Мінкультуры дазволіла ўвезці ў Беларусь помнік Касцюшку

Помнік Тадэвушу Касцюшку будзе ўсталяваны на тэрыторыі мемарыяльнага музея-сядзібы ў вёсцы Мерачоўшчына Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобласці. Сродкі на яго былі сабраныя грашовымі ахвяраваннямі людзей. Гэтая ініцыятыва належыць Глебу Лабадзенку.

screenshot_from_2018_01_27_15_07_09.png


Як паведамляе БЕЛТА, Міністэрства культуры выдала дазвол на ўвоз помніка з Украіны, дзе ён быў выраблены.
"Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь падтрымала прапанову на ўвоз помніка Тадэвушу Касцюшку з бронзы вышынёй 2,2 м. Гэты твор манументальнага мастацтва ўвойдзе ў склад фонду музея і стане годным набыццём для пастаяннай калекцыі музея-сядзібы", — адзначылі ў ведамстве.
Гэта першы помнік Тадэвушу Касцюшку ў Беларусі. Сядзіба Тадэвуша Касцюшкі была знішчана ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Брэсцкі аблвыканкам прыняў рашэнне аб аднаўленні сядзібнага дома і стварэнні мемарыяльнага музея. Будынак быў пабудаваны на падмурку XVIII стагоддзя па малюнках XIX стагоддзя, ўрачыстае адкрыццё дзяржаўнага музея адбылося ў верасні 2004 года.-