Мацней за «Песняроў»

… мог бы «стрэліць» беларускі музычны праект «Сузор’е». Чаму мог і чаму не стрэліў — пра гэта гутарка з Паўлам Харэвічам, былым фронтмэнам і салістам легендарнага мінскага гурта.

 «Сузор’е» 1990 год. Першы шэраг, злева направа: Андрэй Філатаў, Павал Харэвіч, Нэлі Дзянісава; другі шэраг – Андрэй Казлоўскі і Аляксандр Несцяровіч. Фота з архіва Паўла Харэвіча.

 «Сузор’е» 1990 год. Першы шэраг, злева направа: Андрэй Філатаў, Павал Харэвіч, Нэлі Дзянісава; другі шэраг – Андрэй Казлоўскі і Аляксандр Несцяровіч. Фота з архіва Паўла Харэвіча.


Спадар Павал жыве ў Брэсце. «Сузор’е» ж грымела ў бээсэсэраўскім Мінску яшчэ ў час маёй вучобы ў «ін’язе», сёння — Лінгвістычным універсітэце. Я зазвычай парыўся ў лазні на Хмяльніцкага і праходзіў міма кафэ з нязвыклым на тыя часы беларускім назовам «Сузор’е». А там шуму, чутак… Здаўна люблю рок-н-рол, і цяпер, падбіраючы дачцы да ведама нейкія ўзоры року «як тады», выйшаў на майго суразмоўцу даволі выпадкова, паводле прозвішча\імя і роду заняткаў. Тут, у Брэсце, Павал Харэвіч не трымаецца ў цяню, акрамя адміністратыўнай культурніцкай працы (быў загадчыкам клуба, потым Цэнтра культуры і адпачынку) грае музыку. Неяк адразу перайшлі на «ты».
— Як атрымалася быць у «Сузор’і»?
— Мы тут у Брэсце гралі камандай у кавярні, якую ахрысцілі ў народзе «Мантана», бо кіроўцы-міжнароднікі мелі звычку хадзіць. А наш клавішнік з Сузор’еўскім разам вучыўся ў кансерваторыі. Шукалі ў 1989 годзе вакаліста, дык запрасілі мяне на праслухоўванне. Падыйшоў. Тры гады аддаў, як лёду.
— Чытаў у сеціве, што на Харэвіча многія дзяўчаты запалі, адмыслова хадзілі. Што, была такая слава?
— Што прыхоўваць, была папулярнасць такая. Але на той час быў ужо жанаты.
— Чым быў адметны гурт?
— Усе як адзін былі з вышэйшай адукацыяй. І — мы гралі сапраўдны хард-рок.
— А людзі паасобку?
— Песні амаль усе рабіў Валянцін Пучынскі. Гралі браты Казлоўскія, Андрэй і Аляксей. Салістка была Нэлі Дзянісава. Андрэй Філатаў бубначом, прадзюсер Ігар Мілюцін, ён арганізоўваў гастролі. Каталіся па ўсім Савецкім Саюзе, ад Беларусі да Сібіру. Тады «гурты» новым павевам былі, карысталіся шалёнай папулярнасцю. А мы — першы ў Беларусі прафесійны ансамбль. Хоць рок-н-рол і забаранялі па-ўсялякаму, а мы, бадай што, адзіныя, хто «рок» пісалі на афішах.
— Хто натхняў?
— Вядома, заходнія выканаўцы. Deep Purple, іншыя… Пагатоў, што тут у Брэсце ды і ў Мінску доступ да заходняй музыкі не быў праблемай. Тыя ж «дальнабойшчыкі» ў «Мантану» «пласты» прыносілі — бяры, калі ласка, абы грошы. Але мы і самі былі не дзеці ўжо далёка, з уласным досведам і бачаннем. Я ж у арміі за мяжой служыў, у Польшчы, у аркестры граў. Калі прыйшоў у «Сузор’е», быў самым маладым, 30 размяняў нядаўна. «Малакасос» далі мянушку, ну, ды не за гэта. Люблю малако, на гастролях у кожным новым горадзе адразу яго стараўся знайсці.
— Ведаю, што цяпер на саксафоне часам граеш. Там быў салістам. Што яшчэ ў багажы?
— Сакс, бо музвучэльню тут па кларнету скончыў, а яны роднасныя. Клавішныя магу таксама. На гітары.
— Тады ў БССР — хто быў у поп-музыцы якога росту?
— Сапраўднай папулярнай музыкі практычна не было, «Песняры» мелі ўжо рост, так, але ж гэта фолк-рок, лубочнага ладна да таго ж, а сапраўдны жорсткі рок толькі «Сузор’е» грала. «Верасы», «Сябры» пачыналіся толькі, дый яны іншае… Гэта як параўноўваць лядоўню, тэлевізар з посудамыйкай.
— Калі «Сузор’е» было так высока, то чаму «Песняры» ва ўсіх на слыху і ў памяці, а вы не? Тармазнулі вас? Самі тармазнуліся?
— Улады нас не асабліва любілі, так. Бо хард-рок — гэта пратэст. Таму «Песнярам» дазвалялася лёгка, а нам… Не скажу, што нам наступалі на горла зусім. Ездзілі ж усюды, і на гастролях спявалі, што не зацверджана ў рэпертуары было. Лучанок, яшчэ скажу, паспрыяў. Праслухаў і сказаў: «Добра, што ў Беларусі засталася рок-музыка».  
— Як суадносіліся вы і камсамол?
— Мяркую, што беларускія камсамольцы не былі зусім дурнымі, агалцелымі. Іхняя тактыка была: «Нешта новае, не ад нас? Узначаліць». Таму «Сузор’ю» і саступілі кавярню ў цэнтры Мінска, а потым паспрыялі перайсці ў штат філармоніі. Яны тады рэсурсы мелі, маглі апаратуру класную дастаць хаця б. Не тое, што БРСМ цяпер. Гэтыя толькі на турзлёт могуць узяць гарэлкі папіць.
— У філармоніі, наколькі ведаю, гралі вы строга зацверджаную праграму?
— Было такое, асабліва перад маім прыходам. На канцэрце ў Гомлі напрыканцы 1980-х нехта з хлопцаў выкінуў са сцэны пальцамі лацінскае V, маўляў «victory», перамога, дык тамтэйшыя гэбісты ўмянілі ў віну, што зігаваў, і на год забаранілі выступы. Гралі акампанемент салісткам філармоніі Святлане Кульпе ды Надзеі Мікуліч, дык на афішы прапісвалася проста «в сопровождении инструментального ансамбля», і канферансье не аб’яўляў.
— А ці прыходзілі з камітэту пакіраваць? Апасля?
— Такога не помню. Ды і адкуль мне асабліва ведаць. Мне ж тэлефанавалі — і я з Брэста на гастролі, на рэпетыцыю. На станцыі юных тэхнікаў база для рэпетыцый наша была, на вуліцы Макаёнка, насупраць тэлебачання. А жыў тут, з жонкай і двума дзецьмі. Вельмі апасля мне падпалкоўнік у адстаўцы з іхніх паказаў спіс рок-груп, забароненых у СССР. «Сузор’я» там не было.
— А магло быць так, што сігнал з Гомля фармальнай падставай быў? Бо падножка, пагадзіся, магутная — на цэлы год адлучыць ад сцэны.
— Такое магло быць, бадай што. Мы ж для ўлад што бяльмо на воку былі. Адзін «Король и шут» чаго варты (дэкламуе): «Пускай народ хохочет всласть, // Но власти бьёт челом. // А шут, он шут — захватит власть, // Сам станет королём! // Лишь только он взойдёт на трон, // Настанет скорбный час, // Ведь не сумеет править он // Без шутовских гримас. // Кто б ни сидел на троне — //Люди всегда поймут: // Шут в золотой короне — // Это лишь только шут».

Павал Харэвіч у брэсцкай студыі «Буг Бэнд». Фота аўтара.

Павал Харэвіч у брэсцкай студыі «Буг Бэнд». Фота аўтара.

— Чытаў пра 12 скандальных беларускіх песень паводле версіі музычнага парталу «Тузін Гітоў», дык акурат дванаццатую пазіцыю там займае песня Валянціна Пучынскага «Невежество» з такімі словамі: «Уже зима, поля еще не жаты, кто виноват — ансамбли виноваты».
— Так, потым «Сузор’е» расфарміравалі ў першы раз. Але не з-за гэтага акурат. Пастанова ЦК КПСС у 1983 годзе выйшла супраць рок-музыкі, амаль усе ВІА (вакальна-інструментальныя ансамблі — Я.Б.) растрэслі-прыкрылі, як помню.
— Чуў яшчэ версію, што ў СССР баяліся нацыянальнага ажыўлення. І беларускія ўлады прыкрыліся Мулявіным. Маўляў, рускі чалавек, не праблемны ў гэтым плане. Хай творыць-ваяе. А ў «Сузор’і» ж усе тутэйшыя беларусы былі?
— Мінчукі былі ўсе, акрамя мяне. Але на той час збольшага па-руску «Сузор’е» спявала.
— На карысць папярэдняй версіі гаворыць яшчэ, што былі забаранілі «Сузор’ю», да твайго прыходу, афіцыйна працаваць над прапанаванымі Адамам Мальдзісам сярэдневечнымі нотамі «Полацкага сшытка» і над рокавай версіяй паэмы «Песня пра зубра» Міколы Гусоўскага. Я ў падборку скінуў з сеціва «Панну Марыю». Гэта акурат з рок-оперы «Песня пра зубра». Там вакалістам Павал Харэвіч пазначаны?
— Так. Сапраўды, даўно задумвалі зрабіць, але атрымалася толькі ў 2008-м, пасля сямі гадоў перапынку. Сабраліся і запісалі. Я і па-польску, і па-беларуску магу спяваць, без праблем. Хоць беларускую мову ненавідзеў, было. Не таму, што нарадзіўся ў Амурскай вобласці. Калі пераехалі ў Камянец, настаўнік мне гэтую нелюбоў прывіў. Торгаў усяляк, кпіў за дысцыпліну, ушчыпнуць мог балюча. Але калі пасля арміі я з ім на чысцюткай беларускай мове ўсчаў — вось быў шок.
— Памяняўся светагляд?
— Так. Стаў больш дарослым, разабраўся, што да чаго.
— Што са створанага «Сузор’ем» ставіш найвышэй?
— «Кароль і блазан», вядома. Класіка, гэта значыць актуальна (Сядае да сінтэзатара і грае, падпяваючы). «Панну Марыю» назаву таксама. Яе Падбярэзскі паставіў у топ. І яшчэ мабыць такое. Калі быў путч камуністычны ў 1991 годзе, гастралявалі ў Крыме. Дык Валянцін (Пучынскі — Я.Б.) напісаў песню «Боб Ельцын рок» у падтрымку. Версія ў сеціве ёсць — я там салістам (Наігрывае пару радкоў). Але гэта асаблівае.
— А як так адбылося, што зайшло-закацілася «Сузор’е»?
— Я фаталіст паводле светагляду. Лічу, што трэба дакладна трапіць у свае прастору і час. Нам проста аб’явілі: маўляў, закрываемся. Няма фінансаў. Саюз разваліўся, у Беларусі іншыя рэаліі. Хаця і ў Саюзе па-рознаму было. І «за палкі» канцэрты давалі, 12 рублёў пяцьдзясят капеек плюс сутачныя тры пяцьдзясят, і за сто рублёў.
— Не атрымалася назбіраць на пераезд у Мінск?
— Не. Асабліва калі сям’я — гэта няпроста. А на нешта ж жыць трэба. Давялося зноў па рэстаранах: «Пекін», «Масква»… Але я ўсюды рок-складнікам! Нядаўна зрабілі хард-праект Whiskey way, гурт — хэдлайнер фестывалю «Азбука року», які праходзіць у Мінску. Там старэйшы мой спявае. Разава атрымлівалася ў рок-кавярні «Акадэмія» граць, ну ды бізнес цяпер музыкаў не вельмі можа падтрымліваць. Дзяржава дапамагае. «Буг Бэнд» — ён жа і класічным дыксілендам быў, з поўным вялікім складам, і меншы цяпер, граем пад «мінусоўку». Дык маем статус народнага, тры стаўкі нам даюць. Праўда, раз у тры гады пацвердзіць яго трэба.
— А што цяпер робяць былыя сузор’еўцы?
— Нэлі Дзянісава, Аляксей Казлоўскі і Андрэй Філатаў пасля 1991-га стварылі англамоўны праект «Зіндан», паўгода спявалі ў сталіцы Непала Катманду ў казіно. Нэлі цяпер рэгент царкоўнага хору. Аляксей адразу пасля першых прэзідэнцкіх выбараў з’ехаў у ЗША. Цяпер у Нью-Ёрку. Валянцін Пучынскі таксама быў з’ехаў у ЗША, у Чыкага. Да вялікага жалю, памёр у маладым веку яшчэ. Несцяровіч і Андрэй Казлоўскі ў Мінску. Зрэдку ладзяць клубоўнікі — гэта пра каго ведаю.
— Што хацелася б сказаць, пра што не казалі?
— «Сузор’е» было для мяне школай стаўлення да людзей, музыкі, прафесіі. Не хочацца жыць у краіне, дзе музыка займаецца палітыкай, бо гэта сігнал: тут нешта не ў парадку. Ну ды бывае, і трэба даць такі сігнал. У «Сузор’і» гэта так ці іначай гучала. Сказаў і я з сынам — у сеціве ёсць. Пра Сяргея Фаміна, расстралянага паэта, на «Тузіне гітоў» або пра наш 2017 год у Юцьюбе. З нагодаю, прыходзьце на канцэрты!
Дадам да гутаркі крыху аўтарскага. У мяне асабіста ёсць стойкае ўражанне, што мы ў (пост)савецкай задусе страцілі і працягваем страчваць нешта важкае, што ўдалося атрымаць і дапамінава перажыць за адносна кароткі біялагічны свой век такім сама людзям, як мы, на Захадзе. Несправядліва! Дыскрымінацыя, абдзялёж!! Скончу тым, з чаго пачалася мая гутарка з Паўлам Харэвічам. Прачытаў яму верш з маёй кнігі з назовам [»На пераломе»] і зместам, сугучным нашай размове. Дык і табе, цярплівы чытач, што заставацца без падарунка!
СЛУХАЮЧЫ РОК-АРХІЎ
Аляксандру М.О року першаснага шчыры гук!Як нагружае мэтр клавіятуруі як сабачую бубнач ўрабляе скурупад рытм гітар. Які вітальны стук!!!
О зладнае гітар жыццё!Схавана-дынамічная іх песня.Яны гармоніяй грымотна-весняйдушу не адпускаюць ў забыццё.
Дык што ўваччу сляза стаіць, сябрук?Няйначай зноў зусім мы маладыя – бо грае КРЫДЭНС мроі залатыя,і душ маршчыны ды шнары лякуе гук.