aDNaK! раскрые ген беларускага крэатыву
Беларускі бізнэс масава выкарыстоўвае беларускамоўную рэкламу. Аб гэтым паведамілі на прэс-канферэнцыі, прысвечанай старту сёмага фестывалю беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі aDNaK!
![yyd_1062.jpg yyd_1062.jpg](/img/v1/userfiles/images/yyd_1062.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
— Агульная тэндэнцыя ў тым, што стаўленне да беларускай мовы стала больш пазітыўным, — заўважыла каардынатар кампаніі “Будзьма беларусамі!” — ініцыятара фестывалю aDNaK! — Ніна Шыдлоўская. — Адпаведна змяняецца стаўленне бізнэсу да яе. Калі раней нам прыходзілася пераконваць прадстаўнікоў бізнэс-колаў і рэкламістаў больш актыўна ўжываць беларускую мову, то зараз такога катэгарычнага адмаўлення няма. Больш за тое, рэкламныя агенцтвы сталі часцей прапаноўваць сваім кліентам зрабіць яе па-беларуску.
Аб гэтым сведчаць і лічбы. Калі ў першым фестывалі aDNaK! у 2010 годзе было прадстаўлена 105 работ ад 59 удзельнікаў, то ў мінулым годзе іх колькасць дасягнула 370 і 200, адпаведна. Паводле агенцтва MASMI, у 2014 годзе 60 % рэспандэнтаў падтрымлівалі беларускую мову ў афармленні гарадоў і вітрын. Адпаведнае даследванне кампанія “Будзьма беларусамі!” плануе правесці і ў першым паўгоддзі гэтага года.
Штогод фестываль aDNaK! прапануе новую ідэю, звяртаючы ўвагу грамадскасці і прафесійнай супольнасці на актульныя пытанні ў сферы камунікаці і рэкламы. Сёлета такой ідэяй стаў “aDNaK! — ген беларускага крэатыву”.
![yyd_1124.jpg yyd_1124.jpg](/img/v1/userfiles/images/yyd_1124.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Сустаршыня аргкамітэта фестывалю і пастаянны партнёр кампаніі “Будзьма беларусамі” Сяргей Скараход адзначыў, што aDNaK! па сутнасці звярнуўся да сваіх вытокаў, але ўжо на іншым узроўні. Ідэя гена беларускасці ў тым ці іншым выглядзе была асновай і першага фестывалю, калі была вылучана беларускамоўная камунікацыя з усяго таго патоку рэкламы, што існаваў напрыканцы мінулага дзесяцігоддзя. Але сёння ў гэтым кірунку працуюць ужо не рамантыкі-даследчыкі: калі мы кажам пра беларускамоўную і беларускаарыентаваную рэкламу, на першы план выходзяць эфектыўнасць праектаў і бізнэс-вынікі, якія можна назіраць у гэтым сегменце ў сучасных эканамічных абставінах.
![Сяргей Скараход Сяргей Скараход](/img/v1/userfiles/images/yyd_1071.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Сяргей Скараход
Дарэчы, у гэтым годзе спіс намінацый будзе крыху скарочаны, але дадаўся конкурс нерэалізаваных праектаў. Яго ўдзельнікі будуць падаваць тыя працы і праекты, якія ствараліся для рэальных дзеянняў, але па нейкіх іншых прычынах так і не змаглі ажыцявіцца.
Арганізатары заахвочваюць больш актыўна дасылаць заяўкі на традыцыйную намінацыю “Каша Сувораўская”, у якой можа паўдзельнічаць любы чалавек, які заўважыў у рэкламе неадпаведнасць нашай гісторыі.
А старшы капірайтар AIDA Pioneer Branding&Creative Company Аляксей Чарняўскі пажадаў усім раскрыць ген беларускага крэатыву і рухацца ў бок Беларушчыны.
![Аляксей Чарняўскі Аляксей Чарняўскі](/img/v1/userfiles/images/yyd_1247.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Аляксей Чарняўскі
Па словах Ніны Шыдлоўскай, арганізатары фестывалю спадзяюцца, што ён падштурхне шырокія колы грамадства да пераасэнсавання спрадвечных беларускіх сімвалаў праз сучасную рэчаіснасць і чаканні спажыўцоў. Дапаможа зламаць стэрэатып: калі беларускае, значыць, сялянскае. Надасць новае дыханне, новы штуршок, каб шырокае выкарыстанне здабыткаў беларускай культуры і мастацтва стала натуральнай з’явай.
![Ніна Шыдлоўская Ніна Шыдлоўская](/img/v1/userfiles/images/yyd_1218.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Ніна Шыдлоўская
Трэці год запар генеральным партнёрам фестывалю aDNaK! выступае кампанія velcom.Начальнік аддзела карпаратыўных камунікацый кампаніі velcom Вячаслаў Смірноў падкрэсліў:
"Для нас гэта вялікі гонар і адказнасць. Мы адны з першых пачалі здымаць рэкламу на беларускай мове. Варта памятаць, што фестываль aDNaK! — гэта не только рэклама, а ў першую чаргу — сацыяльны праект!"
![Вячаслаў Смірноў Вячаслаў Смірноў](/img/v1/userfiles/images/yyd_1258.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Вячаслаў Смірноў
Дарэчы, падчас фестывалю традыцыйна плануецца разнастайная адукацыйная праграма з удзелам як айчынных, так і замежных рэкламістаў, цікавых асобаў з розных сфер, якія пашыраюць еўрапейскія падыходы і тэндэнцыі, уплываючы на рэкламу і бізнэс-камунікацыю.
![yyd_1098.jpg yyd_1098.jpg](/img/v1/userfiles/images/yyd_1098.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Цырымонія ўзнагароджання пераможцаў фестывалю адбудзецца 30 чэрвеня ў Мінску. Пакуль жа з 5 мая па 10 чэрвеня ідзе прыём працаў ад удзельнікаў.