Магдалену Радзівіл перапахаваюць у Мінску ў сярэдзіне лютага

Атрыманыя ўсе неабходныя ўзгадненні на перапахаванне праху Магдалены Радзівіл у Мінску. Цырымонія пройдзе ў сярэдзіне лютага, прыедуць прадстаўнікі сям’і Радзівілаў, а таксама прамыя нашчадкі Магдалены.

26993887_1462749873851331_9089031283167375738_n.jpg


Пра гэта на сваёй старонцы ў фейсбуку паведаміў Глеб Лабадзенка.
Месца, дзень і час будуць абвешчаныя пазней, па ўзгадненню са святаром. Будзе магчымасць прысутнічаць усім ахвочым.
«Вяртанне праху на родную зямлю і выкананне апошняй волі найвялікшай мецэнаткі беларускай культуры пачатку ХХ стагоддзя — вялікая падзея для нашай культуры!» — адзначае Лабадзенка.
Марыя Ева Магдалена-Іосіф Эльжбета Апалонія Катажына Радзівіл, народжаная Завішы, у першым шлюбе Красінская нарадзілася 8 ліпеня 1861 года ў Варшаве. У 1906 годзе выйшла замуж за маладзейшага на 19 год Мікалая Радзівіла (1880-1914), які быў актыўным збіральнікам беларускага фальклору.
Кватэра Магдалены ў Мінску (справа ад Чырвонага касцёла, дом захаваўся), як і палац у Кухцічах, была месцам сустрэчы беларускай інтэлігенцыі.
Магдалена Радзівіл фінансавала беларускія школы, выхад газеты “Наша Ніва”, першыя кнігі Максіма Багдановіча, Якуба Коласа, Канстанцыі Буйло ды іншыя выданні суполкі “Загляне сонца і ў наша ваконца.
Яна плаціла стыпендыю студэнтам-беларусам, якія навучаліся ў Пецярбургу, апякалася тамтэйшай беларускай бібліятэкай. У 1918 годзе горача падтрымала стварэнне Беларускай Народнай Рэспублікі.
Пасля заняцця Мінска бальшавісцкімі войскамі Магдалена выехала ў Варшаву. У 1919 спрабавала вярнуцца ў Мінск, але атрымала адмову новых уладаў. Змяніўшы некалькі месцаў жыхарства, у 1932 годзе яна прыехала ў Фрыбург (Швейцарыя), адкуль працягвала падтрымліваць некаторыя беларускія суполкі.
Памерла Магдалена Радзівіл 6 студзеня 1945 года ў кляштары сясцёр дамініканак. Пахаваная ў Фрыбургу.
Летась прах Магдалены Радзівіл прывез у Беларусь з Швейцарыі Аляксандар Сапега — намеснік старшыні Асацыяцыі беларусаў Швейцарыі.