Лепельшчына: што ні выходныя, то фэст
У бліжэйшы час Лепельскі раён запрашае адразу на 2 фестывалі. 12 жніўня ў вёсцы Вялікі Поўсвіж адбудзецца фэст «Жнівень». А 20 жніўня сам райцэнтр прыме «У госці да Лепельскага цмока».
Пакуль распавядзем пра бліжэйшую
падзею. Фестываль «Жнівень» пройдзе на аграсядзібе «Поўсвіж» (вул. Маладзёжная,
д. 34). Тыя, хто едуць грамадскім транспартам, могуць дабрацца да Лепеля,
патэлефанаваць гаспадару аграсядзібы Васілю Шкіндзеру (нумар ёсць на афішы) — і
наведвальнікаў забяруць у Вялікі Поўсвіж машынай (гэта ўсяго 3 кіламетры на
поўдзень ад горада).
У праграме фестывалю — выступы гуртоў «Варган»(Полацк) і «Паўночная Сухадроўка» (Віцебск), майстар-класы па народных і сярэднявечных танцах. Пакуль пад пытаннем удзел аўтэнтычнага гурта з Ушацкага раёна «Матырыцкая спадчына».
Падчас фэсту будзе працаваць выстава-продаж твораў мастацтва, рамесных вырабаў, а таксама — продаж хатніх прысмакаў, прыгатаваных на жывым агні. Акрамя дзённай плануецца вечаровая праграма. Для ахвочых будзе магчымасць застацца на ноч у намётах ці ў будынках аграсядзібы.
Фэст «Жнівень» прываблівае сваёй рэгіянальнай скіраванасцю: прыязджаюць рамеснікі і мастакі з паўночнай Беларусі. Далёка не ўсіх гэтых творцаў пабачыш на больш «раскручаных» рэспубліканскіх фестывалях. А ў Вялікі Поўсвіж, да сябра Васіля Шкіндзера, едуць з задавальненнем. Штогод далучаюцца новыя ўдзельнікі.
Імпрэза развівае тэматыку жніва: музычныя гурты звычайна арыентуюцца на адпаведны рэпертуар, не забываючыся выконваць і балады пра цмока, што стаў мясцовым брэндам. Сёлета на фестывалі будуць літаратурныя чытанні і фотазона.
Акрамя праграмы, цікавае само месца правядзення фэсту. Вёска стаіць на беразе возера Поўсвіж, недалёка ад яе... капішча Перуна: быў камень-следавік на гары, якую спрадвеку звалі Перуновай, а пасля аднаго з мастацкіх пленэраў на аграсядзібе «Вялікі Поўсвіж» з ініцыятывы Васіля Шкіндзера на гары ўсталявалі фігуру Перуна.
На сядзібе Шкіндзера дзейнічае невялікі этнаграфічны музей. Калекцыю спадар Васіль збіраў сам, па суседніх вёсках і раёнах. Тут і сельскагаспадарчыя прылады, і цэлая выстава ліхтароў, кераміка, прыстасаванні для прадзення і ткацтва. Адны з самых цікавых экспанатаў — цяслярская сякера, што выглядае як сярэднявечная алебарда, польскія вагі міжваеннага часу, якія дасюль працуюць...
Вёска Вялікі Поўсвіж уваходзіць у арэал распаўсюджвання каляднага абрада «Жаніцьба Цярэшкі», узятага пад ахову дзяржавы як нематэрыяльная гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі. Абрад адбываецца на Стары Новы год (ці, цяпер, у бліжэйшую да яго суботу) і ўяўляе сабой жартоўнае вяселле адначасова для шматлікіх пар моладзі. У сваім сімвалічным значэнні гульня «паўтарае» першы на Зямлі, «нябесны» шлюб: Бога і Багіні.
Калі на большай частцы тэрыторыі Беларусі асноўным калядным дзеяннем з'яўляецца абыход двароў, калядаванне, то ў Паўночнай Беларусі — менавіта «Жаніцьба Цярэшкі». Лепельскі раён з'яўляецца эпіцэнтрам захаванага старажытнага абраду. Васіль Шкіндзер падтрымлівае святкаванне ў мясцовым клубе, грае на дудзе, удзельнічае ў абрадзе як Бацька, што падбірае пары. Бацька і Матка — бадай што галоўныя персанажы гульні, на іх спрыце і дасведчанасці трымаецца абрадавае дзеянне. Дарэчы, і падчас фестывалю «Жнівень» Васіль Шкіндзер, бывае, грае на дудзе і далучаецца да танцаў.
Прыязджайце на «Жнівень», і, калі вам спадабаецца ў Вялікім Поўсвіжы, далучайцеся да іншых імпрэз!
Фота з фестывалю «Жнівень» 2014 г. Алены Ляшкевіч і Кацярыны Ціхановіч