Каля 100 праціўнікаў акумулятарнага заводу сабраліся на цэнтральнай плошчы Брэста

Каля 100 праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага заводу сабраліся ў цэнтры Брэста 16 лютага, паведамляе Свабода са спасылкай на агенцтва БелаПАН.

Адзін з мітынгаў у Брэсце

Адзін з мітынгаў у Брэсце

Міліцыя папярэдзіла ўдзельнікаў акцыі пра адказнаць, але затрыманняў не было.
Такія сустрэчы праходзяць на плошчы Леніна ў абласным цэнтры кожную нядзелю з 25 лютага 2018 году.
Паводле падлікаў праваабаронца Рамана Кісляка, у 12.40 на плошчы было каля 100 чалавек. Міліцыя праз мегафон папярэджвала іх аб адказнасці за правядзенне несанкцыянаванай акцыі.
Людзі, якія сабраліся на плошчы, абмяркоўвалі пачатак разгляду 14 лютага ў судзе справы ў дачыненні да Юліі Якаўчык.
Паводле матэрыялаў справы, абвінавачаная займала кіруючую пасаду ў Брэсцкай абласной лабараторыі аналітычнага кантролю «Рэспубліканскага цэнтра аналітычнага кантролю ў галіне навакольнага асяроддзя». Яна двойчы ўнесла загадзя ілжывыя звесткі ў пратакол правядзення вымярэнняў, якія пацвярджаюць факт захавання акумулятарным заводам ТАА «АйПауэр» заканадаўства аб ахове навакольнага асяроддзя.
Актывісты прыйшлі 14 лютага на першае судовае пасяджэнне, у іх ліку быў і праваабаронца Раман Кісляк.
«Гэта адна з крымінальных справаў, якія расследавала Генэральная пракуратура ў 2019 годзе. Усе гэтыя справы павінны дайсці да суда і прадэманстраваць, як асобныя чыноўнікі хаваюць небяспеку гэтага прадпрыемства для здароўя людзей, — сказаў Кісляк у камэнтары БелаПАН. — На заводзе прайшлі толькі пусканаладкавыя работы, а ўжо ідзе падтасоўка вынікаў выкідаў шкодных рэчываў. Мы не застрахаваныя ад паўтарэньня ў выпадку запуску прадпрыемства. Калі гэты сьвінцовы завод не прыбраць, ён будзе нас цкаваць, а нам будуць распавядаць, што выкідаў амаль няма. Такі завод берасцейцам не патрэбны».
У сваю чаргу актывістка Алена Макарэвіч лічыць, што «прасочваецца сістэма жульніцтва бізнэсу: укараніць ва ўсе структуры, якія ім патрэбныя, сваіх людзей і карыстацца гэтым у сваіх інтарэсах».
Сход на плошчы Леніна ў Брэсце скончыўся без затрыманняў. Актывісты прайшліся цэнтрам гораду да кінатэатра «Беларусь».