтрымаць высакароднае памкненне і далучацца да будучых мерапрыемстваў, дапамагаць іх арганізоўваць, выступаць ці проста браць удзел у якасці гледачоў, пашыраць і паглыбляць кола аматараў культурнага адпачынку. А што з гэтага атрымаецца – убачым пазней.
Арцём Іваноў, budzma.by
Фота: Марыя Гілёва