Квэст, як дапамога ў разуменні сучаснага мастацтва

Пасля паспяховага запуску квэста ў Нацыянальным гістарычным музеі, velcom вырашыў запусціць квэст і ў Цэнтры сучаснага мастацтва. І трэба сказаць, гэта зноў выдатна атрымалася.

kvest_logo.jpg


Я ніколі не была вялікім аматарам мастацтва, тым больш сучаснага. Мяне больш заўсёды цягнула на літаратуру, музыку і танцы. Але выстава “Усё было інакш”, якая ўжо як амаль месяц экспануецца ў Нацыянальным цэнтры сучаснага мастацтва, усё ж прывяла мяне да яго.


Уявіце, заходжу ў залю — а там пасярэдзіне стаіць пясочніца. А дзе ж эстэтыка і мараль? Як на гэта рэагаваць? Або калі заходзіш у цёмны пакой і проста слухаеш савецкую музыку, якую выконвае жанчына-аматар.


kvest3_logo.jpg



Я прафан у сучасным мастацтве. Таму добра, што з намі па залах хадзіў Канстанцін Селіханаў, працы якога таксама выстаўляюцца тут, і тлумачыў нам кожную інсталяцыю са сваёй пазіцыі, якая, як і наша, з’яўляецца суб’ектыўнай. Аказваецца, пясок тут — сімвал таго, што ісціну не закапаеш ніколі. А музыка — гэта тая шчырасць, якую можна дастаць нават з самай забруджанай душы. “Сучаснае мастацтва напаўняе не канкрэтны холст, але ўсю прастору”, — заключыў Селіханаў.


У назіранні сучаснага мастацтва проста асалодай ад убачанага не абыдзешся. Тут трэба напружваць свае мазгі, памяць, пачуцці, каб зразумець працу мастака, але не той сэнс, які укладаў аўтар, а той сэнс, які бачыш непасрэдна ты.


Мне, як дылетанту ў мастацтве, але ў той жа час як чалавеку, які хоча ў ім нешта зразумець, квэст даў цікавасць і жаданне разбірацца ў сэнсе хаця б той жа пясочніцы.


Школьнікамі мы па прымусу хадзілі ў музеі. Дагэтуль памятаю гэтае адчуванне, калі ты разумееш, што разглядаеш нешта каштоўнае, але ж табе настолькі ўсё адно на ўсе гэтыя каштоўнасці, што ні пра якое іх разуменне не можа ісці і гаворкі. Ты абуджаеш у сабе цікавасць, але яна ніяк не можа ў табе прачнуцца. Таму квэст — добры будзільнік для зацікаўленасці. Зараз любы жадаючы можа зайсці ў Цэнтр сучаснага мастацтва і набыць квэст, які каштуе трыццаць пяць тысяч. Заданні (а іх усяго восем) неабавязкова выконваць на хуткасць. З пытаннямі справіцца нават дзіця. Напрыклад, даецца фрагмент ці сэнс працы, а вы павінны назваць саму інсталяцыю.


kvest2_logo.jpg



Не гледзячы на тое, што я пакуль яшчэ не аматар сучаснага і нават проста выяўленчага мастацтва, пасля квэсту мне захацелася прыйсці ў музей яшчэ, ці, прынамсі хаця б на крышачку там застацца, шукаючы ўсё новы і новы сэнс у адной і той жа інсталяцыі.


Квэст можна прайсці толькі па выставе “Усё было інакш”. І шкада, што толькі па ёй. Баліць сэрца за тых жа школьнікаў, якіх прымушаюць хадзіць у музеі. Квэст — сапраўды добрая альтэрнатыва прымусу. А гуляцца падабаецца далёка не толькі дзецям.


Затое цяпер я змагу пахваліцца новымі азначэннямі і імёнамі, што ствараюць нашае сучаснае выяўленчае мастацтва. І ўсё гэта зрабіў квэст. А калі б квэсты сталі ў нас самай звычайнай справай ва ўсіх музеях, то, мажліва, усе беларусы адказалі б на вулічную апытанку пра тое, хто напісаў Паланэз Агінскага.